Майстэрства вышэйшай пробы

Майстэрства вышэйшай пробы

На палігоне Брэсцкі прайшла ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў і прызёраў конкурсаў Армейскіх міжнародных гульняў «Снайперскі рубеж» і «Палярная зорка». Мерапрыемства адкрыў Міністр абароны Рэспублікі Беларусь генерал-лейтэнант Андрэй Раўкоў.

– У гэтым годзе Армейскія міжнародныя гульні адзначаюць пяцігадовы юбілей, – адзначыў кіраўнік абароннага ведамства, звяртаючыся да ўдзельнікаў цырымоніі. – Нам вельмі прыемна, што ўжо другі год запар мы праводзім конкурс «Снайперскі рубеж», які стаў адным з самых папулярных, у ім прынялі ўдзел каманды з 21 краіны свету. Мы вельмі ганарымся тым, што нам даверана праводзiць на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь новы конкурс «Палярная зорка». Спадзяемся, што ён стане не менш папулярным, чым «Снайперскі рубеж». Хачу асобна падзякаваць арганізатарам, якія правялі каласальную работу, і ўсім удзельнікам. Вы прадэманстравалі выдатную ратную вывучку, майстэрства, дакладна і зладжана дзейнічалі ў складаных умовах абстаноўкі. Мы будзем вас чакаць у наступным годзе і спадзяемся, што колькасць удзельнікаў будзе яшчэ больш.

Узнагароджанне пераможцаў і прызёраў у групе «В» і «А2» конкурсу «Снайперскі рубеж» правялі начальнік Генеральнага штаба Узброеных Сіл – першы намеснік Міністра абароны Рэспублікі Беларусь генерал-маёр Алег Белаконеў, намеснік Міністра абароны Рэспублікі Беларусь генерал-маёр Сяргей Патапенка і начальнік Генеральнага штаба Узброеных Сіл Рэспублікі Сербія генерал Мілан Майсілавіч.

У намінацыі «Лепшы снайпер» золата і серабро заваявалі беларускія снайперы. 3-е месца заняў прадстаўнік каманды Расійскай Федэрацыі. Іх узнагароджанне правёў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Дзмітрый Мезенцаў.

Узнагароды лепшым снайперскім парам уручыў старшыня Брэсцкага гарвыканкама Аляксандр Рагачук. Пераможцам у гэтай намінацыі стала снайперская пара з Рэспублікі Беларусь. Нашы землякі таксама заваявалі серабро, а бронзу – прадстаўнікі казахстанскай каманды.

Далей адбылося ўзнагароджанне пераможцаў у самым відовішчным практыкаванні конкурсу – «Снайперскі біятлон». Золата ў гэтай намінацыі дасталася беларускай камандзе, серабро – снайперам з Расійскай Федэрацыі, а бронза – ваеннаслужачым з Рэспублікі Казахстан. Узнагароды пераможцам і прызёрам уручыў намеснік міністра абароны Расійскай Федэрацыі генерал-лейтэнант Юнус-Бек Еўкураў.

Затым для ўзнагароджання былі запрошаны змешаныя снайперскія пары, якія сталі пераможцамі і прызёрамі ў намінацыі «Снайперская дуэль». Лепшымі ў гэтым спаборніцтве конкурсу сталі Іван Абрэнавіч (Рэспубліка Сербія) і Ілісжан Усманаў (Рэспубліка Узбекістан). Узнагароды ім уручыў міністр абароны Рэспублікі Сербія Аляксандр Вулін.

Па выніках конкурсу трэцяе каманднае месца ў конкурсе «Снайперскі рубеж» заняла каманда Рэспублікі Казахстан, другое – Расійскай Федэрацыі. А пераможцамі стала каманда Рэспублікі Беларусь. Узнагароды ваеннаслужачым уручыў Міністр абароны нашай краіны генерал-лейтэнант Андрэй Раўкоў. Ён таксама павіншаваў пераможцаў конкурсу «Палярная зорка» – і гэта зноў каманда Рэспублікі Беларусь! Яна ўзнагароджана пераходным кубкам.

Прагучаў Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь, а у небе горда развяваўся Дзяржаўны сцяг нашай краіны. Вось ён – красамоўны вынік карпатлівай, цяжкай, штодзённай працы, вынік многіх дзён спаборніцтваў, які запатрабаваў ад удзельнікаў волі да перамогі, вывучкі і воінскага майстэрства.

Камандуючы сіламі спецыяльных аперацый Узброеных Сіл генерал-маёр Вадзім Дзенісенка ўручыў узнагароды лепшым спецыялістам у намінацыях «лепшы гранатамётчык», «лепшы мінёр», «лепшы медык», «лепшы снайпер», «лепшы кулямётчык», «лепшы радыст», «лепшы намеснік камандзіра групы» і, нарэшце, «лепшы камандзір групы» конкурсу «Палярная зорка». У шасці з васьмі намінацый лепшымі сталі ваеннаслужачыя са складу беларускай каманды.

У афіцыйнай цырымоніі закрыцця і ўзнагароджання пераможцаў конкурсаў «Снайперскі рубеж» і «Палярная зорка» Армейскіх міжнародных гульняў – 2019 таксама прынялі ўдзел замежныя дэлегацыі на чале з Міністрам абароны Рэспублікі Сербія Аляксандрам Вуліным, начальнікам Генеральнага штаба Узброеных Сіл Рэспублікі Сербія генералам Міланам Майсілавічам, намеснікам Міністра абароны Расійскай Федэрацыі генерал-лейтэнантам Юнус-Бекам Еўкуравым.

Акрамя таго, мерапрыемства наведалі прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса, акрэдытаваныя ў Рэспубліцы Беларусь, у тым ліку надзвычайныя і паўнамоцныя паслы Расіі Дзмітрый Мезенцаў і Кітая Цуй Цымін.

У ходзе цырымоніі закрыцця конкурсаў і ўзнагароджання іх удзельнікаў з нумарамі выступілі артысты Акадэмічнага ансамбля песні і танца Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь і Ансамбля песні і танца Двойчы Чырванасцяжнага Балтыйскага флоту Расіі, дуэт «Арбат» і салісткі вакальна-інструментальнага ансамбля «Фолюш» 6-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады Наталля Квашніна і Таццяна Мазан.

Вось і надышоў час расставання, конкурсы завяршыліся, вынікі падведзены. Але засталіся ўражальныя перамогі і дасягненні, новыя сябры і планы на сустрэчу ў наступным годзе на чарговых Армейскіх міжнародных гульнях.