- Навіны
- Узброеныя Сілы
- Ваенная адукацыя
Моцныя маразы пануюць у Беларусі ўжо другі тыдзень. Слупок тэрмометра няўмольны, у некаторых раёнах рэспублікі ён апускаецца да –20˚С. Пры такім надвор’і прабыць на вуліцы хоць паўгадзіны ўжо сур’ёзнае выпрабаванне для непадрыхтаванага чалавека. Не кажучы ўжо пра больш працяглы час…
…Траса Мінск – Слуцк. Вяртаючыся ўвечары са службы, камандзір в/ч 39872 падпалкоўнік Аляксей Лісіца заўважыў аўтобус, які стаіць. Дзверы і капот былі адкрыты, людзі стаялі на вуліцы. Як аказалася, гэта былі працаўнікі ААТ «Заслаўебудіндустрыя», якія вярталіся з працы. З кароткай размовы з вадзіцелем камандзір брыгады даведаўся: у аўтобусе замерзла дызельнае паліва, і машына з амаль паўсотняй пасажыраў прастаяла больш за дзве гадзіны ў чаканні дапамогі.
Афіцэр адразу ж загадаў сваім падначаленым пачаць эвакуацыю людзей.
– Людзі ўжо моцна змерзлі, сярод іх былі жанчыны, – распавёў Аляксей Аляксандравіч. – Таму мы пачалі аказваць ім дапамогу сваімі сіламі. Праблема была яшчэ ў тым, што аўтобус стаяў у небяспечным месцы, а вакол ужо было цёмна, і гэта магло стаць прычынай ДТЗ. Мой вадзіцель адразу ж паставіў аўтамабіль побач, уключыўшы аварыйнае асвятленне. Затым людзей перавезлі ў воінскую часць, дзе яны змаглі сагрэцца, папіць гарачай гарбаты, перакусіць. А аўтобус цягачом воінскай часці мы адбуксіравалі ў бяспечнае месца. На шчасце, усё скончылася добра – усе жывыя і здаровыя. Упэўнены, на маім месцы любы афіцэр зрабіў бы так жа... Ваеннаслужачыя заўсёды гатовыя прыйсці на дапамогу грамадзянскім людзям у складанай сітуацыі.
Старшы лейтэнант Максім Гарлуковіч, «Ваяр», фота Віталя Дамарада