«Дашу» не саб’е са шляху

«Дашу» не саб’е са шляху

Каманды беларускіх ваеннаслужачых працягваюць рыхтавацца да спаборніцтваў на кітайскай зямлі. Тут амаль усё па-іншаму: пыл, зямля палігона, спёка. Кажуць, што нават вецер – і той скуголіць інакш... Нязменнымі застаюцца ўпартасць і сіла волі, якія нашы ваеннаслужачыя праяўляюць пры адточванні свайго майстэрства, засваенні замежнай ваеннай тэхнікі і зброі.

З беларускімі зенітчыкі былі праведзены трэніроўкі на 400-метровай камбінаванай паласе перашкод, а таксама прыстрэлка аўтаматаў і кулямётаў, усталяваных на кітайскіх бронетранспарцёрах.

Кіраўнік беларускай каманды палкоўнік Сяргей Перапяліца прыстрэлцы зброі надае асаблівую ўвагу: стральба – важны элемент на этапах конкурсу, за прамашкі камандам налічваюцца штрафныя балы.

Трэнер каманды падпалкоўнік Аляксандр Левы распавядае, што для абсалютнай большасці ўдзельнікаў спаборніцтваў замежная зброя – у навінку:

– Кітайскія калегі паказалі нам, як абыходзіцца з узбраеннем бронетранспарцёра. Пасля чаго мы самастойна правялі комплекс мерапрыемстваў па прывядзенні зброі да нармальнага бою.

Разлікі пры прыстрэлцы аўтаматаў выконвалі стральбу па грудной мішэні на далёкасці 100 метраў. Пры прыстрэлцы кулямётаў – па шчытах на далёкасці 400 метраў.

– Вынікі, скажу вам, апынуліся досыць добрымі. Нават лепш, чым у мінулым годзе. Ужо з першых стрэлаў некаторыя ваеннаслужачыя паражалі цэлі ў «дзявятку» і «дзясятку», добрая кучнасць трапленняў. Стральба з кулямётаў прывяла таксама да нядрэнных вынікаў – кулі паразілі больш за 80 працэнтаў цэлей. Зброя падрыхтавана, мы спадзяемся, што яна не падвядзе нас падчас спаборніцтваў, – распавёў Аляксандр Мікалаевіч.

Стралок-зенітчык сяржант кантрактнай службы Дзмітрый Мароз упершыню трымаў у руках кітайскі аўтамат QBZ-95. Пры прыстрэлцы ў яго не было ні адзінага промаху. Усе яго кулі на далёкасці 100 метраў размясціліся на мішэні на плошчы, роўнай запалкаваму пачку:

– Аўтамат нескладаны. Калі ўмееш страляць – праблем ніякіх не ўзнікае. Шкада, замала было выдзелена патронаў, – рэзюмаваў Дзмітрый.

* * *

...Калі быў аб’яўлены чарговы перапынак, ваеннаслужачыя расселіся на маленькіх раскладных стульчыках побач з вучэбнай кропкай. Яны былі нямала здзіўленыя, калі атрымалі свежыя экземпляры «Белорусской военной газеты. Во славу Родины». Раніцай дзякуючы ўзаемадзеянню з кітайскімі калегамі нумары былі раздрукаваныя ў прэс-цэнтры «Армейскіх міжнародных гульняў – 2018». Газета адразу ж разышлася па руках.

– А вось тут пра нас напісана! – гэта знайшоў радкі пра сябе на старонках газеты яфрэйтар кантрактнай службы Яўген Друшчыц.

Адразу адкажу скептыкам: гэта была шчырая цікавасць. Нават на вучэннях ваеннаслужачыя адчуваюць патрэбнасць у актуальнай інфармацыі аб тым, што адбываецца ў краіне і свеце. А ў далёкай краіне, у пустыні, такая патрэба ўзрастае ў разы.

Беларускім ваеннаслужачым было цікава даведацца са старонак газеты, як праходзіць падрыхтоўка іншых беларускіх каманд да конкурсаў АрМГ: аб жараб’ёўцы конкурсу «Танкавы біятлон» у Алабіна, аб конкурсе «Выдатнікі вайсковай разведкі» ў Новасібірску і пра многае іншае.

Падпалкоўнік Дзмітрый Кшысінскі перакананы: інфармаванне – важны элемент ідэалагічнай работы, пра якую камандзірам не варта забываць, нават знаходзячыся ў тысячах кіламетраў ад дома.

– Армейскія міжнародныя гульні шырока асвятляюцца на старонках «Белорусской военной газеты. Во славу Родины». І ўдзельнікам, вядома ж, прыемна, што пра іх пішуць, што іх калегі, сябры і знаёмыя могуць пазнаваць аб іх поспехах на сцежках спаборніцтваў.

Дарэчы, беларускім вопытам арганізацыі работы ваенных СМІ зацікавіліся ваеннаслужачыя НВАК. Яны былі прыемна здзіўлены ўзроўнем ваеннай журналістыкі ў нашай краіне і тым, што ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь інфармаванню асабовага складу надаецца пільная ўвага, а беларускія ваеннаслужачыя маюць магчымасць атрымліваць свежую газету нават на кітайскім палігоне.

Свежы нумар «Белорусской военной газеты. Во славу Родины» з цікаўнасцю гартаў перакладчык каманды кітайскі афіцэр старшы лейтэнант Дуан Бо. Як аказалася, Бо два гады вучыўся ў Мінску ў Ваеннай акадэміі. Наша газета яму добра знаёмая. Ён быў так рады, калі ўбачыў яе тут, на палігоне Корла. У свой час газета была для яго чымсьці накшталт падручніка па рускай мове. Бо глядзеў фільмы, чытаў газеты на рускай мове, каб практыкаваць навыкі рускай гаворкі. У Ваеннай акадэміі самай папулярнай газетай была менавіта ваенная.

– Асабліва мне падабалася чытаць пра вучэнні. А яшчэ я з цікавасцю чытаў артыкулы пра Другую сусветную вайну. Гэта важная частка гісторыі, таму ў вас шмат цікавых і пазнавальных артыкулаў на гэтую тэму, – распавёў кітайскі афіцэр. – Аднойчы быў гледачом на ваенным парадзе 3 ліпеня, мне вельмі спадабалася. Потым цікава было прачытаць пра мерапрыемства ў ваеннай газеце.

Нядаўна Кітай сустрэў «Дашу» (не блытаць з жаночым імем) – асаблівы перыяд года. У перакладзе з кітайскага – «вялікая спякота». Па традыцыйным кітайскім календары, які падзяляе год на 24 сезоны, цяперашні – самы спякотны. Вось чым тлумачыцца такое спякотнае надвор’е ў гэтыя дні: слупкі тэрмометраў трымаюцца на адзнаках 40-45 градусаў па Цэльсіі.

Капітан Яўген Доўгаль, «Ваяр», фота аўтара

Корла – Мінск