У 2001 годзе быў створаны новы від Узброеных Сіл - Ваенна-паветраныя сілы і войскі супрацьпаветранай абароны, які стаў пераемнікам гісторыі і слаўных традыцый як Ваенна-паветраных сіл, так і Войскаў супрацьпаветранай абароны.

Сваю гісторыю войскі СПА Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь пачынаюць з 1941 года, калі ў г. Куйбышаве была сфарміравана 5-я дывізія СПА на базе часцей Маскоўскага корпуса СПА. Пасля некалькіх рэарганізацый 30 чэрвеня 1960 года, згодна з Дырэктывай Галоўнакамандуючага войскамі СПА краіны ад 24 сакавіка 1960 г. была створана 2-я Асобная армія СПА, у склад якой увайшлі 27-ы Рыжскі і 11-ы Баранавіцкі карпусы СПА. Асабоваму складу адным з першых была даверана навейшая зброя: ЗРК С-300 і С-200, самалёты Су-15 і МіГ-25 П.

У 1974 г. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР 2-я Асобная армія СПА была ўзнагароджана ордэнам Чырвонага Сцяга.

У 2000 г. Войскі СПА Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь былі ўзнагароджаны Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Ваенна-паветраныя сілы Рэспублікі Беларусь былі ўтвораны ў 1992 годзе, на базе 26-й паветранай арміі. Гісторыя і баявы шлях арміі непарыўна звязаныя з гісторыяй ВПС Заходняга фронту, на базе якіх у маі 1942 года і была сфарміравана 1-я паветраная армія. У 1949 годзе аб'яднанне было пераназвана ў 26-ю паветраную армію.

Злучэнні і воінскія часці паветранай арміі ўдзельнічалі ў Арлоўскай і Смаленскай аперацыях, вызваленні Беларусі, Прыбалтыкі, Польшчы, прымалі ўдзел у Берлінскай аперацыі.

За гады вайны лётчыкамі Заходняга фронту і 1-й паветранай арміі было здзейснена 300.000 баявых вылетаў, знішчана больш за 5 тысяч варожых самалётаў, звыш 3 тысячы танкаў, 3 тысячы адзінак артылерыі, амаль 30 тысяч аўтамашын і бронетранспарцёраў.

Сярод ваеннаслужачых беларускага авіяаб’яднання 56 лётчыкаў здзейснілі паветраныя тараны самалётаў праціўніка. Больш за 160 выхаванцаў ВПС Заходняга фронту, 1-й Паветранай арміі былі ўдастоены высокага звання Героя Савецкага Саюза, 18 лётчыкаў удастоены гэтага звання двойчы, а 18000 авіятараў узнагароджаны ордэнамі і медалямі. У гераічную гісторыю 1-й Паветранай арміі навечна ўпісаны імёны 46 поўных кавалераў ордэна Славы.

За ўзорнае выкананне баявых заданняў, праяўленую пры гэтым вайсковую доблесць двум злучэнням і 5 асобным палкам былі прысвоены гвардзейскія званні. 44 часці былі ўдастоены ганаровых найменняў: "Маскоўская", "Смаленская", "Віцебская", "Мінская", "Гродзенская", "Кёнігсбергская" і іншыя. За вызваленне Беларусі 8 авіяцыйным карпусам, 24 авіяцыйным дывізіям, 59 авіяцыйным палкам былі прысвоены ганаровыя найменні 19 беларускіх гарадоў.

У пасляваенны перыяд асабовы склад аб'яднання, памнажаючы славу старэйшых пакаленняў авіятараў, з годнасцю працягваў выкананне воінскага абавязку. Ваенныя авіятары з гонарам выканалі свой інтэрнацыянальны абавязак у Афганістане, Карэі, В'етнаме, Егіпце, Анголе, Сірыі, Йемене, Эфіопіі, Кубе, Лаосе і Камбоджы.

Больш за 400 прадстаўнікоў ВПС прымалі ўдзел у ліквідацыі наступстваў на Чарнобыльскай АЭС.

Ва ўдзячнай памяці народа навечна застанецца подзвіг, які здзейсніў лётчык 61-й заб падпалкоўнік Уладзімір Карват. 23 мая 1996 года ён цаной свайго жыцця не дапусціў падзення самалёта на населеныя пункты пад Баранавічамі. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за мужнасць і гераізм, праяўленыя пры выкананні воінскага абавязку, падпалкоўніку Карвату У.М. першаму ў Рэспубліцы Беларусь было прысвоена званне "Герой Беларусі" (пасмяротна).

