- Навіны
- Узброеныя Сілы
- Ваенная адукацыя
Беларуская каманда, якая прымае ўдзел у конкурсе «Сувораўскі націск», на палігоне навучальнага цэнтра сухапутных войскаў НВАК у Корла правяла прыстрэлку ўзбраення кітайскіх баявых машын пяхоты ZBD 86-А. Дарэчы, гэта быў адзіны перад стартам конкурсу занятак беларускіх ваеннаслужачых па агнявой падрыхтоўцы з выкарыстаннем кітайскага ўзбраення. У наступны раз паспрабаваць свае сілы беларускія мотастралкі змогуць непасрэдна падчас першай гонкі, якая адбудзецца 30 ліпеня.
Па словах трэнера каманды падпалкоўніка Сяргея Савіцкага, лепш за ўсіх адстраляліся экіпажы баявых машын лейтэнанта Руслана Валіева і старшага сяржанта кантрактнай службы Аляксандра Уосіса – наводчыкі-аператары гэтых экіпажаў яфрэйтар Алег Дзявульскі і сяржант кантрактнай службы Сяргей Гнаценка. Яны хутчэй за ўсіх разабраліся ў парадку прыстрэлкі і не дапусцілі ніводнага промаху.
Прыстрэлка ўзбраення вялася з адлегласці 1.200 метраў па шчытах, устаноўленых для пушкі; мішэні для кулямёта былі ўстаноўлены на адлегласці 700 метраў. Для прывядзення ўзбраення да нармальнага бою кітайскі бок вылучыў кожнаму баявому разліку 30 боепрыпасаў 30-мм калібра для прыстрэлкі пушкі і такую ж колькасць 7,62-мм патронаў для кулямётаў.
Арыентавацца на асноўнай трасе конкурсу камандзе прыйдзецца літаральна на хаду.
Начальнік пункта боепітання капітан Артур Кот расказаў пра асаблівасці кітайскіх боепрыпасаў, якія выкарыстоўваюцца ў узбраенні баявой машыны ZBD 86-A.
– Боепрыпас значна адрозніваецца ад нашых. Калі ў нас у бранябойным снарадзе стрыжань унутры, а звонку – балістычны наканечнік, то тут трасёры размешчаны ў стрыжні снарада. Прасцей кажучы, у іх 30-мм снарадзе балістычны наканечнік адсутнічае, сталёвы стрыжань апрануты ў пластыкавую абалонку, якая толькі забяспечвае яго рух па канале ствала. Пасля выхаду з канала ствала пластмасавая частка імгненна разбураецца – далей ляціць толькі стрыжань. Але гэтыя асаблівасці на вынік конкурсу не паўплываюць.
Падчас індывідуальнай гонкі, якая будзе складацца з трох заездаў, кожнаму экіпажу нашай каманды трэба будзе паразіць дзевяць мішэняў у трох заездах. У першым заездзе – пяць мішэняў з пушкі, у другім заездзе – адну мішэнь з пушкі, а ў трэцім – тры мішэні з кулямёта. Страляць будуць наводчыкі-аператары. У распараджэнні разлікаў баявых машын будзе па 25 снарадаў 30-мм калібра для паражэння пяці «пушачных» мішэняў. Дзесяць 30-мм снарадаў для паражэння з пушкі «верталёта» і трыццаць 7,62-мм патронаў для паражэння трох «разлікаў РПГ».
Трэнер каманды падпалкоўнік Сяргей Савіцкі:
– На наводчыках-аператарах ляжыць велізарная адказнасць. У вежы баявой машыны яны знаходзяцца адны, стральбу праводзяць у адзіночку. За кожную мішэнь, у якую не патрапілі, разліку баявой машыны назначаецца штрафны круг. У выпадку аднаго промаху каманда губляе каля адной хвіліны. А калі наводчык-аператар не заўважыць мішэнь, то за кожную неабстраляную цэль назначаецца яшчэ два штрафныя кругі. Лічыце, колькі гэта, калі падчас спаборніцтваў лік ідзе на секунды...
Дарэчы, гэта быў адзіны ў рамках падрыхтоўкі да конкурсу на УВТ прымаючага боку занятак па агнявой падрыхтоўцы. Праводзіўся ён на вучэбнай, а не на асноўнай трасе. Кожная каманда ў ходзе жараб’ёўкі атрымала магчымасць паспрабаваць у справе кітайскае ўзбраенне на працягу ўсяго адной гадзіны.
Як вядома, перш чым праводзіць прыстрэлку зброі, неабходна правесці яе выверку. Адпаведна, на выкананне практычнай стральбы ў каманды фактычна заставалася ўсяго толькі каля паўгадзіны. Тым не менш нашы ваеннаслужачыя з задачай справіліся. Будзем спадзявацца на добры вынік. У такіх жа ўмовах знаходзяцца каманды і іншых краін.
Капітан Яўген Доўгаль, «Ваяр», фота аўтара
Корла – Мінск