У Алабіне стартавалі юбілейныя V «Армейскія міжнародныя гульні – 2019»

У Алабіне стартавалі юбілейныя V «Армейскія міжнародныя гульні – 2019»

Сёння ў кангрэсна-выставачным цэнтры парку «Патрыёт» і на палігоне Алабіна адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця юбілейных V «Армейскіх міжнародных гульняў – 2019».

Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця «АрМГ-2019» прыняла ўдзел і беларуская дэлегацыя на чале з Міністрам абароны Рэспублікі Беларусь генерал-лейтэнантам Андрэем Раўковым.

Гульні пройдуць у перыяд з 3 па 17 жніўня на 21 палігоне 10 краін (Азербайджанская Рэспубліка, Рэспубліка Арменія, Рэспубліка Беларусь, Рэспубліка Індыя, Ісламская Рэспубліка Іран, Рэспубліка Казахстан, Кітайская Народная Рэспубліка, Манголія, Рэспубліка Узбекістан і Расія).

Усяго праграмай Гульняў прадугледжаны 32 конкурсы, у якіх прымуць удзел 223 каманды з 39 краін, якія прадстаўляюць Еўропу, Азію, Афрыку, Цэнтральную і Лацінскую Амерыкі (для параўнання: у 2015 годзе – 43 каманды з 16 краін). У 2018 годзе прымалі ўдзел 189 каманд з 28 краін. Пяць замежных дзяржаў (Францыя, ЗША, Славакія, Турцыя і Мексіка) накіравалі сваіх назіральнікаў. Дзевяць краін бяруць удзел упершыню, гэта Абхазія, Іарданія, Камбоджа, Конга, Куба, Малі, Мазамбік, Шры-Ланка і Паўднёвая Асеція.

Самыя прадстаўнічыя каманды выставілі Расія, Беларусь, КНР, Казахстан, Іран і Узбекістан. Беларускія ваеннаслужачыя будуць удзельнічаць у 18 конкурсах ваенных гульняў, каманды з Казахстана – у 16 ​​конкурсах, Кітай – у 15 конкурсах, Ірана і Узбекістана – у 14. Расійская зборная выступіць ва ўсіх 32 конкурсах. Такое маштабнае прадстаўніцтва мае вырашальнае значэнне для вызначэння пераможцы ў агульнакамандным заліку і выступае стымулам для іншых краін накіроўваць большую колькасць каманд.

Больш за ўсё каманд удзельнічае ў конкурсе «Танкавы біятлон», які пройдзе на палігоне Алабіна Маскоўскай вобласці. У ім возьмуць удзел 24 каманды. Гэта прадстаўнікі Анголы, Арменіі, Азербайджана, Беларусі, Венесуэлы, В’етнама, Зімбабвэ, Ірана, Казахстана, Кіргізіі, Кітая, Кубы, Кувейта, Лаоса, М’янмы, Манголіі, Расіі, Сірыі, Сербіі, Судана, Таджыкістана, Уганды, Узбекістана і ПАР. Каманды Кубы, Судана і Узбекістана возьмуць удзел у конкурсе ўпершыню.

Дарэчы, ужо сёння на старт выйдуць першыя экіпажы – Азербайджана на сіняй (чацвёртай) дарожцы, Сербіі на зялёнай (трэцяй) дарожцы, Беларусі на чырвонай (другой) дарожцы. Экіпаж Кітая стартуе на жоўтай (першай) дарожцы.

Маёр Алег Някала, «Ваяр», фота аўтара

Алабіна – Мінск