Ваеннаслужачыя спяшаюцца на дапамогу

Ваеннаслужачыя спяшаюцца на дапамогу

Каляндарная вясна, якая наступіла, не спяшаецца саграваць нас цяплом. У першыя сакавіцкія дні сталіцу засыпала снегам. У Мінску быў аб’яўлены аранжавы ўзровень небяспекі. На барацьбу са стыхіяй былі кінутыя ўсе сілы камунальных службаў. У цяжкую хвіліну ім на дапамогу прыйшлі ваеннаслужачыя.

Плячом да пляча з супрацоўнікамі дзяржаўнага прадпрыемства «ЖЭУ №3 Першамайскага раёна г. Мінска» з прыроднай анамаліяй змагаліся ваеннаслужачыя 483-га асобнага батальёна аховы і абслугоўвання (камандавання ВПС і войскаў СПА). Тузіны бравых хлопцаў, узброіўшыся рыдлёўкамі, з энтузіязмам выйшлі на бой з прыродным катаклізмам. А работы было нямала: пад тоўшчай снегу апынуліся ўваходы ў пад’езды, дарогі, парковачныя месцы... Мясцовыя жыхары перажывалі, што ў выпадку вострай неабходнасці выкліку аварыйных або выратавальных службаў апошнія папросту не змогуць пад’ехаць да дома. Але ў лічаныя гадзіны сітуацыя змянілася. Дружная каманда ваеннаслужачых справілася з буянствам стыхіі.

Малодшы сяржант Юрый Мельнік расказаў, чаму ён першым вызваўся прыйсці на дапамогу.

– Нездарма пра Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь кажуць «армія народа», – адзначыў Юрый Мельнік. – Ваеннаслужачыя заўсёды гатовы працягнуць руку дапамогі грамадзянскаму насельніцтву. Усе мы – адна вялікая сям’я. Калі мы разам, нам не страшныя ніякія небяспекі.

Дзяржаўнае прадпрыемства «ЖЭУ №3 Першамайскага раёна г. Мінска» выказвае падзяку ваеннаслужачым за аказаную дапамогу.

– Ужо не ў першы раз ваеннаслужачыя 483 абаа (камандавання ВПС і войскаў СПА) дапамагаюць нам у цяжкую хвіліну, – адзначыў дырэктар прадпрыемства Аляксей Андрэеў. – Прыемна бачыць надзейную апору і падтрымку ў асобе людзей у пагонах.

Снег працягвае выпадаць, замятаючы расчышчаныя ўчасткі. А гэта значыць, што працаўнікам камунальных службаў і ваеннаслужачым рана расслабляцца – наперадзе шмат работы.

Старшы лейтэнант Артур Грыгаран, «Ваяр», фота аўтара