Праверка сістэмы ўзмацнення аховы дзяржграніцы пачалася ў Беларусі

Праверка сістэмы ўзмацнення аховы дзяржграніцы пачалася ў Беларусі

Па паведамленні Беларускага тэлеграфнага агенцтва, сёння, 2 чэрвеня, у Рэспубліцы Беларусь пачалася праверка тэрытарыяльнай абароны Гомельскай вобласці і сістэмы ўзмацнення аховы дзяржаўнай граніцы на паўднёвым напрамку.

Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь пастаўлена задача праверыць на практыцы эфектыўнасць функцыянавання сістэмы ўзмацнення аховы дзяржаўнай граніцы на паўднёвым напрамку і тэрытарыяльнай абароны ў адной з абласцей рэспублікі. Мерапрыемства планавае, звязанае з правядзеннем арганізацыйна-штатных мерапрыемстваў па ўмацаванні пагранічнай бяспекі на паўднёвых рубяжах нашай дзяржавы. Аналагічная праверка пытанняў аховы дзяржаўнай граніцы праводзілася ў мінулым годзе. У 2014 годзе органамі пагранічнай службы ў мэтах узмацнення ўкраінскага напрамку дадаткова сфарміраваны і выстаўлены падраздзяленні аховы граніцы. Агульным вынікам дадзенай работы стала стварэнне Мазырскага пагранічнага атрада.

У перыяд нарастання пагроз пагранічнай бяспецы спланаваны мерапрыемствы па нарошчванні складу сіл, якія прыцягваюцца для ўзмацнення аховы дзяржграніцы, як за кошт падраздзяленняў Узброеных Сіл, так і за кошт пераводу тэрытарыяльных органаў пагранічнай службы на ўзмоцнены рэжым пагранічнай службы (пагранічнага кантролю).

Міністрам абароны і ўнутраных спраў, старшыні Дзяржпагранкамітэта 2 чэрвеня ўручана распараджэнне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб праверцы, згодна з якім сілавым ведамствам пастаўлены задачы па адпрацоўцы мерапрыемстваў паслядоўнага ўзмацнення аховы дзяржаўнай граніцы на паўднёвым напрамку. Распараджэннем кіраўніка дзяржавы прадугледжваецца фарміраванне пагранічных застаў, штаба тэрытарыяльнай абароны Ельскага раёна Гомельскай вобласці, асобнай стралковай роты тэрытарыяльных войскаў у Ельску і падраздзяленняў унутраных войскаў у Мазыры для аховы важнага аб’екта тэрытарыяльнай абароны.

Асноўная ўвага будзе засяроджана на праверцы пытанняў паэтапнага ўзмацнення дзяржаўнай граніцы на паўднёвым напрамку за кошт прыцягнення сіл і сродкаў органаў пагранічнай службы, падраздзяленняў узмацнення Узброеных Сіл, тэрытарыяльных войскаў і мабілізацыйнага рэсурсу пагранічнага ведамства, а таксама арганізацыі ўзаемадзеяння паміж сіламі зацікаўленых ведамстваў пры выкананні задач у рамках адзінай задумы па ахове і абароне граніц дзяржавы.