- Навіны
- Узброеныя Сілы
- Ваенная адукацыя
27 красавіка на аэрадроме Ліда прайшлі ўрачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя ўручэнню асабоваму складу 116 гвардзейскай штурмавой авіяцыйнай базы новых вучэбна-баявых самалётаў Як-130.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі ўрада Рэспублікі Беларусь, дыпламатычнага корпуса, кіруючы склад Узброеных Сіл, камандны склад ВПС і войскаў СПА, а таксама расійская дэлегацыя ад ААТ «Карпарацыя «Іркут».
Пераўзбраенне 116 гвардзейскай штурмавой авіяцыйнай базы праведзена ў рамках рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы ўзбраення і з’яўляецца яркім прыкладам плённага супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі.
Дастаўка самалётаў Як-130 была праведзена ваенна-транспартным самалётам ІЛ-76. Зборку Як-130 правялі спецыялісты адкрытага акцыянернага таварыства «Навукова-вытворчая карпарацыя «Іркут» на базе тэхніка-эксплуатацыйнай часці 116-й штурмавой авіяцыйнай базы. Усяго ў Беларусь у рамках заключанага кантракта на пастаўку тэхнікі дастаўлена чатыры найноўшых вучэбна-баявых самалёта. Яны складуць асобную авіяцыйную эскадрыллю ў складзе 116 гв.ШАБ.
Тэарэтычнае навучанне асабовага складу авіяцыйнай базы выкананню палётаў і тэхнічнай эксплуатацыі гэтага самалёта ажыццяўляецца на базе Цэнтра арганізацыі падрыхтоўкі авіяцыйнага персаналу ў г. Жукоўскі Расійскай Федэрацыі.
Пастаўка дадзеных самалётаў пашырыць магчымасці па падрыхтоўцы лётнага складу Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.
Расійская Федэрацыя з’яўляецца асноўным партнёрам Рэспублікі Беларусь у пытаннях, якія тычацца паставак прадукцыі ваеннага прызначэння (узбраенне і ваенная тэхніка, запасныя часткі да іх, а таксама работы па іх рамонце і мадэрнізацыі) для патрэб Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, у тым ліку на ільготных для беларускага боку ўмовах.
Супрацоўніцтва ажыццяўляецца на ўзаемавыгаднай партнёрскай аснове і ўключае ў сябе сумесную дзейнасць па захаванні і развіцці кааперацыі абаронна-прамысловых комплексаў суверэнных дзяржаў пры распрацоўцы і вытворчасці канкурэнтаздольнай прадукцыі ваеннага і двайнога прызначэння, а таксама ажыццяўленне яе ўзаемных паставак.
Самалёты Як-130 гэта ўжо другі ўзор узбраення, пасля зенітнага ракетнага комплексу «Тор-М2», які паступіў у Ваенна-паветраныя сілы і войскі супрацьпаветранай абароны.
Двухмесны вучэбна-баявы самалёт Як-130, распрацаваны КБ ім. А.С.Якаўлева, прызначаны для асноўнай і павышанай падрыхтоўкі лётчыкаў франтавой авіяцыі. Самалёт адрозніваецца выдатнай манеўранасцю і сучасным бартавым радыёэлектронным абсталяваннем, характэрным для найноўшых баявых самалётаў, а таксама высокай надзейнасцю і доўгім рэсурсам.
Комплекс кіраванага і некіраванага ўзбраення дазваляе эфектыўна прымяняць Як-130 у ходзе навучання і пры вырашэнні баявых задач.
Высокі рэсурс і нізкі кошт эксплуатацыі Як-130 мінімізуюць выдаткі на навучанне і падтрыманне баяздольнасці пілотаў баявой авіяцыі.
Як-130 з’яўляецца адзіным у свеце вучэбным самалётам з аэрадынамічнай кампаноўкай і лётна-тэхнічнымі характарыстыкамі дагукавага палёту, аналагічнымі сучаснаму рэактыўнаму знішчальніку. Самалёт здольны несці да 3000 кг баявой нагрузкі (кіраванае і некіраванае ракетнае і бомбавае ўзбраенне, гарматы і г.д.) на дзевяці вонкавых вузлах падвескі. Акрамя таго, ён непатрабавальны адносна ўмоў базіравання і здольны садзіцца на непадрыхтаваныя пляцоўкі.