У навагоднія святы для дзяцей і дарослых

У навагоднія святы для дзяцей і дарослых

Святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя Новаму Году і Калядам, праходзяць ва ўсіх злучэннях і воінскіх часцях Узброеных Сіл.

У Дамах афіцэраў арганізаваны ранішнікі для дзяцей. Так, у Цэнтральным Доме афіцэраў арганізавана больш за 20 прадстаўленняў для хлопчыкаў і дзяўчынак, якія маюць магчымасць не толькі прыняць удзел у яркім і вясёлым музычным прадстаўленні, галоўныя героі якога – Дзед Мароз і Снягурачка, але і ўбачыць спектаклі «Дзед Мароз і Пэпі Доўгаяпанчоха» і «Чароўныя запалкі. Навагодняя прыгода ў казачным лесе». У рамках дабрачыннай акцыі мерапрыемства таксама наведваюць дзеці-інваліды, дзеці са шматдзетных сем’яў і дзіцячых прытулкаў.

У Драматычным тэатры Беларускай арміі навагодні паказ і казку «Снежная каралева», якая стала па выніках Нацыянальнай тэатральнай прэміі лепшым дзіцячым спектаклем ў 2014 годзе, убачаць больш за шэсць тысяч маленькіх гледачоў.

У святочных мерапрыемствах прымае ўдзел Акадэмічны ансамбль песні і танца Узброеных Сіл.

10 студзеня на сцэне канцэртнай залы «Верхні горад» артысты ансамбля прадставяць увазе гледачоў святочную калядную праграму «Сустрэча ў Новым Годзе!». У выкананні хору і салістаў ансамбля, лаўрэатаў міжнародных конкурсаў, прагучаць навагоднія калядныя песні і канты беларускіх, рускіх і замежных кампазітараў, а таксама сусветныя хіты класічнай музыкі, народныя песні, песні сучасных кампазітараў. Яркія танцавальныя нумары ў выкананні балета падкрэсляць навагодні святочны настрой. Самым маленькім гледачам сваю творчасць падорыць дзіцячая музычная студыя «Зорачка».