Задачы вучэння «Баявая садружнасць-2015» паспяхова выкананы

Задачы вучэння «Баявая садружнасць-2015» паспяхова выкананы

На палігоне Ашулук 10 верасня завяршылася актыўная фаза трэцяга этапу сумеснага вучэння войскаў аб’яднанай сістэмы супрацьпаветранай абароны дзяржаў-удзельніц СНД «Баявая садружнасць-2015». Сёння злучэнні і воінскія часці, якія ўдзельнічаюць у вучэнні, адпрацавалі пастаўленыя задачы ў ходзе баявых стрэльбаў. У вучэнні прынялі ўдзел падраздзяленні войскаў СПА ўзброеных сіл шасці дзяржаў-удзельніц СНД: Рэспублікі Арменія, Рэспублікі Беларусь, Рэспублікі Казахстан, Кыргызскай Рэспублікі, Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Таджыкістан.

У ходзе падрыхтоўкі да баявых дзеянняў у складзе кааліцыйнай групоўкі авіяцыі і войскаў СПА дзяржаў-удзельніц СНД разгорнута аўтаматызаваная сістэма кіравання, якая ўключае органы і пункты кіравання аператыўнага і аператыўна-тактычнага звяна. Спланавана і арганізавана прымяненне авіяцыі і войскаў СПА аб’яднанай групоўкі, арганізавана ўзаемадзеянне. Сфарміраваны аб’яднаны камандны пункт.

З пачаткам сумеснага вучэння, у адпаведнасці з задумай, праводзіцца перабазіраванне часткі сіл і сродкаў СПА ў новы пазіцыйны раён і стварэнне кааліцыйнай групоўкі авіяцыі і войскаў СПА дзяржаў-удзельніц СНД у рэгіёне ўзброенага канфлікту.

У мэтах стварэння абстаноўкі, набліжанай да рэальнага супрацьпаветранага бою, была створана складаная мішэнная абстаноўка. У якасці ўмоўнага паветранага праціўніка выступалі самыя сучасныя ракеты-мішэні «Армавір», «Бакас» і «Пішчаль-Б», якія імітуюць высокадакладную зброю.

Нашу краіну на вучэнні «Баявая садружнасць-2015» прадстаўлялі разлікі ЗРК «Бук» двух зенітных ракетных дывізіёнаў 120-й зенітнай ракетнай брыгады і С-300П двух зенітных ракетных дывізіёнаў 15-й зенітнай ракетнай брыгады, а таксама 5 знішчальнікаў МіГ-29 61-й знішчальнай авіяцыйнай базы ВПС і войскаў СПА Рэспублікі Беларусь. Усяго на вучэнне прыцягвалася каля 400 беларускіх ваеннаслужачых.

Задачы, пастаўленыя ў вучэннях «Баявая садружнасць-2015», паспяхова выкананы. Міністр абароны Рэспублікі Беларусь генерал-лейтэнант Андрэй Раўкоў падзякаваў расійскаму боку за магчымасць правядзення баявых стрэльбаў на палігоне Ашулук.

У ходзе вучэння адпрацоўваліся пытанні падрыхтоўкі і сумеснага прымянення кааліцыйных груповак авіяцыі і войскаў супрацьпаветранай абароны дзяржаў-удзельніц СНД у рэгіёнах калектыўнай бяспекі пры антытэрарыстычных дзеяннях і ва ўзброеных канфліктах.

Усяго ў вучэнні задзейнічана каля чатырох тысяч ваеннаслужачых, больш за дзвесце адзінак тэхнікі і ўзбраення, у тым ліку зенітныя ракетныя сістэмы С-400 «Трыумф», С-300 «Фаварыт», С-125, «Пячора-2М», «Бук», зенітныя ракетна-гарматныя комплексы «Панцыр-С».