Пачаўся новы навучальны год

Пачаўся новы навучальны год

1 снежня ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь пачаўся новы навучальны год.

Традыцыйна ў гэты дзень у злучэннях і воінскіх часцях прайшлі ўрачыстыя пастраенні і мітынгі, прысвечаныя пачатку новага навучальнага года. У бліжэйшыя дні будуць праведзены тактыка-страявыя заняткі па розных прадметах баявой падрыхтоўкі, асабовы склад вывучыць меры бяспекі пры правядзенні мерапрыемстваў паўсядзённай жыццядзейнасці войскаў.

Галоўнай задачай падрыхтоўкі Узброеных Сіл у новым навучальным годзе стане ўдасканаленне падрыхтоўкі органаў ваеннага кіравання да кіравання войскамі (сіламі), а таксама засваенне форм прымянення і спосабаў дзеянняў войскаў (сіл) у ходзе сумесных дзеянняў рэгіянальнай групоўкі войскаў (сіл) Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі.

У сувязі з гэтым, асноўныя намаганні пры падрыхтоўцы органаў ваеннага кіравання і войскаў (сіл) будуць накіраваны на падтрыманне ў пастаяннай гатоўнасці да выканання задач па прызначэнні ў адпаведнасці з планамі прымянення воінскіх часцей і падраздзяленняў.

Усяго ў будучым годзе спланавана правядзенне больш за 300 мерапрыемстваў аператыўнай і баявой падрыхтоўкі (вучэнняў, трэніровак, палявых выхадаў). Асноўны акцэнт будзе зроблены на падрыхтоўку ваеннаслужачых да самастойнага выканання задач па прызначэнні, у тым ліку і ў складзе экіпажаў (разлікаў, падраздзяленняў), умеламу прымяненню штатных узбраення, ваеннай і спецыяльнай тэхнікі, асваенню сумежнай спецыяльнасці.

Важным кампанентам падрыхтоўкі службовых асоб органаў ваеннага кіравання будзе ўдасканаленне навыкаў у кіраванні падначаленымі сіламі і сродкамі, у тым ліку з выкарыстаннем геаінфармацыйных сістэм, беспілотных авіяцыйных комплексаў, сродкаў аўтаматызацыі з мэтай дасягнення аператыўнасці пры вырашэнні кіраўніцкіх задач ва ўмовах абмежаванага часу.

Для практычнай адпрацоўкі задач падраздзяленнямі злучэнняў і воінскіх часцей Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны будуць выкарыстоўвацца палігоны Расійскай Федэрацыі (Ашулук і Целямба), дзе пройдуць вучэнні з баявой стральбой разлікаў зенітных ракетных сістэм.

Найважнейшым мерапрыемствам падрыхтоўкі Узброеных Сіл у 2015 годзе стане сумеснае аператыўнае вучэнне ўзброеных сіл Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі «Шчыт Саюза-2015», якое адбудзецца ў верасні месяцы на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі. У рамках падрыхтоўкі да вучэння спланавана правядзенне шэрагу мерапрыемстваў, вучэнняў і трэніровак, у тым ліку сумесная штабная трэніроўка Аб'яднанага камандавання рэгіянальнай групоўкі войскаў (сіл).

У наступным годзе беларускія ваеннаслужачыя таксама будуць удасканальваць свае прафесійныя навыкі ў ходзе міжнародных вучэнняў, такіх як «Разгневаны сокал», калектыўных сіл аператыўнага рэагавання дзяржаў-членаў АДКБ «Узаемадзеянне-2015»; з міратворчымі сіламі АДКБ «Непарушнае брацтва-2015»; «Імклівы арол» і іншых.

Завершыцца навучальны год 31 кастрычніка 2015 года.