Армейскія канікулы

Армейскія канікулы

Міністр абароны генерал-лейтэнант Андрэй Раўкоў і міністр адукацыі Ігар Карпенка 13 ліпеня наведалі в/ч 89417. У гэтыя дні тут функцыянуе спартыўна-патрыятычны лагер «Прызыўнік», у якім праводзяць канікулы паўтара дзясятка навучэнцаў Магілёўскага дзяржаўнага спецыяльнага прафесійна-тэхнічнага вучылішча.

Андрэй Раўкоў і Ігар Карпенка цёпла пагутарылі з хлопцамі. Затым яны пабывалі ў палявым лагеры, дзе жывуць і займаюцца юнакі, папрысутнічалі на майстар-класах, якія даюць падлеткам ваеннаслужачыя воінскай часці.

З пачатку змены хлопцы ўжо пазаймаліся на паветрана-дэсантным комплексе, стралковым трэнажоры, спасціглі асновы аказання першай дапамогі пацярпелым. Вялікае ўражанне на іх зрабіла сустрэча з удзельнікам знакамітай разведгрупы «Джэк» ветэранам Вялікай Айчыннай вайны Генадзем Уладзіміравічам Юшкевічам.

Варта адзначыць, што міністэрствы абароны і адукацыі на працягу многіх гадоў сумесна арганізоўваюць адпачынак і аздараўленне дзяцей на базе воінскіх часцей. За апошняе дзесяцігоддзе «канікулы ў арміі» правялі больш за 100 тысяч рабят. Штогод у Беларусі працуюць больш за 150 спартыўна-патрыятычных лагераў.

Рэпартаж пра наведванне міністрамі абароны і адукацыі лагера «Прызыўнік» чытайце ў адным з бліжэйшых нумароў «Белорусской военной газеты. Во славу Родины».

Аксана Курбека, «Ваяр», фота Уладзіміра Блінова