Стварэнне новага віду Узброеных Сіл дзяржавы стала вынікам аб'яднання Ваенна-паветраных Сіл (камандуючы - генерал-маёр авіяцыі Булыгін С.К.) і Войскаў СПА (камандуючы - генерал-лейтэнант В.У.Кастэнка). У аснову сфарміраваных ВПС і войскаў СПА былі пакладзены вынікі, якія былі атрыманы ў ходзе глыбокіх тэарэтычных даследаванняў у галіне вядзення ўзброенай барацьбы ў сучасных умовах. На практыцы і ў якасці эксперыменту праца аб'яднанага штаба ВПС і войскаў СПА ўпершыню была апрабавана ў ходзе вучэння «Нёман-2001».

Камандуючым ВПС і войскамі СПА з моманту стварэння новага віду Узброеных Сіл з'яўляўся генерал-лейтэнант Пафераў А.С.

21 снежня 2001 года ВПС і войскі СПА перайшлі на новую арганізацыйна-штатную структуру.

2002 год стаў першым годам станаўлення Ваенна-паветраных сіл і войскаў СПА як новага віду Узброеных Сіл. На працягу года многія пытанні даводзілася вырашаць з даданнем слова «ўпершыню», што, адпаведна, накладвае дадатковую адказнасць і пэўныя цяжкасці.

Рэальна ацэньваючы важнасць аператыўнасці кіравання сіламі і сродкамі выяўлення і паражэння паветранага праціўніка, у 2002 годзе было ажыццяўлено фарміраванне двух аператыўна-тактычных камандаванняў ВПС і войскаў СПА - Заходняга і Паўночна-заходняга.

Аператыўна-тактычныя камандаванні, якія былі створаны ў ходзе комплексных вучэнняў, правялі баявыя стрэльбы на палігоне Расійскай Федэрацыі «Ашулук», чым пацвердзілі правільнасць абранага шляху нарошчвання сістэмы кіравання ВПС і войскамі СПА. Павысіліся аптымальнасць размеркавання задач і функцый паміж органамі кіравання рознага ўзроўню, эфектыўнасць кіраўніцтва падпарадкаванымі злучэннямі і воінскімі часцямі.

На вучэнні «Бярэзіна-2002» камандаванне ВПС і войскаў СПА працавала ў сваёй новай арганізацыйна-штатнай структуры.

У кастрычніку 2003 года важным іспытам на баявую сталасць стала вучэнне «Чыстае неба - 2003», якое было ўпершыню праведзена з відам Узброеных Сіл - ВПС і войскамі СПА. Асноўны акцэнт рабіўся на ўжыванне ВПС і войскаў СПА ў найбольш складаны, як паказвае вопыт апошняга дзесяцігоддзя, перыяд агрэсіі - правядзенне праціўнікам паветранай кампаніі. Акрамя зладжвання сістэмы кіравання ў маштабе цэлага віду Узброеных Сіл, вучэнне дало магчымасць даследаваць магчымасць правядзення новай формы прымянення ВПС і войскаў СПА - аперацыі. Галоўны вынік - вучэнне паказала, што створаная групіроўка ВПС і войскаў СПА дазваляе адбіваць масіраваныя ракетна-авіяцыйныя ўдары паветранага праціўніка і стварыць умовы для зрыву яго паветранай наступальнай аперацыі.

На сённяшні дзень ВПС і войскі СПА працягваюць развівацца як найважнейшы від Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, асноўнай задачай якога з'яўляецца заваяванне і ўтрыманне панавання ў паветры пры адбіцці любой ваеннай пагрозы ў дачыненні да Беларусі. Прыкрыццё ад удараў з паветра становіцца важнейшай дзяржаўнай задачай, а супрацьпаветраная абарона набывае новую якасць і, разам з сіламі ўдару ў адказ, становіцца вырашальным фактарам стрымлівання агрэсіі.

Актыўна вядзецца распрацоўка і ўкараненне ў войскі аўтаматызаваных сістэм кіравання ВПС і войскамі СПА. Ужыванне аўтаматызаваных сістэм кіравання павялічвае эфектыўнасць баявога кіравання ВПС і войскамі СПА. Эксперыментальныя ўзоры перспектыўных комплексаў сродкаў аўтаматызаванага кіравання ад ЦКП ВПС і войскаў СПА да пункта навядзення авіяцыі ўпершыню былі выпрабаваны ў ходзе вучэння «Чыстае неба-2003». У жніўні 2004 года новыя аўтаматызаваныя сістэмы кіравання ўжываліся ўжо ў ходзе аператыўна-тактычнага вучэння з баявой стральбой на палігоне Расійскай Федэрацыі «Ашулук».

