Аператыўны збор каманднага складу Узброеных Сіл

Аператыўны збор каманднага складу Узброеных Сіл

26 кастрычніка 2016 года на базе 230-га агульнавайсковага палігона пачаўся аператыўны збор каманднага складу Узброеных Сіл.

Мерапрыемства праходзіць пад кіраўніцтвам Міністра абароны Рэспублікі Беларусь генерал-лейтэнанта Андрэя Раўкова.

У правядзенні збору прымаюць удзел кіраўнікі органаў ваеннага кіравання, камандзіры і начальнікі штабоў злучэнняў і воінскіх часцей, начальнікі ваенных навучальных устаноў, слухачы факультэта Генеральнага штаба Узброеных Сіл, ваенныя камісары.

Тэма збору: «Накіраванасць падрыхтоўкі Узброеных Сіл па прызначэнні, парадак вырашэння задач навучання службовых асоб органаў ваеннага кіравання, войскаў (сіл) у 2016/2017 навучальным годзе. Арганізацыя падрыхтоўкі войскаў (сіл) па прызначэнні».

Мэтай збору з’яўляецца выпрацоўка адзінага разумення камандным складам Узброеных Сіл паслядоўнасці і спосабаў навучання органаў ваеннага кіравання, войскаў (сіл) з улікам накіраванасці падрыхтоўкі Узброеных Сіл у навучальным годзе, арганізацыі паўсядзённай дзейнасці войскаў (сіл) у ходзе вырашэння пастаўленых задач.

У гэтым годзе мерапрыемства пройдзе ў два этапы: першы – 26 і 27 кастрычніка на базе 230-га агульнавайсковага палігона «Абуз-Лясноўскі», воінскай часці 54804 і 120-й зенітнай ракетнай брыгады ВПС і войскаў СПА; другі – пройдзе 28 кастрычніка на базе ўстановы адукацыі «Ваенная акадэмія Рэспублікі Беларусь».

Такая форма правядзення дазволіць больш якасна выканаць задачы збору.

У ходзе збору яго ўдзельнікам будуць даведзены асноўныя прынцыпы правядзення вучэбных заняткаў, у тым ліку ў рамках арганізацыі баявога зладжвання, з выкарыстаннем вучэбнай матэрыяльнай базы палігонаў і падраздзяленняў, а таксама прадэманстраваны новыя (мадэрнізаваныя) узоры УВСТ, якія знаходзяцца на ўзбраенні.

У канцы другога этапу адбудзецца пасяджэнне калегіі Міністэрства абароны, на якім будуць падведзены вынікі падрыхтоўкі Узброеных Сіл да выканання задач па прызначэнні ў 2015/2016 навучальным годзе, а таксама пастаўлены задачы на 2016/2017 навучальны год.

Традыцыйна аператыўны збор завершыцца правядзеннем Міністрам абароны прыёму і ўшанавання камандзіраў злучэнняў і воінскіх часцей, якія дабіліся лепшых вынікаў у навучальным годзе.