15 сакавіка дзень утварэння ваеннага факультэта ўстановы адукацыі «Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі»

15 сакавіка дзень утварэння ваеннага факультэта ўстановы адукацыі «Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі»

15 сакавіка 1964 года быў утвораны ваенны факультэт ва ўстанове адукацыі «Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі».

Ваенны факультэт ва ўстанове адукацыі «Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі» вядзе свой пачатак з утварэння ў сакавіку 1964 года ваеннай кафедры Мінскага радыётэхнічнага інстытута.

З 2013 года факультэт ажыццяўляе падрыхтоўку афіцэраў для Узброеных Сіл і іншых сілавых структур і ведамстваў Рэспублікі Беларусь па спецыяльнасцях «Інфакамунікацыйныя тэхналогіі» (па напрамках) і «Радыётэхніка» (па напрамках). Тэрмін навучання курсантаў 4,5 года.

У склад факультэта сёння ўваходзяць тры кафедры: кафедра радыёэлектроннай тэхнікі ВПС і войскаў СПА, кафедра сувязі, кафедра тактычнай і агульнавайсковай падрыхтоўкі. Прафесарска-выкладчыцкі склад факультэта мае высокую прафесійную падрыхтоўку, на факультэце працуюць 10 кандыдатаў навук, 10 дацэнтаў.

За гады навучання курсанты набываюць веды і навыкі, якія дазваляюць ім рэалізаваць сябе ў галіне распрацоўкі, праектавання і эксплуатацыі апаратуры рознага прызначэння, у тым ліку і ваеннага.

Ва універсітэце створаны неабходныя ўмовы для забеспячэння якасці навучальнага працэсу: функцыянуе карпаратыўная кампутарная сетка, інфармацыйна-адукацыйны Web-партал, электронная бібліятэка, забяспечаны выхад у сетку Інтэрнэт. Спецыялізаваныя аўдыторыі ваеннага факультэта аснашчаны ўзбраеннем і ваеннай тэхнікай, якія павінны ведаць сучасныя афіцэры. Акрамя таго, на ваенным факультэце маюцца кампутарныя класы, бібліятэка з кніжным і электронным фондам тэхнічнай і спецыяльнай літаратуры. Электронны фонд дазваляе самастойна вывучаць пройдзены вучэбны матэрыял, праверыць ступень яго засваення з дапамогай электронных праверачных праграм па розных дысцыплінах.

Вялікая ўвага на ваенным факультэце надаецца духоўна-маральнаму і культурнаму развіццю будучых афіцэраў. Для курсантаў у сценах факультэта праводзяцца выставы членаў студыі ваенных мастакоў, арганізуюцца наведванні тэатраў, музеяў, канцэртаў і экскурсій па гістарычных мясцінах Беларусі, сустрэчы з ветэранамі войнаў, іншымі цікавымі людзьмі, якія пакінулі значны след у нашай гісторыі. Выкладчыкі і курсанты ўдзельнічаюць у канцэртах, конкурсах і фестывалях.

Ваенны факультэт займае адно з лідзіруючых месцаў у сістэме ваеннай адукацыі Рэспублікі Беларусь.