- Навіны
- Узброеныя Сілы
- Ваенная адукацыя
25 верасня 2015 года пад старшынствам Міністра абароны Рэспублікі Беларусь генерал-лейтэнанта Андрэя Раўкова адбыўся 5-ы Афіцэрскі сход Узброеных Сіл.
Для ўдзелу ў форуме ў Мінску сабралася больш за 350 афіцэраў з усіх ваенных гарнізонаў краіны.
У мерапрыемстве прыняў удзел выконваючы абавязкі дзяржаўнага сакратара Савета Бяспекі Рэспублікі Беларусь Станіслаў Зась.
Асноўную ўвагу дэлегаты аддалі разгляду пытанняў, звязаных з работай Афiцэрскiх сходаў па забеспячэнні асабістай прыкладнасці афіцэрскага корпуса ў падтрыманні баявой гатоўнасці, дысцыпліны і правапарадку, павышэнні культурнага ўзроўню і фарміраванні здаровага ладу жыцця ваеннаслужачых і членаў іх сем’яў, удзеле ў ваенна-патрыятычным выхаванні дапрызыўнай моладзі і ўзаемадзеянні з ветэранскімі арганізацыямі.
З дакладам перад прысутнымі выступіў Міністр абароны Рэспублікі Беларусь генерал-лейтэнант Андрэй Раўкоў, які прааналізаваў вынікі выканання задач, пастаўленых перад афіцэрскім корпусам 4-м Афіцэрскім сходам Узброеных Сіл, а таксама вызначыў асноўныя напрамкі дзейнасці на наступныя пяць гадоў.
– Сёння мы можам канстатаваць, што афіцэрскі корпус з гонарам выканаў складаныя і адказныя задачы, якія стаяць перад беларускай арміяй. Паспяхова функцыянуе сістэма кіравання Узброенымі Сіламі. Пабудавана прынцыпова новая рацыянальная і эфектыўная сістэма ўзаемадзеяння Міністэрства абароны і Генеральнага штаба з іншымі рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання па пытаннях забеспячэння ваеннай бяспекі краіны, – адзначыў кіраўнік ваеннага ведамства.
Кажучы аб аптымізацыі структуры Узброеных Сіл, Міністр абароны выказаў удзячнасць афіцэрам за разуменне сутнасці пераўтварэнняў, узорнае выкананне воінскага абавязку і адзначыў, што ў выніку праведзенай работы колькасць арміі прыведзена ў адпаведнасць з рацыянальнымі паказчыкамі аб’ектыўнай дастатковасці для абароны і эканамічнымі магчымасцямі дзяржавы, а арганізацыйна-штатныя структуры злучэнняў і воінскіх часцей – у адпаведнасць з вырашаемымі задачамі. Аптымізаваны дыслакацыя войскаў і базіраванне авіяцыі. Як вынік – забяспечана павышэнне баявога патэнцыялу Узброеных Сіл. Удасканалены склад, структура, задачы і спосабы прымянення сіл неадкладнага рэагавання і хуткага разгортвання.
Працягвалася мадэрнізацыя і пастаўка ў войскі новых узораў узбраення. У рамках рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы ўзбраення на 2011-2015 гады штогод прымалася на ўзбраенне да 25 новых узораў.
Прыярытэтная ўвага надавалася ўдасканаленню прафесійнай падрыхтаванасці ваенных кадраў. Паспяхова функцыянуе аптымальная бесперапынная, шматузроўневая сістэма падрыхтоўкі афіцэрскіх кадраў і малодшых ваенных спецыялістаў, у тым ліку ваенна-навучанага рэзерву. А тое, што сярод выпускнікоў факультэта з 2010 года афіцэры іншых дзяржаў, на думку Міністра абароны, сведчыць пра высокі ўзровень і, як вынік, запатрабаванасць беларускай сістэмы ваеннай адукацыі за межамі нашай краіны.
Далейшае развіццё атрымала нацыянальная сістэма падрыхтоўкі лётчыкаў. У бягучым годзе ВПС і войскі СПА прыступілі да іх навучання на новых вучэбна-баявых самалётах Як-130.
Надзейнасць сістэмы забеспячэння ваеннай бяспекі дзяржавы пацверджана вынікамі праведзеных вучэнняў, у тым ліку сумесных з Расійскай Федэрацыяй «Шчыт Саюза – 2011», «Захад – 2013», «Шчыт Саюза – 2015».
