- Навіны
- Узброеныя Сілы
- Ваенная адукацыя
Штогод, у трэцюю нядзелю жніўня, у Рэспубліцы Беларусь адзначаецца Дзень Ваенна-паветраных сіл. Гэтае свята аб’яднала ў сабе гераічную гісторыю ваеннай авіяцыі, яе баявыя традыцыі, павагу і любоў народа да абаронцаў паветраных рубяжоў Айчыны.
У сваім станаўленні і развіцці Ваенна-паветраныя сілы прайшлі складаны шлях ад авіяцыі поршневай да авіяцыі рэактыўнай, сталі ўсепагоднымі, маюць на ўзбраенні сучасныя авіяцыйныя комплексы.
Ля вытокаў ваеннай авіяцыі стаялі выдатныя людзі, адданыя краіне і Ваенна-паветраным сілам афіцэры, якія пакінулі свой след у небе Беларусі, вопытныя асы, якія ведаюць цану перамогам над ворагам.
Менавіта яны, лётчыкі старэйшых пакаленняў, з самага пачатку паднялі планку лётнага майстэрства, мужнасці, адказнасці на належную вышыню, заклалі трывалы падмурак ваеннай авіяцыі.
Самым суровым выпрабаваннем для авіяцыі стала Вялікая Айчынная вайна. З першых яе хвілін, нягледзячы на цяжкія страты, авіятары Заходняга фронту ўступілі ў няроўны бой, нанеслі адчувальныя ўдары па ворагу, праявілі мужнасць і гераізм у барацьбе з ворагам.
Пачатак сучаснай гісторыі беларускай ваеннай авіяцыі быў пакладзены ў 1992 годзе – з прыняцця рашэння аб фарміраванні Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. На базе 26-й Паветранай арміі фарміраваліся Ваенна-паветраныя сілы незалежнай Беларусі, якія ў канцы 2001 года арганізацыйна аб’яднаны ў складзе новага віду Узброеных Сіл – Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны.
Удасканаленне і развіццё авіяцыі ВПС і войскаў СПА ажыццяўляецца з улікам сусветных тэндэнцый развіцця форм і спосабаў прымянення груповак войскаў, стварэння і ўдасканалення ўзбраення і ваеннай тэхнікі ў рамках рэалізацыі Плана будаўніцтва і развіцця Узброеных Сіл да 2020 года. У 2015 годзе на ўзбраенне ВПС і войскаў СПА паступілі найноўшыя вучэбна-баявыя самалёты Як-130, якія не маюць аналагаў у сваім класе. Па даручэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка, праведзены капітальны рамонт 10 самалётаў МіГ-29.
У бліжэйшы час будзе ажыццёўлена пастаўка верталётаў Мі-8 МТВ-5. Прынята рашэнне аб закупцы 4-х Як-130.
Сёння авіяцыя ВПС і войскаў СПА часткай сіл і сродкаў, разам з воінскімі часцямі зенітных ракетных і радыётэхнічных войскаў, нясуць сумеснае баявое дзяжурства па супрацьпаветранай абароне дзяржавы, забяспечваючы наш суверэнітэт ва Усходне-Еўрапейскім рэгіёне калектыўнай бяспекі. Экіпажы паветраных судоў выконваюць і іншыя не менш важныя баявыя задачы: ажыццяўленне пошукава-выратавальных работ, задачы ў рамках ўзаемадзеяння з падраздзяленнямі МНС і Дзяржаўнага пагранічнага камітэта, аказанне дапамогі органам унутраных спраў у праваахоўнай дзейнасці, прадастаўленне ў экстраных выпадках паветраных судоў для аказання медыцынскай дапамогі.
Цяперашняе пакаленне ваенных лётчыкаў настойліва ўдасканальвае лётную вывучку, наглядна дэманструе высокую гатоўнасць і ўменне вырашаць складаныя вучэбна-баявыя задачы.
Авіяцыя Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны ў 2016 годзе, падтрымліваючы пастаянную гатоўнасць сіл і сродкаў да выканання задач па прызначэнні, вырашала найшырэйшы спектр задач.
Па планах сумеснай падрыхтоўкі са злучэннямі, часцямі і падраздзяленнямі родаў войскаў ВПС і войскаў СПА, войскаў аператыўных камандаванняў, Сіл спецыяльных аперацый, сілавых ведамстваў выканана больш за 1200 вылетаў, перавезена амаль 150 тон грузаў.
У бягучым годзе праведзены цэлы шэраг лётна-тактычных вучэнняў авіяцыйных воінскіх часцей і падраздзяленняў. На былым палігоне «Палескі» экіпажамі 116-й гвардзейскай штурмавой авіяцыйнай базы выканана 8 баявых пускаў кіруемых ракет «паветра-паветра» з Як-130. З 2012 года задачу падрыхтоўкі экіпажаў знішчальнай авіяцыі мы вырашаем без перабазіравання на палігоны Расійскай Федэрацыі і дадатковых матэрыяльных затрат.
Высокае лётнае майстэрства прадэманстравалі экіпажы авіяцыйных воінскіх часцей у ходзе паветранага параду ў азнаменаванне Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Інжынерна-тэхнічны склад з гонарам выканаў ускладзеныя на яго задачы па падрыхтоўцы авіяцыйнай тэхнікі паветранага эшалона галоўнага свята краіны.
Упершыню ў гісторыі авіяцыі на АУД у начных умовах прызямліліся Як-130, Су-25, пілатуемыя лётчыкамі 116-й гвардзейскай Чырванасцяжнай Радамскай штурмавой авіяцыйнай базы і МіГ-29 – 61-й знішчальнай авіяцыйнай базы.
Беларускія лётчыкі на самалётах Су-25 і верталётах Мі-8 у ходзе правядзення «Армейскіх міжнародных гульняў – 2016» прадэманстравалі высокае майстэрства і прафесіяналізм. Заваяваўшы на такім прэстыжным конкурсе сярэбраныя медалі, нашы лётчыкі ў чарговы раз даказалі, што ў Рэспубліцы Беларусь створана магутная, эфектыўная сучасная школа лётнай падрыхтоўкі.
Сучаснае пакаленне воінаў-авіятараў паспяхова вырашае задачы па забеспячэнні ваеннай бяспекі дзяржавы. Штодзённая карпатлівая работа лётнага і інжынерна-тэхнічнага складу авіяцыйных часцей накіравана на павышэнне баявой гатоўнасці ВПС і войскаў СПА і з’яўляецца дастойным укладам у справу забеспячэння ваеннай бяспекі нашай дзяржавы.