Флаг
Логотип

Кароткая гістарычная даведка

На мяжы 80-90 гадоў ХХ стагоддзя найбольш баяздольнай часткай Узброеных Сіл СССР з'яўляліся злучэнні і аб'яднанні паветрана-дэсантных войскаў. Яны з'яўляліся высокамабільным родам Сухапутных войскаў і прызначаліся для выканання задач у тылу праціўніка. Згодна з баявым статутам, фарміраванні паветрана-дэсантных войскаў павінны былі вырашаць шырокі пералік задач як у інтарэсах сухапутных групіровак у цесным узаемадзеянні з імі, так і самастойна.

Палітычныя змены, якія адбыліся ў свеце ў канцы ХХ стагоддзя, а пасля развал Савецкага Саюза, прывялі да стварэння шэрагу самастойных дзяржаў, у тым ліку і Рэспублікі Беларусь. На яе тэрыторыі размяшчаліся 103-я паветрана-дэсантная дывізія і 38-я дэсантна-штурмавая брыгада, 5-я асобная брыгада спецыяльнага прызначэння, якія ўвайшлі ў склад Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Перад ваенным і палітычным кіраўніцтвам краіны стаяла няпростая праблема захавання гэтых злучэнняў і пераасэнсаванне задач, якія ім мэтазгодна выконваць. Гэта было прадыктавана абвяшчэннем Рэспублікай Беларусь Ваеннай дактрыны, якая носіць асабліва абарончы характар. Рэфарміраванне Узброеных Сіл краіны, якое рушыла за гэтым, не абыйшло бокам паветрана-дэсантныя злучэнні. У выніку яны былі перафарміраваны ў асобныя мабільныя брыгады, а на іх базе былі створаны мабільныя сілы. Згодна з кіруючым дакументам таго перыяду мабільныя сілы з'яўляліся родам Сухапутных войскаў, які быў прызначаны для прыкрыцця стратэгічнага разгортвання Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, зрыву спецыяльных аперацый праціўніка і выканання іншых задач, якія ўзнікаюць раптам.

Працэс асэнсавання ролі зноў створаных фарміраванняў у сістэме Узброеных Сіл прайшоў складаны шлях. Першапачаткова, у сярэдзіне 90-х гадоў ХХ стагоддзя, гэтыя злучэнні планавалася выкарыстоўваць аналагічна агульнавайсковым. У ходзе вучэнняў тых гадоў злучэнні мабільных сіл часцей за ўсё выкарыстоўваліся для вядзення абарончых і наступальных дзеянняў, прыкрыцця асобных кірункаў. Іх галоўныя козыры - імклівасць, націск, высокая манеўранасць, боегатоўнасць і баяздольнасць - заставаліся незапатрабаванымі. Аднак пасля правядзення шэрагу даследаванняў, былі вызначаны асноўныя задачы мабільных сілаў як у мірны, так і ў ваенны час.

Вынікам карпатлівай работы стала далейшае рэфарміраванне мабільных злучэнняў і сістэмы кіраўніцтва імі. Першым крокам на гэтым шляху была рэарганізацыя камандавання мабільных сіл і злучэнняў, прамое падпарадкаванне мабільных брыгад Генеральнаму штабу Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь і стварэнне ў аператыўным упраўленні аддзела сіл спецыяльных аперацый. У пачатку 2004 года, у сувязі з далейшым павышэннем ролі сіл спецыяльных аперацый у сучасных войнах, было створана ўпраўленне сіл спецыяльных аперацый Генеральнага штаба Узброеных Сіл, ажыццяўлены кардынальныя змены арганізацыйна-штатнай структуры мабільных злучэнняў і часцей. 1 жніўня 2007 года на базе ўпраўлення было створана камандаванне сіл спецыяльных аперацый Узброеных Сіл.

У цяперашні час у ваеннага кіраўніцтва дзяржавы склалася стройная сістэма поглядаў на вядзенне спецыяльных дзеянняў і прымяненне сіл спецыяльных аперацый Узброеных Сіл дзяржавы. Тэарэтычныя і практычныя распрацоўкі ў гэтай сферы ваеннага мастацтва працягваюцца і будуць развівацца далей.

Сілы спецыяльных аперацый ўяўляюць сабой спецыяльна створаныя, навучаныя і абсталяваныя злучэнні, воінскія часці і падраздзяленні Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, якія прызначаны для вырашэння спецыяльных задач у інтарэсах дасягнення палітычных, ваенных, эканамічных і псіхалагічных мэтаў.