Міжсесіённы дыялог АБСЕ па ваенных дактрынах

Міжсесіённы дыялог АБСЕ па ваенных дактрынах

Беларуская дэлегацыя на чале з намеснікам начальніка Генеральнага штаба Узброеных Сіл – начальнікам галоўнага аператыўнага ўпраўлення прыняла ўдзел у другім міжсесіённым дыялогу АБСЕ па ваенных дактрынах, які прайшоў у г. Вене (8–9 красавіка).

У склад дэлегацыі таксама ўвайшлі прадстаўнікі Міністэрства замежных спраў і Пастаяннага прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь пры АБСЕ.

Дадзенае мерапрыемства аб’яднала экспертаў міністэрстваў абароны і замежных спраў краін-удзельніц АБСЕ, міжнародных арганізацый (НАТА, ЕС і інш.), прадстаўнікоў іншых структур, якія ажыццяўляюць дзейнасць у сферы бяспекі і абароны. Дыялог быў прысвечаны абмеркаванню праблем бяспекі на прасторы АБСЕ, уключаючы наступныя пытанні: стратэгічныя рамкі сучаснай абароннай палітыкі; уплыў сучасных тэхналогій на змены формаў і спосабаў вядзення ваенных дзеянняў; адлюстраванне ваенных дактрын у сцэнарыях вучэнняў.

Генерал-маёр Павел Муравейка прадставіў нацыянальныя падыходы да забеспячэння ваеннай бяспекі, замацаваныя ў Ваеннай дактрыне Рэспублікі Беларусь, і іх рэалізацыю ў ходзе вучэнняў, якія праводзяцца Узброенымі Сіламі Рэспублікі Беларусь.