- Навіны
- Узброеныя Сілы
- Ваенная адукацыя
1 студзеня 2015 года 70-гадовы юбілей адзначыць 103 гвардзейская асобная ордэна Леніна, Чырванасцяжная, ордэна Кутузава II ступені мабільная брыгада імя 60-годдзя СССР сіл спецыяльных аперацый Узброеных Сіл.
Урачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя юбілею злучэння, пройдуць 26 снежня ў г. Віцебску. У іх прымуць удзел прадстаўнікі Міністэрства абароны і Генеральнага штаба Узброеных Сіл, грамадскіх арганізацый, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і Узброеных Сіл, а таксама ганаровыя госці з блізкага замежжа.
Адпраўной кропкай гісторыі злучэння стала 1 студзеня 1945 года, калі ў горадзе Быхаве Магілёўскай вобласці на базе некалькіх паветрана-дэсантных часцей была сфарміравана 103 гвардзейская стралковая дывізія.
З сакавіка па май 1945 года 103 гвардзейская стралковая дывізія ўдзельнічала ў баявых дзеяннях на тэрыторыі Венгрыі, Аўстрыі, Чэхаславакіі. За праяўлены гераізм 3521 ваеннаслужачы дывізіі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі, а пяцярым прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. За паспяховую аперацыю па знішчэнні танкавай групоўкі ворага на паўднёвы захад ад Будапешта і за фарсіраванне ракі Раба злучэнне было ўзнагароджана ордэнамі Чырвонага Сцяга і Кутузава II ступені.
З 1946 года злучэнне дыслацыравалася ў Віцебску і Полацку. У гэты час воіны-дэсантнікі актыўна ўдасканальвалі баявую падрыхтоўку, удзельнічаюць у дзяржаўных выпрабаваннях ваенна-транспартнага самалёта Ан-12, розных парашутных сістэм, у 1962 годзе асвойваюць здзяйсненне парашутных скачкоў услед за тэхнікай, якую дэсантуюць.
У 1955-1956 гадах у склад дывізіі ўвайшлі два палкі: 350 гвардзейскі Чырванасцяжны, ордэна Суворава 3-й ступені парашутна-дэсантны полк і 357 ордэна Суворава 3-й ступені парашутна-дэсантны полк.
Прыклады мужнасці і ратнага майстэрства віцебскія дэсантнікі праявілі на буйнамаштабных вучэннях «Днепр», «Братэрства па зброі», «Шчыт-72», «Вясна-75», «Авангард-76», «Бярэзіна».
З 26 снежня 1979 года па 12 лютага 1989 года часці дывізіі выконвалі задачу па аказанні інтэрнацыянальнай дапамогі афганскаму народу ў раёнах гарадоў Кабул і Баграм. Звыш за 20 тысяч воінаў-дэсантнікаў узнагароджаны ордэнамі і медалямі, сем чалавек сталі Героямі Савецкага Саюза, дывізіі было прысвоена ганаровае найменне «Імя 60-годдзя СССР» і ўручаны ордэн Леніна.
У 2002 годзе ў адпаведнасці з дырэктывай Міністра Абароны Рэспублікі Беларусь, у мэтах захавання пераемнасці пакаленняў узброеных абаронцаў Айчыны, памнажэння найлепшых баявых традыцый ганаровыя найменні, Баявыя сцягі, баявыя ўзнагароды 103 паветрана-дэсантнай дывізіі перададзены ў брыгаду, якая стала называцца 103 асобная гвардзейская ордэна Леніна, Чырванасцяжная, ордэна Кутузава II ступені мабільная брыгада, імя 60-годдзя СССР.
У жніўні 2007 года 103 асобная гвардзейская мабільная брыгада была перападпарадкавана камандаванню сіламі спецыяльных аперацый Узброеных Сіл.
У цяперашні час асабовы склад злучэння працягвае слаўныя традыцыі, закладзеныя ў гады Вялікай Айчыннай вайны, паказваючы высокія вынікі ва ўсіх вучэннях Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, а таксама ў вучэннях, якія праводзяцца ў рамках Калектыўных сіл аператыўнага рэагавання Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы.
У 2013/2014 навучальным годзе ў брыгадзе праведзена каля 200 мерапрыемстваў баявой падрыхтоўкі (баявых стрэльбаў аддзялення, узводаў, ротных і батальённых тактычных вучэнняў).
У злучэнні праходзяць службу 2 майстры спорту міжнароднага класа, каля 40 кандыдатаў у майстры спорту.
Па выніках навучальнага года брыгада прызнана лепшай у сілах спецыяльных аперацыях Узброеных Сіл.
Важнай знамянальнай падзеяй 2014 года стала наведванне славутага злучэння Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам. Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з жыццядзейнасцю брыгады, сістэмай падрыхтоўкі, вучэбна-матэрыяльнай базай і ўмовамі службы ваеннаслужачых, а таксама высока ацаніў узровень падрыхтоўкі воінаў-дэсантнікаў.