Прыярытэтнае месца адводзіцца мадэрнізацыі ўзбраення і ваеннай тэхнікі ВПС і войскаў СПА. Асноўнымі напрамкамі мадэрнізацыі з'яўляюцца паляпшэнне тактыка-тэхнічных характарыстык, памехаабароненасці ўзораў узбраення, пашырэнне круга задач, якія вырашаюцца, максімальная аўтаматызацыя працэсаў кіравання, пераход на сучасную элементную базу, пашырэнне магчымасцяў трэнажорна-імітацыйных сродкаў.

У міжнародным ваенным супрацоўніцтве камандаванне ВПС і войскаў СПА Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь імкнецца ўсталяваць трывалыя сувязі з усімі зацікаўленымі дзяржавамі. Міжнароднае ваеннае супрацоўніцтва накіравана на развіццё як шматбаковых, так і двухбаковых адносін у галіне ваеннай авіяцыі і супрацьпаветранай абароны.

Да ліку найбольш важных дасягненняў у галіне развіцця аб'яднанай сістэмы СПА дзяржаў-удзельніц СНД за мінулыя гады можна аднесці пераход да стварэння сістэмы сумеснага баявога дзяжурства па СПА, якое ажыццяўляецца ў мэтах аховы знешніх межаў дзяржаў-удзельніц СНД.

Падтрыманне і развіццё ўзаемадзеяння дзяжурных па СПА сіл у мэтах забеспячэння паветранага суверэнітэту дзяржаў-удзельніц СНД ва Усходне-Еўрапейскім рэгіёне калектыўнай бяспекі з'яўляецца адной з галоўных задач ВПС і войскаў СПА Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.

Развіццё адносін з Расійскай Федэрацыяй з'яўляецца прыярытэтным напрамкам міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва для ВПС і войскаў СПА Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь як у рамках аб'яднанай сістэмы СПА дзяржаў-удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў, так і ў рамках Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі.

Войскі СПА Беларусі прыступілі да нясення сумеснага з Расійскай Федэрацыяй баявога дзяжурства па супрацьпаветранай абароне 1 красавіка 1996 г..

З заснаваннем у красавіку 1997 года Саюза Беларусі і Расіі, а затым і Саюзнай дзяржавы, супрацоўніцтва з Расійскай Федэрацыяй у галіне СПА атрымала новае развіццё.

Штогод у складзе аб'яднанай сістэмы СПА праводзяцца камандна-штабныя трэніроўкі, падчас якіх адпрацоўваюцца пытанні сумесных дзеянняў органаў кіравання бакоў, якія ўзаемадзейнічаюць, пры праверцы дзяжурных сіл па СПА дзяржаў-удзельніц СНД палётамі кантрольных цэляў, спынення парушэнняў дзяржаўнай мяжы Садружнасці, аказання дапамогі паветраным судам у надзвычайных сітуацыях і спынення спроб паветранага тэрарызму. Выконваюцца пералёты авіяцыі Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі з пасадкай на аэрадромах абедзвюх дзяржаў, якія ўзаемадзейнічаюць,.

У адпаведнасці з Праграмай дзеянняў Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі па рэалізацыі палажэнняў Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы ад 8 снежня 1999 года сур'ёзная ўвага надаецца сумеснай баявой падрыхтоўцы.

Злучэнні і часці ВПС і войскаў СПА Рэспублікі Беларусь сумесна з ВПС Расійскай Федэрацыі праводзяць баявыя стрэльбы у Астраханскай вобласці на палігоне «Ашулук» у ходзе кааліцыйных вучэнняў «Баявая садружнасць». З 1996 года ўсе злучэнні і часці зенітных ракетных войскаў, часці знішчальнай авіяцыі выканалі баявыя стрэльбы і пускі на палігонах Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь.

Аналіз паказвае, што з прычыны агульнасці інтарэсаў у справе абароны паветраных рубяжоў Усходне-еўрапейскага рэгіёну, ваеннае супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі будзе дынамічна развівацца. Яно аказвае пазітыўны ўплыў на ход інтэграцыйных працэсаў паміж нашымі краінамі, служыць развіццю дружалюбных, добрасуседскіх адносін. Вынікамі ж з'яўляюцца ўмацаванне бяспекі Беларусі і Расіі, забеспячэнне нашых стратэгічных інтарэсаў на ўсёй постсавецкай прасторы.

Сучасныя ВПС і войскі СПА Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь валодаюць добра падрыхтаваным у прафесійным плане асабовым складам, аснашчаны сучаснымі відамі тэхнікі і ўзбраення, здольны выконваць задачы па свайму баявому прызначэнню. У іх страі - унукі і праўнукі салдат Перамогі. Яны вызначаюць аблічча і лёс абноўленай дзяржавы і яе войска.