Памяць жыва

Памяць жыва

У ліпені-кастрычніку 2014 года асабовым складам 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна праводзіліся пошукавыя работы на месцы былых могілак нямецкага лагера савецкіх ваеннапалонных (Шталаг № 324) у Гродне.

У ходзе пошукавых работ воінамі пошукавага батальёна былі эксгумаваны астанкі 1257 ваеннапалонных Рабоча-сялянскай Чырвонай арміі, якія загінулі ў лагеры ў 1941-1942 гадах.

Разам з астанкамі былі выяўлены 45 медальёнаў і 2 жэтоны. У ходзе праведзенага даследавання ўстаноўлены звесткі аб 21 загінуўшым, былі адшуканы сваякі 9 з іх.

У выніку супастаўлення рукапісных запісаў, устаноўленых на бланку ўкладыша аднаго з медальёнаў, з дадзенымі Цэнтральнага архіва Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі былі ўстаноўлены звесткі пра чырвонаармейца Прохарава Фёдара Нічыпаравіча, ураджэнца вёскі Юр’еўскае Малаяраславецкага раёна Калужскай вобласці, які раней лічыўся без вестак прапаўшым.

Праўнук чырвонаармейца Алег Мікалаевіч Яршоў звярнуўся ў адрас Гродзенскага гарадскога выканаўчага камітэта з просьбай перадаць астанкі прадзеда для перапахавання на Радзіме.

13 лютага 2015 года ў гродзенскім гарадскім парку імя Ж.Э. Жылібера ля Вечнага агню адбудзецца мітынг-рэквіем, прысвечаны перадачы астанкаў чырвонаармейца Генеральнаму консулу Генеральнага консульства Расійскай Федэрацыі ў Брэсце.

У мерапрыемстве прымуць удзел прадстаўнікі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў улады, супрацоўнікі ваенных камісарыятаў, ваеннаслужачыя, ветэраны, моладзь.