Міністр абароны Рэспублікі Беларусь уручыў Баявы Сцяг 1146-му зенітнаму ракетнаму палку

Міністр абароны Рэспублікі Беларусь уручыў Баявы Сцяг 1146-му зенітнаму ракетнаму палку

1 чэрвеня ў Астравецкім раёне Гродзенскай вобласці прайшлі ўрачыстыя мерапрыемствы, звязаныя з уручэннем Баявога Сцяга 1146-му гвардзейскаму зенітнаму ракетнаму палку ВПС і войскаў СПА і адкрыццём новага ваеннага гарадка.

У мерапрыемствах прынялі ўдзел Міністр абароны Рэспублікі Беларусь генерал-лейтэнант Андрэй Раўкоў, прадстаўнікі ВПС і войскаў СПА, мясцовых органаў улады, грамадскіх арганізацый, ветэраны.

Кіраўнік ваеннага ведамства ўручыў камандзіру палка Баявы Сцяг, які лічыцца сімвалам воінскага гонару, доблесці і славы, служыць напамінам кожнаму ваеннаслужачаму аб гераічных традыцыях і свяшчэнным абавязку – абароне Айчыны.

Сімвалічна, што гэта знамянальная падзея ў гісторыі воінскай часці прайшла ў год 100-годдзя Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. 1146-ы гвардзейскі зенітны ракетны полк – гэта легендарная гвардзейская воінская часць з гісторыяй, якая пачалася ў суровым 1941 годзе.

Служыць у палку з такой гісторыяй ганарова і вельмі адказна. І цяперашняе пакаленне годна працягвае ратныя традыцыі сваіх папярэднікаў.

Ганарацца ваеннаслужачыя палка і тым, што армейскую святыню яны сустракаюць у новым ваенным гарадку.

Штаб воінскай часці, навучальны корпус, казармы, клуб, парк баявых машын, усе будынкі і збудаванні – усё абсалютна новае. Навучальныя класы абсталяваны сучаснай аргтэхнікай, макетамі і ўзорамі ўзбраення. Варта адзначыць, што полк укамплектаваны найноўшымі ўзорамі ўзбраення. Да прыкладу, у сваім класе зенітнаму ракетнаму комплексу «Тор-М2» няма роўных у свеце.

Пры фарміраванні палка да адбору асабовага складу камандаванне ВПС і войскаў СПА падышло з высокай адказнасцю. У часць падабралі лепшых спецыялістаў.

У ваеннаслужачых воінскай часці за плячыма слаўныя старонкі гісторыі, традыцыі і заслугі. Наперадзе – баявыя дзяжурствы і абарона паветраных рубяжоў нашай Радзімы і баявое хрышчэнне на палігоне Ашулук у Расіі.