- Навіны
- Узброеныя Сілы
- Ваенная адукацыя
У мерапрыемстве ўдзельнічаюць афіцыйныя прадстаўнікі прыкладна 100 краін, рэгіёнаў і міжнародных арганізацый. Больш за 60 удзельнікаў маштабнага форуму — кіраўнікі абаронных ведамстваў або начальнікі генеральных штабоў Узброеных Сіл.
Перш чым заняць месца ў прэзідыуме 13-га Сяншаньскага міжнароднага форуму па бяспецы, Міністр абароны Беларусі паспеў правесці «экспрэс-перагаворы» з прадстаўнікамі прыкладна дзясятка краін.
Як паказвае практыка, частка з іх у бліжэйшы час ператворыцца як мінімум у афіцыйныя візіты.
***
Кіраўнік абароннага ведамства генерал-лейтэнант Віктар Хрэнін звярнуўся да ўдзельнікаў 13-га Сяншаньскага форуму:
— Паважаныя дамы і спадары!
20 гадоў таму на кітайскай зямлі ўпершыню быў праведзены Пекінскі Сяншаньскі форум. Не будзе перабольшаннем сказаць, што за гэты час ён набыў статус мерапрыемства, якога з нецярпеннем чакаюць як афіцыйныя прадстаўнікі дзясяткаў краін і міжнародных арганізацый, так і эксперты з усяго свету.
За поспехам гэтага мерапрыемства, несумненна, стаіць велізарная арганізацыйная работа і нязменная гасціннасць Кітая. Але галоўная прычына запатрабаванасці форуму — гэта сфарміраваны прафесійны, адкрыты і сумленны дыялог па пытаннях бяспекі і супрацоўніцтва.
Для мяне вялікі гонар прадстаўляць тут Рэспубліку Беларусь і падзяліцца нашым бачаннем праблем міжнароднай бяспекі на сучасным этапе.
Сёлетні Сяншаньскі форум праходзіць у момант сур'ёзных выпрабаванняў. Працягваецца канфлікт на тэрыторыі Украіны. Узброенымі супрацьстаяннямі ахоплены Блізкі Усход. Узмацняецца ваенная актыўнасць у Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне. Адбываецца паступовая мілітарызацыя Арктыкі.
Усе гэтыя працэсы невыпадковыя. Яны цесна звязаны з глыбокай трансфармацыяй сусветнага ўкладу. На нашых вачах набывае канкрэтныя абрысы шматпалярная міжнародная архітэктура, якая прапануе новыя, больш збалансаваныя і прывабныя мадэлі развіцця.
Відавочна, што змены такога сур'ёзнага маштабу не маглі не пацягнуць за сабой значную турбулентнасць у міждзяржаўных адносінах, а следам і крызіс сістэмы глабальнай бяспекі.
Яго прычыны не раз станавіліся прадметам шырокага абмеркавання, экспертных дыскусій і перамоў на самым высокім узроўні. Магчыма, іх галоўны вынік заключаецца ў тым, што ўсё больш разумення набывае простая, але прынцыпова важная думка: неабходна адмовіцца ад узаемных абвінавачанняў на карысць пошуку кампрамісу.
Што ж магчыма, на наш погляд, зрабіць у цяперашніх умовах, каб пераадолець сістэмны крызіс ранейшай мадэлі бяспекі?
Першае.
Мы абавязаны спыніць рух свету да глабальнай канфрантацыі. Асаблівую адказнасць у гэтай справе нясуць ваенныя саюзы.
Яны павінны засяродзіць намаганні выключна на забеспячэнні калектыўнай бяспекі, а не станавіцца інструментам ціску на іншыя дзяржавы.
Другое.
Міжнароднае права павінна быць абавязковым для ўсіх і не дапускаць адвольнага тлумачэння.
Мы занадта часта бачым, як адны і тыя ж дзеянні атрымліваюць супрацьлеглую ацэнку ў залежнасці ад таго, хто іх здзяйсняе.
У адным выпадку гавораць аб агрэсіі супраць суверэннай дзяржавы, а ў іншым — аб неабходнасці ўзброенага ўмяшання. У адной сітуацыі санкцыі называюць незаконным ціскам, а ў другой — абвяшчаюць неабходнымі і апраўданымі.
