5 лютага ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь адзначаецца Дзень узбраення

5 лютага ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь адзначаецца Дзень узбраення

5 лютага 1980 года дырэктывай начальніка Генеральнага штаба Узброеных Сіл СССР былі зацверджаны пасады намеснікаў камандуючых (камандзіраў) па ўзбраенні. Менавіта гэтая дата загадам Міністра абароны Рэспублікі Беларусь у 2004 годзе была абвешчана Днём узбраення Узброеных Сіл.

Дзеючая ў цяперашні час сістэма тэхнічнага забеспячэння была канчаткова сфарміравана ў 2005 годзе. Яна неаднаразова даказвала сваю высокую эфектыўнасць пры выкананні мерапрыемстваў аператыўнай і баявой падрыхтоўкі, вырашэнні іншых задач паўсядзённай дзейнасці войскаў.

Штогод на ўзбраенне Узброеных Сіл прымаецца ў сярэднім 15-20 новых узораў узбраення і ваеннай тэхнікі. Прыярытэтная ўвага пры гэтым надаецца развіццю сродкаў кіравання, СПА, разведкі, радыёэлектроннай барацьбы, сіл спецыяльных аперацый.

У выніку распрацоўкі сучасных комплексаў сродкаў аўтаматызацыі забяспечана аператыўнасць кіравання злучэннямі і воінскімі часцямі ВПС і войскаў СПА. Расце колькасць воінскіх часцей, практычна цалкам абсталяваных найноўшымі сродкамі разведкі, радыёэлектроннай барацьбы і радыёэлектроннага падаўлення.

На сучасным этапе ваеннага будаўніцтва дзейнасць структурных падраздзяленняў узбраення Узброеных Сіл накіравана, перш за ўсё, на рэалізацыю ваенна-тэхнічнай палітыкі дзяржавы, выкананне Дзяржаўнай праграмы ўзбраення. Асноўныя намаганні ў гэтым кірунку сканцэнтраваны на пастаўцы новых, сучасных і мадэрнізацыі існуючых узораў узбраення, ваеннай і спецыяльнай тэхнікі. Адной з найважнейшых задач, якія вырашаюцца ўзбраеннем Узброеных Сіл, з’яўляецца вызначэнне напрамкаў развіцця ўзбраення, фарміраванне і выкананне штогадовых дзяржаўных абаронных заказаў.

У 2014 годзе ў выніку рэалізацыі мерапрыемстваў Дзяржаўнага абароннага заказу, у аснове фарміравання якога ляжыць Дзяржаўная праграма ўзбраення, закуплена больш за 30 новых камплектаў і узораў узбраення і тэхнікі, праведзены капітальны рамонт 18 узораў узбраення, ваеннай і спецыяльнай тэхнікі (УВСТ), 40 блокаў апаратуры радыётэхнічнага ўзбраення і зенітна-ракетнага ўзбраення, больш за 40 агрэгатаў аўтамабільнай тэхнікі і 50 адзінак апаратуры сувязі; мадэрнізаваны 4 узоры УВСТ, завершана распрацоўка і праведзены дзяржаўныя выпрабаванні 5 перспектыўных узораў, праведзены даследчыя выпрабаванні 8 узораў УВСТ; прыняты на ўзбраенне (забеспячэнне) Узброеных Сіл чатыры дзесяткі новых узораў ваеннай і спецыяльнай тэхнікі, у тым ліку распрацаваныя у ходзе выканання навукова-даследчых і вопытна-канструктарскіх работ.

Навукова-вытворчымі прадпрыемствамі краіны распрацаваны і пастаўлены ва Узброеныя Сілы сродкі радыёэлектроннай барацьбы:

аўтаматызаваная станцыя радыёперашкод УКХ радыёсувязі, якая дазваляе значна павысіць магчымасці па радыёэлектронным падаўленні ліній радыёсувязі, пабудаваных на сучасных сродках сувязі;

аўтаматызаваны камандны пункт палка РЭБ;

шэраг сучасных радыётэхнічных сродкаў, прызначаных для выяўлення і падаўлення розных радыёэлектронных сродкаў праціўніка, а таксама кантролю рэжыму работы радыёэлектронных сродкаў сваіх войскаў.

