Да Еўрапейскіх гульняў гатовыя!

Да Еўрапейскіх гульняў гатовыя!

Усё менш часу застаецца да старту галоўнай спартыўнай падзеі ў суверэннай гісторыі Беларусі – II Еўрапейскіх гульняў. Да гэтага моманту ў нашай краіне арганізоўвалі шэраг спартыўных спаборніцтваў высокага ўзроўню – чэмпіянаты свету, Еўропы, этапы Кубка свету, але па асобных відах. II Еўрапейскія гульні з’яўляюцца комплексным мультыспартыўным форумам, а яго ўзровень супастаўны з Алімпійскімі гульнямі.

У гэтыя дні праходзіць агляд гатоўнасці найважнейшых спартыўных аб’ектаў. Прыемна, што ўсе яны ўжо гатовыя расчыніць свае дзверы для атлетаў летам бягучага года.

У Палацы спорту «Уручча» дзяржаўнай установы «Спартыўны камітэт Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь» прайшла пашыраная нарада, падчас якой абмяркоўвалася ступень гатоўнасці гэтага аб’екта да правядзення спаборніцтваў у рамках II Еўрапейскіх гульняў.

У мерапрыемстве ўзялі ўдзел міністр спорту і турызму нашай краіны Сяргей Кавальчук, намеснік Міністра абароны Рэспублікі Беларусь генерал-маёр Сяргей Патапенка, старшыня Спартыўнага камітэта Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь палкоўнік Анатоль Ханеўскі, прадстаўнікі падкамітэтаў Рэспубліканскага арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні II Еўрапейскіх гульняў.

Міністр спорту і турызму нагадаў патрабаванне кіраўніка дзяржавы зрабіць усё для таго, каб у спартсменаў і шматлікіх заўзятараў засталіся самыя добрыя ўспаміны ад наведвання нашай краіны.

У ходзе нарады адпаведныя службовыя асобы па сваіх напрамках зрабілі справаздачу перад Сяргеем Кавальчуком аб ступені гатоўнасці Палаца спорту «Уручча». Якіх-небудзь праблемных пытанняў галоўны спартыўны аб’ект Узброеных Сіл не выявіў. Яно і не дзіўна: бо сёння гэта збудаванне не толькі рэспубліканскага, але і сусветнага ўзроўню. Тут з поспехам праводзяцца рэспубліканскія спаборніцтвы і спаборніцтвы міжнароднага маштабу, ёсць усё, што трэба: камфортныя раздзявалкі з душавымі, трэнерскія, прасторныя залы з вялікай колькасцю месцаў для гледачоў, залы для размінкі і не толькі. Службовыя асобы, якія адказваюць за падрыхтоўку і правядзенне II Еўрапейскіх гульняў, засталіся задаволены гатоўнасцю флагманскай армейскай спартыўнай базы.

Падчас II Еўрапейскіх гульняў у Палацы спорту «Уручча» пройдуць спаборніцтвы па боксе. У красавіку мінулага года майстры скураной пальчаткі апрабавалі магчымасці гэтага сучаснага спартыўнага комплексу ў ходзе чэмпіянату Рэспублікі Беларусь. Спадзяемся, што нашым баксёрам удасца прадэманстраваць сваё майстэрства, годна прадставіць Беларусь. Хай родныя сцены ім у гэтым дапамогуць!

Капітан Алег Някала, «Ваяр», фота Аляксандра Стадуба