У рамках лётна-тактычнага вучэння беларускія лётчыкі ўпершыню адпрацавалі пасадку самалёта Ан-26 на аэрадромны ўчастак дарогі

У рамках лётна-тактычнага вучэння беларускія лётчыкі ўпершыню адпрацавалі пасадку самалёта Ан-26 на аэрадромны ўчастак дарогі

У адпаведнасці з Планам падрыхтоўкі Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны з 22 па 24 верасня 2015 года пад кіраўніцтвам намесніка камандуючага ВПС і войскамі СПА – начальніка авіяцыі палкоўніка Аляксандра Карава праводзіцца лётна-тактычнае вучэнне з 61-й знішчальнай авіяцыйнай базай ВПС і войскаў СПА.

Мэтай падобных мерапрыемстваў з’яўляецца адпрацоўка пытанняў выкарыстання ўчасткаў аўтамабільных дарог у якасці запасных аэрадромаў і аэрадромаў разгрупавання авіяцыі, падрыхтоўка лётнага складу да выканання палётаў з аэрадромных участкаў дарог. Дадзеныя мерапрыемствы праходзяць ва Узброеных Сілах нашай краіны пастаянна.

У перыяд правядзення вучэння адпрацоўваюцца наступныя вучэбна-баявыя задачы: пасадка на аэрадромны ўчастак аўтамабільнай дарогі; дзеянні знішчальнай авіяцыі па знішчэнні паветраных цэляў; патруляванне паветранай прасторы паблізу Дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь, выкананне бамбакідання на палігонах Рэспублікі Беларусь.

23 верасня былі адпрацаваны пытанні выкарыстання аўтамабільных участкаў дарог у якасці запасных аэрадромаў. Самалёты МіГ-29, Ан-26 і Су-25 ажыццявілі пасадку на аэрадромны ўчастак аўтамабільнай дарогі з наступнай падрыхтоўкай іх да паўторнага вылету для далейшага выканання задач па прызначэнні. Выкананне дадзенага элемента з’яўляецца дастаткова складаным, таму што аўтамабільны ўчастак дарогі не абсталяваны такой сістэмай навігацыі, як аэрадром. Для лётчыкаў гэта з’яўляецца найважнейшым фактарам павышэння майстэрства, а таксама выпрацоўкі псіхалагічнай гатоўнасці выканаць баявую задачу пры ажыццяўленні мерапрыемстваў па разгрупаванні авіяцыі.

У рамках міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва ў якасці назіральнікаў на вучэнні прысутнічалі прадстаўнікі Народна-вызваленчай арміі Кітая.

У перыяд правядзення вучэнні з 61-й ЗАБ для выканання палётаў з аэрадромнага ўчастку аўтамабільнай дарогі і забеспячэння выканання вучэбна-баявых задач, акрамя экіпажаў 61-й ЗАБ, былі прыцягнуты экіпажы і авіяцыйная тэхніка 116-й гвардзейскай штурмавой авіяцыйнай базы і 50-й змешанай авіяцыйнай базы ВПС і войскаў СПА.

Прыкрыццё «аэрадрома» ажыццяўлялася не толькі з паветра, але і на зямлі сіламі тактычнага дэсанту.

У забеспячэнні палётаў былі задзейнічаны розныя воінскія часці, падраздзяленні і службы ВПС і войскаў СПА. На асабовы склад падраздзяленняў войскаў сувязі і радыётэхнічнага забеспячэння былі ўскладзены задачы забеспячэння радыёсувяззю, на падраздзяленні радыётэхнічных войскаў – радыёлакацыйны кантроль палётаў авіяцыі па зададзеных маршрутах, выдача радыёлакацыйнай інфармацыі на пункты баявога кіравання авіяцыяй.

Сур’ёзныя задачы вырашалі падраздзяленні інжынерна-аэрадромнага, тэхнічнага і тылавога забеспячэння: гэта не толькі падрыхтоўка аэрадромнага ўчастку аўтамабільнай дарогі, запраўка самалётаў, але і ажыццяўленне маскіроўкі авіяцыйнай тэхнікі і сродкаў наземнага забеспячэння пасля пасадкі самалётаў.

Правядзенню палётаў з аэрадромнага ўчастку аўтамабільнай дарогі папярэднічала вялікая падрыхтоўчая работа. Былі адпрацаваны пытанні арганізацыі ўзаемадзеяння службовых асоб пунктаў кіравання з экіпажамі самалётаў і верталётаў, штурманскага забеспячэння і забеспячэння бяспекі палётаў. З лётным складам праведзены трэніровачныя палёты. Арганізавана ўзаемадзеянне з раённымі і выканаўчымі органамі ўлады для забеспячэння палётаў з аэрадромнага ўчастку аўтамабільнай дарогі.