Курс – на паступальнае развіццё

Курс – на паступальнае развіццё

Сёння ў прэс-цэнтры дзяржаўнай установы «Ваеннае інфармацыйнае агенцтва Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь «Ваяр» адбыўся брыфінг, прысвечаны Дню тылу. Першы намеснік начальніка тылу Узброеных Сіл – начальнік штаба тылу генерал-маёр Аляксандр Панфёраў і начальнікі ўпраўленняў тылавога забеспячэння Міністэрства абароны расказалі прадстаўнікам СМІ пра сучасны стан і перспектывы далейшага развіцця сістэмы тылавога забеспячэння беларускай арміі.

– Сёння тыл Узброеных Сіл гарантавана забяспечвае ўсе патрэбнасці войскаў, – сказаў журналістам Аляксандр Іванавіч. – Штодня спецыялісты тылу выконваюць задачы па забеспячэнні злучэнняў і воінскіх часцей палівам, забеспячэнні ваеннаслужачых харчаваннем і абмундзіраваннем, стаяць на варце здароўя людзей у пагонах, вырашаюць іх жыллёвыя пытанні.

Інтэнсіўныя аператыўная і баявая падрыхтоўка войскаў патрабуюць не менш дынамічных і змястоўных падыходаў да іх матэрыяльнага забеспячэння. Дзякуючы спецыялістам службы гаручага і змазачных матэрыялаў тэхніка своечасова атрымлівае ўсё неабходнае для забеспячэння выканання задач.

– Улічваючы сусветны вопыт у транспартнай лагістыцы, з мінулага года ў нас паспяхова прымяняюцца электронныя сістэмы кантролю за расходам паліва (датчыкі GPS), якія ўстанаўліваюцца на ваенную тэхніку, – падкрэсліў першы намеснік начальніка тылу Узброеных Сіл – начальнік штаба тылу. – Гэта дазволіла дамагчыся эканоміі паліва, забяспечыць яго захаванасць, а таксама атрымліваць інфармацыю аб маршруце руху тэхнікі.

Якаснае харчаванне ваеннаслужачых – асноўная задача спецыялістаў харчовай службы, адзначыў Аляксандр Іванавіч. Паўнавартаснае харчаванне, заснаванае на навуковых падыходах, з улікам спецыфікі воінскай службы, дапамагае падтрымліваць неабходную фізічную форму ваеннаслужачых, іх гатоўнасць да выканання пастаўленых задач. Асаблівая ўвага надаецца арганізацыі харчавання асабовага складу ў палявых умовах. Для гэтых мэтаў распрацаваны асобны рацыён харчавання ваеннаслужачых, які па сваёй пажыўнай каштоўнасці параўнальны з аналагічнымі пайкамі ўзброеных сіл вядучых дзяржаў свету. У нас прадугледжаны таксама выдача бутыляванай вады і прамежкавага сілкавання: хлеб, сала, цукеркі, гарачы чай са згушчаным малаком і пячэннем. Ідзе работа па ўдасканаленні рацыёнаў харчавання (сухіх пайкоў).

У цяперашні час ва Узброеных Сілах функцыянуе каля 130 сталовых. Больш чым у палове з іх харчаванне арганізавана праз прадпрыемствы грамадскага харчавання. Гэта дазволіла палепшыць якасць і разнастайнасць харчавання ўсіх катэгорый ваеннаслужачых. Воінскія часці, дзе працуе грамадскае харчаванне, вызваленыя ад нагрузкі па закупцы харчавання, яго транспартаванні і захоўванні. Пры гэтым асабовы склад вызвалены ад нарадаў па сталовым і займаецца выключна баявой падрыхтоўкай.

Асаблівая ўвага надаецца таксама рэчаваму забеспячэнню ваеннаслужачых. Аналізуючы сусветны вопыт, рэчавае ўпраўленне Міністэрства абароны сумесна з прамысловымі прадпрыемствамі рэспублікі ажыццяўляюць распрацоўку новых узораў баявой і паўсядзённай формы адзення, прадметаў экіпіроўкі – камізэлек баявых разгрузачных, налакотнікаў, накаленнікаў, рукзакоў і інш. Гэта работа арыентавана на айчынных вытворцаў і праводзіцца сумесна з вядучымі швейнымі і абутковымі прадпрыемствамі. У цяперашні час ажыццяўляецца вопытная эксплуатацыя паўсядзённай формы. Водгукі – станоўчыя. Журналістам былі прадстаўлены слайды ўзораў новага абмундзіравання.

Падрыхтаваны і праходзіць узгадненне праект Указа Кіраўніка дзяржавы, якім прадугледжваецца прыняцце на забеспячэнне новых узораў баявой і паўсядзённай формы адзення.

Забеспячэнне ваеннаслужачых новымі ўзорамі баявой формы адзення плануецца завяршыць да канца 2020 года, а перспектыўнай паўсядзённай формай адзення – да 2021 года.

У цэнтры ўвагі – захаванне і ўмацаванне здароўя ваеннаслужачых. Сур’ёзнай дапамогай у гэтым кірунку сталі рамонты хірургічнага і тэрапеўтычнага карпусоў 432-га галоўнага ваеннага клінічнага медыцынскага цэнтра, лячэбнага корпуса 592-га ваеннага клінічнага медыцынскага цэнтра ў Барысаве.

Лячэбныя ўстановы абсталёўваюцца сучасным дыягнастычным і лячэбным абсталяваннем.

Закуплены верталётны медыцынскі модуль, які дазваляе эвакуіраваць параненых і хворых у самыя кароткія тэрміны.

Знакавай для Узброеных Сіл падзеяй стала завяршэнне будаўніцтва ваеннага гарадка «Варняны». У гісторыі Узброеных Сіл незалежнай краіны гэта першы праект падобнага маштабу, рэалізаваны з «нуля». Размешчаны тут зенітны ракетны полк атрымаў сучасную інфраструктуру, якая цалкам адказвае патрэбам асабавога складу.

Яшчэ адна значная старонка – рамонт «Спартыўна-стралковага комплексу імя маршала С.К.Цімашэнкі» ў ваенным гарадку «Уручча», які будзе актыўна задзейнічаны ў правядзенні II Еўрапейскіх гульняў.

Забеспячэнне ваеннаслужачых жыллём у цяперашні час ажыццяўляецца па двух напрамках: забеспячэнне службовымі жылымі памяшканнямі і будаўніцтва прыватнага жылля.

У цяперашні момант у розных фазах будаўніцтва і фарміравання знаходзяцца 4 жыллёва-будаўнічыя спажывецкія кааператывы на 6 жылых дамоў. На стадыі фарміравання дамы ў Мачулішчах, Барысаве і Бараўлянах. Прапрацоўваюцца пытанні будаўніцтва жылля для ваеннаслужачых у парадку долевага ўдзелу з дзяржпадтрымкай у Брэсце, Слуцку і ​​Мінску.

Тыл Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, падкрэсліў генерал-маёр Аляксандр Панфёраў, арыентаваны на ўкараненне прагрэсіўных і эканамічна абгрунтаваных метадаў забеспячэння войскаў, развіццё тэрытарыяльнага прынцыпу, эфектыўнае выкарыстанне магчымасцяў прамыслова-эканамічнай базы дзяржавы. У аснову дзейнасці тылу Узброеных Сіл пакладзена паступальнае развіццё.

На пытанні журналістаў былі дадзены грунтоўныя адказы.