У рамках Дзяржаўнай навукова-тэхнічнай праграмы «Шматфункцыянальныя БАК і тэхналогіі іх вытворчасці», асновай якой з’яўляюцца ініцыятыўныя распрацоўкі прадпрыемстваў Рэспублікі Беларусь, разгорнута работа па аснашчэнні Узброеных Сіл беспілотнымі авіяцыйнымі комплексамі.

Непасрэдна ва Узброеных Сілах прыняты на ўзбраенне тактычныя БАК блізкага дзеяння «Беркут-1» і «Беркут-2», а таксама ў якасці вучэбна-трэніровачных сродкаў два тыпу беспілотных авіяцыйных комплексаў расійскай вытворчасці «Иркут-3» і «Иркут-10».

Адным з прыярытэтных напрамкаў развіцця сістэмы ўзбраення Узброеных Сіл з’яўляецца стварэнне баявых інфармацыйна-тэхнічных сістэм для Сухапутных войск і сіл спецыяльных аперацый.

Прадпрыемствамі абароннага сектара эканомікі Рэспублікі Беларусь распрацаваны абароненыя персанальныя вылічальныя машыны, нашлемная сістэма індыкацыі, лічбавая радыёстанцыя індывідуальнага карыстання, сродкі прыцэльвання, разведкі і назірання, партатыўная сістэма электразабеспячэння, датчык кантролю стану байца. Распрацаваны правобраз праграмнага забеспячэння інфармацыйна-тэхнічнага комплексу. У канчатковым выніку гэта будзе паўнавартасны баявы комплекс са сродкамі індывідуальнай браняаховы, сувязі, экіпіроўкі, выратавання і іншага рыштунку.

Яшчэ адным з найважнейшых напрамкаў развіцця сістэмы ўзбраення Узброеных Сіл з’яўляецца стварэнне баявых геаінфармацыйных сістэм.

Дзякуючы магчымасцям абароннага сектара эканомікі Рэспублікі Беларусь, шырокае развіццё атрымалі сродкі навігацыі і топагеадэзічнага забеспячэння. За апошнія гады на ўзбраенне Узброеных Сіл прыняты цэлы шэраг аўтаматызаваных рабочых месцаў рознага прызначэння, геадэзічных спадарожнікавых прыёмнікаў, праграмна-апаратных комплексаў, спадарожнікавых навігацыйных прыёмнікаў, электронных тахеометраў і іншага абсталявання, якія дазволілі вывесці рашэнне задач топагеадэзічнага забеспячэння на якасна новы ўзровень.

Распрацаваныя рухомыя інфармацыйныя цэнтры дазваляюць у рэальным маштабе часу забяспечваць войскі і насельніцтва неабходнай інфармацыяй у тэлевізійным, радыё і паліграфічным фарматах, а таксама з выкарыстаннем рэсурсаў сеткі Інтэрнэт, што забяспечвае паспяховае вырашэнне задач інфармацыйнага забеспячэння.

Асноўнай задачай у мінулым годзе з’явілася поўная, уключаючы кантрольны прабег, праверка тэхнічнага стану ўзбраення і ваеннай тэхнікі, якія змяшчаюцца ў войсках, а таксама ў арсеналах і базах узбраення. Усяго праверана больш за 38 тысяч узораў.

Работы па аднаўленні няспраўных узораў ажыццяўляліся сіламі вайсковых рамонтна-аднаўленчых органаў, арсеналаў і баз узбраення, прадпрыемствамі абароннага сектара эканомікі дзяржавы.

Праводзіцца работа па асваенні рамонту новых наменклатур узбраення на цэнтральных арсеналах і базах. Толькі за апошнія тры гады асвоены рамонт 18 узораў, аднаўленне якіх раней праводзілася толькі на прадпрыемствах прамысловасці і за межамі краіны. Пры гэтым, рамонт ажыццяўляецца комплексна, як спецыяльнай часткі, так і сродкаў рухомасці. Рамонтныя работы праводзяцца не толькі ў стацыянары, шырока практыкуецца работа выязных рамонтных брыгад арсеналаў і баз у войскі.

Узбраеннем Узброеных Сіл арганізавана выкананне Дзяржпраграмы забеспячэння бяспечнага захоўвання ўзбраення і ваеннай тэхнікі ва Узброеных Сілах і забеспячэнне выбуховапажарабяспекі арсеналаў, баз і складоў боепрыпасаў.

