- Навіны
- Узброеныя Сілы
- Ваенная адукацыя
15 мая 2017 г. пачалася адпраўка грамадзян Рэспублікі Беларусь, прызваных на тэрміновую ваенную службу, службу ў рэзерве ў злучэнні і воінскія часці Узброеных Сіл, іншыя войскі і воінскія фарміраванні.
Аднымі з асноўных задач прызыву грамадзян на тэрміновую ваенную службу з’яўляюцца забеспячэнне выканання грамадзянамі нашай краіны свайго канстытуцыйнага абавязку і падрыхтоўка мабілізацыйнага рэсурсу.
Урачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя пачатку адпраўкі новага папаўнення ў войскі, прайшлі ў сталіцы і ва ўсіх абласных цэнтрах краіны.
У першы дзень адпраўкі ў войскі накіравана каля 1 000 прызыўнікоў, якія папоўняць рады сіл спецыяльных аперацый, Сухапутных войскаў і Мінскай ваеннай камендатуры.
Урачыстыя цырымоніі адпраўкі грамадзян мінскага рэгіёну прайшлі 15 мая на Мінскім гарадскім зборным пункце і мемарыяльным комплексе «Курган Славы». У іх прынялі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства абароны, Мінскага абласнога выканаўчага камітэта, адміністрацыі сталіцы, грамадскіх арганізацый, ветэраны, родныя і блізкія прызыўнікоў. У гэты дзень каля 250 чалавек, прызваных ваеннымі камісарыятамі горада Мінска і Мінскай вобласці, папоўняць рады Узброеных Сіл.
Усяго на ўкамплектаванне Узброеных Сіл, іншых войскаў і воінскіх фарміраванняў Рэспублікі Беларусь плануецца накіраваць каля дзесяці тысяч чалавек. Акрамя таго, для праходжання службы ў рэзерве ў гэты ж перыяд плануецца накіраваць каля тысячы чалавек.
Прызыў грамадзян на тэрміновую ваенную службу ў лютым-маі 2017 года ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 27 студзеня 2017 г. № 29.
У адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь выкліку на прызыўныя камісіі вясной бягучага года падлягае каля 50 тысяч маладых людзей.
У цяперашні час у ваенных камісарыятах краіны завяршаецца медыцынскі агляд прызыўнікоў. Прызыўнымі камісіямі раёнаў (гарадоў) у дачыненні да грамадзян ужо прынята больш за 30 тысяч рашэнняў. Прадастаўлена больш за 20 тысяч адтэрміновак, большую частку з якіх – больш за 80% – складаюць адтэрміноўкі для прадаўжэння адукацыі. Акрамя таго, дадзены адтэрміноўкі грамадзянам па стане здароўя, сямейным становішчы, для атрымання ваенна-тэхнічных спецыяльнасцяў, у сувязі з ажыццяўленнем дэпутацкіх паўнамоцтваў і на падставе ўказаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Прадстаўнікі воінскіх часцей завяршылі планавую работу ў ваенных камісарыятах раёнаў (гарадоў) па ўсебаковым вывучэнні і адборы прызыўнікоў для камплектавання Узброеных Сіл, іншых войскаў і воінскіх фарміраванняў Рэспублікі Беларусь.
Адпраўка новага папаўнення ў войскі з абласных зборных пунктаў краіны, якая пачалася сёння, працягнецца да 31 мая 2017 года.
Цырымонія прыняцця Ваеннай прысягі ў нядаўна прыбыўшага папаўнення ў злучэннях і воінскіх часцях Узброеных Сіл адбудзецца 10 чэрвеня 2017 года.
Звальненне ў запас ваеннаслужачых, якiя выслужылi ўстаноўленыя тэрмiны тэрміновай ваеннай службы, будзе праведзена ў адпаведнасці з заканадаўствам своечасова – у маі 2017 года.