У Генеральным штабе Узброеных Сіл Беларусі падведзены вынікі

У Генеральным штабе Узброеных Сіл Беларусі падведзены вынікі

У Генеральным штабе Узброеных Сіл Беларусі падведзены вынікі выканання задач па падрыхтоўцы яго структурных падраздзяленняў, падпарадкаваных ім злучэнняў і воінскіх часцей, Галоўнага штаба Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны, сіл спецыяльных аперацый, аператыўных камандаванняў у 2013/2014 навучальным годзе.

Мерапрыемства прайшло пад кіраўніцтвам начальніка Генеральнага штаба Узброеных Сіл – першага намесніка Міністра абароны генерал-маёра Алега Белаконева.

У бягучым годзе дзейнасць службовых асоб органаў ваеннага кіравання была накіравана на выкананне задач па прызначэнні, а таксама поўную рэалізацыю мерапрыемстваў Плана падрыхтоўкі Узброеных Сіл у 2013/2014 навучальным годзе.

Створаная гібкая сістэма кіравання, якая ўлічвае рызыкі, выклікі і пагрозы нацыянальнай бяспецы ў ваеннай сферы і іх ацэнку, прагноз развіцця ваенна-палітычнай і стратэгічнай абстаноўкі ў свеце і вакол Рэспублікі Беларусь, дазваляе з дастатковай якасцю ажыццяўляць ваеннае планаванне, будаўніцтва і развіццё Узброеных Сіл, падтрыманне на неабходным узроўні баявой і мабілізацыйнай гатоўнасці войскаў.

Рашэнне пытанняў ваеннага планавання, якое ажыццяўляецца органамі ваеннага кіравання, цесна ўвязвалася з рэалізацыяй задач і функцый Генеральнага штаба па будаўніцтву і развіццю Узброеных Сіл. У сваю чаргу, паспяховая рэалізацыя мерапрыемстваў Плана будаўніцтва істотна абумоўлівалася эфектыўнасцю выканання Дзяржаўнай праграмы ўзбраення і Дзяржабаронзаказу.

У 2013/2014 навучальным годзе органы ваеннага кіравання праводзілі актыўную работу па пошуку найбольш аптымальных варыянтаў рашэння задач будаўніцтва і развіцця Узброеных Сіл, канцэнтрацыі намаганняў на найбольш прыярытэтных задачах. Пры гэтым усе праведзеныя мерапрыемствы былі акцэнтаваны на дасягненне некалькіх мэтаў:

стварэнне ў рамках аптымізацыі невялікіх па колькасці, кампактных Узброеных Сіл, здольных выканаць задачы ў адпаведнасці з існуючымі рызыкамі, выклікамі і пагрозамі нашай дзяржаве;

забеспячэнне рашэння задач будаўніцтва і развіцця Узброеных Сіл з улікам эканамічных магчымасцяў краіны.

Маштаб мерапрыемстваў аптымізацыі, якія былі праведзены ў 2014 годзе, быў вельмі значным – рэарганізавана больш за 20 воінскіх часцей і арганізацый, перадыслацыравана пяць воінскіх часцей. Перададзена мясцовым органам улады і рэалізавана значная колькасць вызваленых аб'ектаў, якія знаходзіліся на балансе Узброеных Сіл.

Агульнае скарачэнне колькасці асабовага складу склала больш за 2 000 пасад. Эканамічны эфект ад гэтых мерапрыемстваў, скарачэння запасаў зброі, боепрыпасаў і маёмасці дазволіў дадаткова атрымаць значныя фінансавыя сродкі.

Гэтая работа дазволіла мэтавым чынам накіраваць іх на закупку новых узораў узбраення, ваеннай і спецыяльнай тэхнікі і рашэнне пытанняў усебаковага забеспячэння Узброеных Сіл.

Паспяхова вырашаны органамі ваеннага кіравання задачы падтрымання на высокім узроўні баявой і мабілізацыйнай гатоўнасці. Вынікі планавых і раптоўных праверак шэрагу структурных элементаў паказалі эфектыўнасць створанай сістэмы кіравання пераводам з мірнага на ваенны час.

У поўным аб'ёме выкананы гадавыя мерапрыемствы аператыўнай і баявой падрыхтоўкі (праведзена больш за 240 мерапрыемстваў падрыхтоўкі Узброеных Сіл па прызначэнні).

Забяспечана якаснае выкананне сумесных мерапрыемстваў у рамках функцыянавання рэгіянальнай групоўкі войскаў Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі. Эфектыўна праводзілася работа па фарміраванні адзінай абароннай прасторы ў фармаце Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы.

У гэтым годзе ў 8 ваенных гарадках была рэалізавана Дзяржаўная інвестыцыйная праграма і праграма іх уладкавання. Таксама за кошт сродкаў, прадугледжаных на ўтрыманне Узброеных Сіл, дадаткова сваімі сіламі адрамантаваны аб'екты ў шэрагу злучэнняў і воінскіх часцей (усяго каля 1 000 аб'ектаў, з іх капітальна адрамантавана 116 аб'ектаў, бягучы рамонт праведзены на 878).

У цэлым дасягнутыя вынікі дазволілі забяспечыць выкананне задач, пастаўленых перад Узброенымі Сіламі, планаў падрыхтоўкі органаў ваеннага кіравання і падпарадкаваных ім злучэнняў і воінскіх часцей.

З улікам дасягнутых вынікаў пастаўлены задачы па падрыхтоўцы органаў ваеннага кіравання і войскаў на 2014/2015 навучальны год.

Па выніках навучальнага года ваеннаслужачыя, якія найбольш вызначыліся, былі заахвочаны граматамі і каштоўнымі падарункамі ад імя Міністра абароны Рэспублікі Беларусь і начальніка Генеральнага штаба Узброеных Сіл – першага намесніка Міністра абароны.