У Беларусь прыбыла першая пара баявых самалётаў Су-30 СМ

13 лістапада на авіяцыйную базу (г. Баранавічы) прыбыла першая пара з 12 запланаваных баявых знішчальнікаў Су-30 СМ.

Кантракт на іх пастаўку быў заключаны паміж нашымі краінамі ў 2017 годзе. Абнаўленне парку ваеннай тэхнікі Узброеных Сіл з'яўляецца вынікам шматгадовага ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй.

У чэрвені 2017 года Беларусь і Расія прынялі рашэнне аб закупцы 12 найноўшых знішчальнікаў Су-30 СМ вытворчасці карпарацыі «Іркут». Канчатковы контур трохгадовага дагавора быў узгоднены падчас 9-й Міжнароднай выставы ўзбраення і ваеннай тэхнікі MILEX-2019, якая праходзіла ў Мінску ў маі гэтага года. На працягу кожнага года нашы ВПС і войскі СПА будуць папаўняцца адным авіяцыйным звяном з чатырох самалётаў.

Рашэнню аб прыняцці на ўзбраенне самалётаў такога тыпу папярэднічаў цыкл навукова-даследчых работ па фарміраванні аблічча беларускай арміі на сярэднетэрміновую перспектыву, выкананых вучонымі Навукова-даследчага інстытута Узброеных Сіл па заказу Міністэрства абароны Беларусі.

Не выпадковы выбар менавіта расійскіх сістэм узбраення. Раней саюзнікі паставілі ў нашу краіну зенітныя ракетныя комплексы С-300, затым найноўшую сістэму СПА «Тор-М2», а сухапутны кампанент беларускай арміі папоўніўся мадэрнізаванымі танкамі Т-72 БЗ.

Важнае значэнне для вызначэння тыпу перспектыўнага знішчальніка мела сістэма падрыхтоўкі лётнага складу. Беларусь ужо закупіла 12 вучэбна-баявых самалётаў Як-130, вырабленых тым жа Іркуцкім авіяцыйным заводам. Гэты самалёт з'яўляецца вучэбна-трэніровачным комплексам для асваення знішчальнікаў сямейства Су-30. У авіяцыйных часцях набыты вопыт эксплуатацыі самалёта Су-27, правобразу Су-30. Да таго ж двухмесны Су-30 СМ можа выкарыстоўвацца як для выканання баявых задач, так і для падрыхтоўкі лётчыкаў.