- Навіны
- Узброеныя Сілы
- Ваенная адукацыя
27 чэрвеня 2015 года ў Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь адбудзецца чарговы выпуск афіцэраў.
Афіцэрскія пагоны на пляцы ваеннай ВНУ ў гэты дзень будуць уручаны як яго выпускнікам, так і тым, хто праходзіў навучанне на ваенных факультэтах грамадзянскіх вышэйшых навучальных устаноў (БДУ, БНТУ, БДУІР, БДМУ, БДАА). Усяго – больш за 700 чалавек.
Традыцыйна ва ўрачыстых мерапрыемствах прымуць удзел прадстаўнікі ваеннага ведамства, грамадскіх і ветэранскіх арганізацый, родныя і блізкія курсантаў.
Сярод выпускнікоў гэтага года 10 чалавек удастоены залатога медаля. Дыпломы з адзнакай атрымаюць яшчэ 22 чалавекі.
Асаблівым цяперашні выпуск стане для Ваеннай акадэміі – на факультэце сувязі і аўтаматызаваных сістэм кіравання адбудзецца восьмы выпуск дзяўчат-ваеннаслужачых. Пагоны лейтэнантаў упрыгожаць плечы 5 прадстаўніц прыгожага полу. На авіяцыйным факультэце ў другі раз лейтэнанцкія пагоны атрымаюць 5 дзяўчат-ваеннаслужачых.
У цяперашні час установа адукацыі "Ваенная акадэмія Рэспублікі Беларусь" уваходзіць у лік найбуйнейшых ВНУ краіны.
Восем факультэтаў ВНУ – агульнавайсковы, сувязі і аўтаматызаваных сістэм кіравання, супрацьпаветранай абароны, ваеннай разведкі, авіяцыйны, па падрыхтоўцы замежных ваенаслужачых, унутраных войскаў, ракетных войскаў і артылерыі і ракетна-артылерыйскага ўзбраення – рыхтуюць спецыялістаў па больш чым 50-ці ваенна-ўліковых спецыяльнасцях, практычна цалкам забяспечваючы патрэбнасць Узброеных Сіл і іншых сілавых структур у афіцэрскіх кадрах для замяшчэння пярвічных афіцэрскіх пасад.
Па заканчэнні ўрачыстай цырымоніі выпуску афіцэраў адбудзецца адкрыццё мастацкай экспазіцыі «Мінскі кацёл», якая пераехала са старога будынка Музея Вялікай Айчыннай вайны. Адкрыццё адбудзецца з удзелам кіраўніка ваеннага ведамства.
Урачыстыя мерапрыемствы таксама пройдуць у Гомелі і Гродне, дзе афіцэрскія пагоны атрымаюць 56 выпускнікоў ваенна-транспартнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту і ваеннага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.