Партнёрства дзеля міру

Партнёрства дзеля міру

У рамках удзелу Рэспублікі Беларусь у аднайменнай праграме НАТА з 14 па 17 красавіка адбыўся візіт у Рэспубліку Беларусь дэлегацыі штаб-кватэры арганізацыі, падчас якога прайшла штогадовая нарада па пытаннях удзелу Рэспублікі Беларусь у Працэсе планавання і ацэнкі сіл праграмы НАТА «Партнёрства дзеля міру» (ПАРП).

З беларускага боку ў нарадзе прынялі ўдзел прадстаўнікі структурных падраздзяленняў Міністэрства абароны, Генеральнага штаба і Узброеных Сіл, якія адказваюць за рэалізацыю мэтаў партнёрства і якія прадстаўляюць справаздачную інфармацыю ў рамках ПАРП, а таксама прадстаўнікі Дзяржаўнага сакратарыята Савета Бяспекі, МЗС і МНС.

У склад дэлегацыі НАТА ўвайшлі прадстаўнікі Міжнароднага сакратарыята і Міжнароднага ваеннага штаба НАТА, упраўлення партнёрства Стратэгічнага камандавання аперацый НАТА, аб’яднанага камандавання аб’яднаных узброеных сіл НАТА «Брунсюм», а таксама аташэ па пытаннях абароны пры пасольствах Балгарыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Польшчы, ЗША і Чэхіі ў Рэспубліцы Беларусь.

У ходзе нарады адбылося абмеркаванне праекта Ацэначнага дакумента, распрацаванага адпаведнымі структурамі штаб-кватэры НАТА на аснове інфармацыі, якая прадастаўляецца Рэспублікай Беларусь у рамках ПАРП, удакладнены шэраг практычных пытанняў па рэалізацыі мэтаў партнёрства, а таксама намечаны шляхі па ўдасканаленні каардынацыі ўзаемадзеяння паміж Міністэрствам абароны і структурнымі падраздзяленнямі альянсу ў рамках ПАРП.

Вынікі нарады былі падведзены на сустрэчы начальніка Дэпартамента міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва Міністэрства абароны – памочніка Міністра абароны па пытаннях міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва генерал-маёра Алега Воінава з кіраўніком дэлегацыі Полам Саверэ.

Бакі таксама абмеркавалі стан і перспектыўныя кірункі развіцця супрацоўніцтва ў ваеннай сферы і ключавыя пытанні рэгіянальнай бяспекі.