Галоўную ролю ў дасягненні мэтаў і задач будаўніцтва і развіцця Узброеных Сіл іграюць афіцэрскія кадры. Кажучы пра гэта, Міністр абароны асабліва адзначыў узорнае выкананне абавязкаў большасцю афіцэраў.
Адным з паказчыкаў стану Узброеных Сіл, іх кіруемасці з’яўляецца правапарадак. Вынікам работы ў гэтым напрамку з’яўляецца радыкальнае зніжэнне злачыннасці за пяцігоддзе ў параўнанні з аналагічным перыядам.
Каэфіцыент злачыннасці скараціўся з 2,71 у 2010 годзе да 1,71 у мінулым і да 1,3 у бягучым годзе. Гэта самыя нізкія паказчыкі за ўсю гісторыю Узброеных Сіл Беларусі. Агульнае скарачэнне за пяць гадоў – у два з лішнім разы.
У бягучым годзе 91 працэнт воінскіх часцей Узброеных Сіл жывуць без здарэнняў і злачынстваў.
І тут галоўная роля, на думку генерал-лейтэнанта Андрэя Раўкова, адводзіцца Афіцэрскаму сходу.
– Там, дзе Афіцэрскі сход займае прынцыповую пазіцыю і непасрэдна ўдзельнічае ў маральным выхаванні, там няма правапарушэнняў, там створана нармальная псіхалагічная атмасфера, умовы для прафесійнага росту афіцэраў і захавання лепшых афіцэрскіх традыцый, – адзначыў Міністр абароны.
Патрабаванні да Узброеных Сіл ляглі ў аснову Канцэпцыі іх будаўніцтва і развіцця да 2020 года, якая рэалізуецца ў цяперашні час.
Міністр абароны даручыў надаць самую пільную ўвагу развіццю мабільнага кампанента Узброеных Сіл, а асноўныя намаганні ў падрыхтоўцы войскаў засяродзіць на навучанні сучасным спосабам вядзення ўзброенай барацьбы.
Асноўнымі напрамкамі будаўніцтва і развіцця Узброеных Сіл на бліжэйшае пяцігоддзе кіраўнік ваеннага ведамства назваў такія, як далейшая аптымізацыя баявога і колькаснага складу Узброеных Сіл, выбарчае пераўзбраенне на новыя комплексы і сістэмы ўзбраення і ваеннай тэхнікі з наданнем прыярытэту сістэмам кіравання, разведкі, радыёэлектроннай барацьбы, супрацьпаветранай абароны, ракетным войскам і сілам спецыяльных аперацый. Плануецца таксама захоўваць кадравы патэнцыял Узброеных Сіл, павышаць узровень укамплектаванасці пасад афіцэрскім складам, прапаршчыкамі, ваеннаслужачымі, якія праходзяць службу па кантракце.
Яшчэ адной ключавой задачай для ўсяго афіцэрскага складу з’яўляецца непасрэдны ўдзел у патрыятычным выхаванні: «Тут неабходны асабісты прыклад афіцэраў. Гэта патрабаванне кіраўніка дзяржавы будзе няўхільна ператварацца ў жыццё», – падкрэсліў Міністр абароны.
У завяршэнне кіраўнік ваеннага ведамства паставіў перад Афіцэрскімі сходамі задачы па далейшым удасканаленні сістэмы падрыхтоўкі афіцэрскіх кадраў, падтрыманні галоўных традыцый, якія забяспечваюць фарміраванне высокіх афіцэрскіх якасцяў, удасканаленні работы па выхаванні ў грамадзян пачуцця патрыятызму, забеспячэнні кансалідацыі ўсіх патрыятычных сіл, актыўным ўзаемадзеянні з Беларускім саюзам афіцэраў . Генерал-лейтэнант Андрэй Раўкоў выказаў удзячнасць афіцэрскаму корпусу Узброеных Сіл, Беларускаму саюзу афіцэраў за прынцыповую пазіцыю ў абароне нацыянальных інтарэсаў і самаадданую працу на карысць Айчыны.
5-ы Афіцэрскі сход Узброеных Сіл прыняў зварот да ўсіх ваеннаслужачых, якія знаходзяцца на ваеннай службе, у запасе і ў адстаўцы, членаў іх сем’яў з заклікам выказаць усялякую падтрымку на маючых адбыцца выбарах Галоўнакамандуючаму Узброенымі Сіламі Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка і даказаць гэта сваёй ратнай працай па надзейным забеспячэнні міру і бяспекі на беларускай зямлі ў імя моцы і росквіту нашай Айчыны.