З 2005 года ўзбраеннем Узброеных Сіл у цесным узаемадзеянні з тылам Узброеных Сіл шырока разгорнута работа па рамонце сховішчаў з УВСТ, пунктаў тэхнічнага абслугоўвання і рамонту і іншых аб’ектаў паркаў злучэнняў і воінскіх часцей. Для павелічэння аб’ёмаў работ, што выконваюцца ў 2010 годзе, прынята рашэнне аб уключэнні мерапрыемстваў па рамонце паркавых аб’ектаў у Дзяржаўную праграму забеспячэння бяспечнага захоўвання ўзбраення і ваеннай тэхнікі Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь на 2011-2015 гады. Толькі за два апошнія гады адрамантавана больш за 860 аб’ектаў.

Яшчэ адзін важны напрамак дзейнасці – утылізацыя ўзбраення і боепрыпасаў, якія не выкарыстоўваюцца, і спісаных узбраення і боепрыпасаў, якая праводзіцца ў адпаведнасці з Дзяржаўнай мэтавай праграмай.

Тэмпы ўтылізацыі штогод растуць. З 2001 года ўтылізавана каля 59 тысяч тон боепрыпасаў, якія не выкарыстоўваюцца, што складае 57,2% ад агульнай колькасці боепрыпасаў, якія падлягаюць утылізацыі. Фактычна завершана ўтылізацыя тратылазмяшчальных боепрыпасаў.

Для вырашэння пытання ўтылізацыі гексагеназмяшчальных боепрыпасаў у «Цэнтры ўтылізацыі артылерыйскіх і інжынерных боепрыпасаў» (г. Добруш-6) у снежні 2011 года ўведзена ў эксплуатацыю вытворчасць па ўтылізацыі снарадаў павышанай магутнасці (гексагеназмяшчальных). За кошт утылізацыі боепрыпасаў часткова задавальняецца патрэбнасць дзяржавы ў прамысловых выбуховых рэчывах. Штогод іх вырабляецца больш за 1 тыс. тон.

У маі 2014 года ў Рэчыцы адбылося адкрыццё пабудаванага на тэрыторыі 2271-й базы інжынерных боепрыпасаў Цэнтра ўтылізацыі супрацьпяхотных мін, які дазваляе ажыццяўляць знішчэнне існуючага запасу мін тыпу ПФМ-1 (супрацьпяхотных фугасных мін) з выкарыстаннем тэхналогіі так званай "халоднай дэтанацыі" (знішчэнне пры дапамогі зарадаў у таўстасценнай бранякамеры).

Асаблівая ўвага надаецца пытанням забеспячэння выбуховапажарабяспекі запасаў УВТ і боепрыпасаў. Дадзеныя мерапрыемствы выконваюцца комплексна, як на вайсковым узроўні, так і ў рамках рэалізацыі дзяржаўных праграм. Асноўныя намаганні пры гэтым скіраваны на выкананне работ па будаўніцтву і рамонту месцаў захоўвання боепрыпасаў, абсталявання іх тэхнічнымі сродкамі аховы, мерапрыемствы, якія праводзяцца з году ў год, павышаюць узровень бяспекі захоўвання боепрыпасаў і забяспечваюць іх захаванасць.

У верасні 2014 года ў склад узбраення Узброеных Сіл увайшло ўпраўленне развіцця сістэм узбраення Узброеных Сіл, якое займаецца планаваннем мерапрыемстваў у Дзяржаўную праграму ўзбраення і арганізацыяй выканання навукова-даследчых і вопытна-канструктарскіх работ па стварэнні новых узораў узбраення, ваеннай і спецыяльнай тэхнікі.

У адпаведнасці з канцэпцыяй будаўніцтва і развіцця Узброеных Сіл да 2020 года асноўныя намаганні плануецца накіраваць на развіццё сістэм УВТ войскаў СПА, ракетных войскаў, разведкі, РЭБ, сувязі, сіл спецыяльных аперацый. Паралельна з прыняццем на ўзбраенне новых узораў УВТ спланавана развіццё сродкаў іх тэхнічнага абслугоўвання і рамонту, а таксама падрыхтоўка адпаведных спецыялістаў.

Спланаваная работа па далейшым пашырэнні наменклатуры УВТ, якія рамантуюцца, удасканаленні наяўных і стварэнні новых рамонтна-аднаўленчых органаў, аснашчаных найноўшым тэхналагічным і дыягнастычным абсталяваннем, аптымізацыі ўмоў утрымання запасаў УВТ, ракет і боепрыпасаў.