Жанчыны ў арміі

Жанчыны ў арміі

У першыя дні вясны ў Рэспубліцы Беларусь з асаблівай цеплынёй і сардэчнасцю адзначаецца светлае і пяшчотнае вясновае свята, якое сімвалізуе сабой вялікую павагу, любоў і трапяткое стаўленне да жанчыны.

У нашай краіне няма сферы дзейнасці, дзе б жанчыны не ігралі важнай ролі. Добрасумленна служаць яны Радзіме і ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь, уносяць значны ўклад у забеспячэнне ваеннай бяспекі дзяржавы.

Напярэдадні Дня жанчын ва ўсіх воінскіх калектывах пройдуць урачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя гэтаму жаночаму святу.

Пераважная большасць афіцэраў-жанчын праходзяць службу на пасадах ваенных урачоў, псіхолагаў, перакладчыкаў, юрыстаў. Але іх службовая дзейнасць не абмяжоўваецца толькі гэтымі спецыяльнасцямі. Пералік ваенна-ўліковых спецыяльнасцяў афіцэрскага складу Узброеных Сіл, які дзейнічае ў цяперашні час, прадугледжвае магчымасць праходжання жанчынамі вайсковай службы на пасадах каманднага, інжынернага, тэхнічнага, ваенна-гуманітарнага, ідэалагічнага, педагагічнага і медыцынскага профіляў.

Па стане на люты 2015 года ў беларускім войску служаць каля 4000 жанчын. Прычым звыш 500 з іх носяць афіцэрскія пагоны, больш за 1100 – з’яўляюцца прапаршчыкамі, каля 2300 – праходзяць службу па кантракце на пасадах салдат і сяржантаў.

У званнях малодшых афіцэраў сёння служаць больш за 380 жанчын. Уладальніцамі пагон з двума прасветамі з’яўляюцца амаль 150 жанчын, прычым 57 з іх – падпалкоўнікі, а 5 – носяць званне «палкоўнік».

Самай шматлікай у арміі па-ранейшаму застаецца катэгорыя жанчын, якія праходзяць службу на пасадах салдат і сяржантаў. Іх прыём на ваенную службу ажыццяўляецца ў добраахвотным парадку на кантрактнай аснове.

Падрыхтоўка жанчын-прапаршчыкаў з 2003 года вядзецца і на базе 72-га аб’яднанага вучэбнага цэнтра падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў Узброеных Сіл.

У працэсе праходжання службы жанчыны карыстаюцца тымі ж правамі, што і мужчыны, і нараўне з імі выконваюць службовыя абавязкі.