Такая выбіральнасць разбурае давер да міжнароднай прававой сістэмы і істотна абмяжоўвае яе магчымасці, у першую чаргу па мірным урэгуляванні супярэчнасцей.
І тут мы павінны памятаць, што, нягледзячы на цэнтральную ролю Арганізацыі Аб'яднаных Нацый у сістэме міжнародных адносін, яе эфектыўнасць залежыць перш за ўсё ад палітычнай волі ўсіх без выключэння дзяржаў — членаў арганізацыі.
Трэцяе.
Асаблівую ўвагу неабходна надаць праблеме развіцця новых тэхналогій, а таксама распрацаваць адзіныя юрыдычныя і маральныя правілы іх прымянення.
Стварэнне смяротаносных аўтаномных сістэм, укараненне штучнага інтэлекту, выкарыстанне космасу з мэтай супрацьборства імкліва павышаюць рызыку непраднамернай і некантралюемай эскалацыі. Яе нельга дапусціць.
Чацвёртае.
Варта прызнаць, што да асноўных задач сучасных Узброеных Сіл адносіцца не толькі ўзброеная абарона дзяржавы, але і прадухіленне канфліктаў.
Галоўнай умовай стабільнасці міжнародных адносін з'яўляецца ўжо не баланс ваеннай сілы, а салідарная адказнасць і ўзаемны давер
Неабходна забяспечыць транспарэнтнасць, абмен ваеннай інфармацыяй, супрацоўніцтва паміж Узброенымі Сіламі, правядзенне сумесных вучэнняў антытэрарыстычнай і міратворчай накіраванасці. Крытычна важна, каб нормай стала паўнавартаснае выкарыстанне канкрэтных механізмаў камунікацыі ў крызісных сітуацыях.
80 гадоў таму, у 1946 годзе, былі прыняты першыя рэзалюцыі Генеральнай Асамблеі ААН, прысвечаныя пытанням міжнароднай бяспекі і раззбраення.
Тады, прайшоўшы праз сусветную вайну, дзяржавы змаглі сфармуляваць і ўпершыню ў глабальным маштабе рэалізаваць агульнае імкненне пазбегнуць новай трагедыі.
Аднак за мінулыя дзесяцігоддзі свет істотна змяніўся. Сёння перад міжнароднай супольнасцю стаіць не менш адказная задача: прывесці сістэму бяспекі ў адпаведнасць з рэаліямі нашага часу.
Рэспубліка Беларусь гатова над гэтым працаваць разам з іншымі краінамі.
Сфармуляваўшы ўжо добра вядомую ініцыятыву аб Еўразійскай хартыі разнастайнасці і шматпалярнасці ў XXI стагоддзі, мы мэтанакіравана ідзём па шляху стварэння ўстойлівай архітэктуры бяспекі і супрацоўніцтва ва ўмовах шматпалярнага свету.
Абмеркаванне гэтага праекта будзе працягнута на чацвёртай Міжнароднай канферэнцыі па еўразійскай бяспецы, якая пройдзе ў сталіцы беларускай дзяржавы, горадзе Мінску, у пачатку лістапада бягучага года.
Запрашаем усіх, каму неабыякавая будучыня рэгіёна і свету ў цэлым, далучыцца да гэтай сумеснай работы і выказаць сваё бачанне перспектыўнага светаўладкавання еўразійскай прасторы.
Зыходзім з таго, што чым больш дзяржаў будуць удзельнічаць у рэалізацыі ініцыятывы, тым больш дакладнымі будуць яе прынцыпы і дасканалымі механізмы.
Гатовы падтрымаць і іншыя прапановы, накіраваныя на карысць адзінага лёсу чалавецтва.
Паважаныя дамы і спадары!
Хачу падкрэсліць, што ўсе ініцыятывы і намаганні Рэспублікі Беларусь на міжнароднай арэне маюць адну мэту — захаваць мір і зрабіць бяспеку агульным здабыткам народаў.
Мір пачынаецца з дыялогу, а бяспека — з даверу. Мы адказваем за іх.
Дзякуй за ўвагу.
Фота Паўла Гузіча (ВоенТВ)