- Навіны
- Узброеныя Сілы
- Ваенная адукацыя
У Рэспубліцы Беларусь завяршылася спецыяльнае вучэнне з сіламі і сродкамі разведкі дзяржаў - членаў Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы «Пошук-2019», у якім прынялі ўдзел каля двух тысяч ваеннаслужачых.
Мерапрыемствы заключнага этапу спецыяльнага вучэння «Пошук-2019», які праводзіцца пад кіраўніцтвам намесніка начальніка Генеральнага штаба Узброеных Сіл па баявым кіраванні, 18 кастрычніка прайшлі на палігоне Абуз-Лясноўскі. Органы ваеннага кіравання, войскі абазначэння выконвалі задачы па знішчэнні дыверсійна-разведвальных груп умоўнага праціўніка і незаконных узброеных фарміраванняў, аднаўленню канстытуцыйнага парадку. Заключны этап вучэння аказаўся дынамічным, насычаным падзеямі і дазволіў яго ўдзельнікам у поўнай меры прадэманстраваць высокае воінскае майстэрства, прафесіяналізм, зладжанасць і палявую вывучку.
Па легендзе вучэння, умоўны праціўнік праводзіў актыўны этап спецыяльнай аперацыі, ажыццявіў масавы ўвод дыверсійна-разведвальных груп і НВФ на тэрыторыю рэспублікі і актывізаваў разведвальную дзейнасць. У ходзе планавання сумеснай аперацыі Калектыўных сіл аператыўнага рэагавання было прынята рашэнне па задзейнічанню сіл і сродкаў разведкі дзяржаў - членаў Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы сумесна з падраздзяленнямі ўнутраных войск Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, якія ўваходзяць у камплект КСАР, для выканання разведвальных і спецыяльных задач у мэтах ліквідацыі НВФ і стварэння ўмоў для поўнамаштабнага ўрэгулявання канфлікту.
На вучэнні адпрацаваны і такія важныя пытанні, як аказанне гуманітарнай і медыцынскай дапамогі грамадзянам у населеным пункце пасля аднаўлення правапарадку.
Пасля заключнага эпізоду вучэння на пляцы палігона Абуз-Лясноўскі на кургане Беларускі прайшла ўрачыстая цырымонія закрыцця спецыяльнага вучэння з сіламі і сродкамі разведкі дзяржаў - членаў АДКБ «Пошук-2019». У мерапрыемстве прынялі ўдзел Міністр абароны Рэспублікі Беларусь генерал-лейтэнант Андрэй Раўкоў, намеснік начальніка Аб'яднанага штаба Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы генерал-лейтэнант Айказ Багманян і іншыя высокія службовыя асобы.
‑ Сёння мы завяршылі апошні этап вучэння «Пошук-2019», - адзначыў міністр абароны Рэспублікі Беларусь генерал-лейтэнант Андрэй Раўкоў. - Узровень падрыхтоўкі тых сіл і сродкаў, якія ўдзельнічаюць у вучэнні, выклікаюць павагу. Любое вучэнне, любая трэніроўка ўзброеных сіл з выкарыстаннем тэхнікі з'яўляецца жыццёвай неабходнасцю для выпрацоўкі ў асабовага складу прафесіяналізму. Толькі ў гэтым выпадку сілы і сродкі будуць развівацца эфектыўна, атрымліваць навыкі, якія дазволяць ім выканаць важныя задачы. Няма сумнення у тым, што ўдзельнікі вучэння сапраўдныя прафесіяналы. І тым не менш ім ёсць чым падзяліцца адзін з адным, перадаць вопыт і самым пераняць яго. Падобныя вучэнні неабходныя для таго, каб нашы краіны былі пад надзейнай абаронай.
Падчас урачыстага мерапрыемства адбылася цырымонія ўзнагароджання ўдзельнікаў спецыяльнага вучэння. Ваеннаслужачыя шасці брацкіх дзяржаў, якія вызначыліся ў ходзе выканання задач вучэння былі ўзнагароджаны медалямі, ганаровымі граматамі і каштоўнымі падарункамі.
Права ўручэння пераходнага кубка - сімвала спецыяльнага вучэння, які быў зацверджаны па ініцыятыве беларускага боку ў гэтым годзе, было прадастаўлена кіраўніку вучэння «Пошук-2019» генерал-маёру Ігару Каралю. Ён перадаў кубак прадстаўніку Рэспублікі Арменія, на тэрыторыі якой плануецца правядзенне вучэння ў наступным годзе.
Спецыяльнае вучэнне з сіламі і сродкамі разведкі дзяржаў - членаў АДКБ «Пошук-2019» праводзілася на чатырох палігонах Беларусі ў рамках сумеснага аператыўна-стратэгічнага вучэння «Баявое брацтва - 2019» 14 - 18 кастрычніка. У ім прынялі ўдзел ваеннаслужачыя Рэспублікі Арменія, Рэспублікі Беларусь, Рэспублікі Казахстан, Расійскай Федэрацыі, Кыргызскай Рэспублікі, Рэспублікі Таджыкістан і аператыўная група Аб'яднанага штаба АДКБ.