- Навіны
- Узброеныя Сілы
- Ваенная адукацыя
Палігон Стругі Чырвоныя пад Псковам на час «Армейскіх міжнародных гульняў – 2018» стаў «палявой сталіцай» міжнароднага конкурсу сярод дэсантных падраздзяленняў «Дэсантны ўзвод». На днях там стартаваў другі этап конкурсу – «Індывідуальная гонка на баявых машынах».
З кожным годам узровень удзельнікаў спаборніцтваў расце. Гэта наглядна пацвердзіў першы заезд. На «чэмпіянат свету» сярод дэсантных падраздзяленняў сабраліся сапраўды лепшыя ўзводы крылатай гвардыі.
З першых хвілін экіпажы дэманстравалі добрыя вынікі, пераадольваючы на шматтонных машынах розныя перашкоды: мінна-выбуховую загароду, брод, макет калейнага моста, участак загароды і манеўравання, прыпынак на ўздыме і спуску... Гэта далёка не поўны спіс перашкодаў на дыстанцыі індывідуальнай гонкі.
Акрамя таго, за кожны промах на стральбе экіпажам даваўся штрафны круг, а таксама налічваўся штрафны час за няўдачы пры пераадоленні перашкод. Усе дзеянні і вынікі экіпажаў паэтапна фіксаваліся электроннымі сродкамі відэакантролю і паступалі ў судзейскі штаб у рэжыме анлайн.
Спаборнічаць з гаспадарамі спаборніцтваў – камандай Расійскай Федэрацыі – няпроста. Іх экіпажы на БМД-2 пранесліся, нібы гоначныя баліды, паказаўшы лепшы час праходжання трасы. Да таго ж яны дакладна і хутка спраўляліся з агнявымі задачамі. Іх каманду прадстаўляюць лепшыя ваеннаслужачыя 76-й гвардзейскай дэсантна-штурмавой дывізіі. Менавіта ўзвод гэтага злучэння стаў мацнейшым у ходзе адбору на ўсерасійскім этапе конкурсу «Дэсантны ўзвод» сярод падраздзяленняў ПДВ Расіі.
Добры вынік на трасе паказалі і ваеннаслужачыя каманды Кітайскай Народнай Рэспублікі. На Пскоўшчыну кітайцы прыехалі са сваёй штатнай тэхнікай – баявымі машынамі дэсанта ZBD 03, палівам і боепрыпасамі. Нядрэнныя вынікі прадэманстравалі каманды Алжыра, Беларусі і Ірана.
На гэтым другі этап не заканчваецца. Сёння для інтэрнацыянальнага ваеннага дэсанту ў гонар прафесійнага свята прадугледжана культурная праграма, а ўжо заўтра яны выйдуць на біятлонную трасу. Тут ім трэба будзе праявіць свае лепшыя якасці ў стральбе са стралковай зброі і гранатамётаў з месца і з розных палажэнняў.
Капітан Алег Някала, «Ваяр», фота аўтара
Пскоў – Мінск