Конкурс «Воін Садружнасці» набірае абароты

Конкурс «Воін Садружнасці» набірае абароты

Сёння на палігоне 5-й асобнай брыгады спецыяльнага прызначэння ваеннаслужачыя кантрактнай службы спаборнічалі ў намінацыях «Прафесіянал» і «Снайпер» міжнароднага конкурсу «Воін Садружнасці».

Згодна з умовамі конкурсу «Снайпер» усе ўдзельнікі выконвалі першае практыкаванне навучальных стрэльбаў з аўтамата АК-74 (па 5 стрэлаў з палажэнняў стоячы, з калена і лежачы). Лепшы вынік на агнявым рубяжы паказаў малодшы сяржант кантрактнай службы Дзмітрый Мажаеў (Расійская Федэрацыя). Радавы кантрактнай службы расіянка Наталля Суганова ўсяго толькі на некалькі балаў адстала ад пераможцы і заняла другое месца. Яна, зразумела, стала самым меткім стралком з аўтамата сярод дзяўчат-канкурсантак. Трэцяе месца заняў наш зямляк – малодшы сяржант кантрактнай службы Юрый Стрыганкоў.

Другі конкурс стаў выпрабаваннем ваеннаслужачых на вынослівасць, стойкасць і прафесіяналізм. У намінацыі «Прафесіянал» воіны Садружнасці на час праходзілі эстафету са зброяй з наступным выкананнем практычных заданняў, практыкаванняў і нарматываў па агнявой падрыхтоўцы. Таксама яны прадэманстравалі суддзям сваю тактычную падрыхтоўку, уменні і навыкі па РХБА, фізічнай падрыхтоўцы. Самым спрытным і вынослівым сярод мужчын аказаўся малодшы сяржант кантрактнай службы Дзмітрый Мажаеў (Расійская Федэрацыя), другое і трэцяе месцы (адпаведна) занялі беларусы старшы сяржант кантрактнай службы Сяргей Канаплёў і малодшы сяржант кантрактнай службы Юрый Стрыганкоў.

Абсалютным лідэрам сярод жанчын-ваеннаслужачых у другі дзень спаборніцтваў была прадстаўніца Узброеных сіл Расіі радавы кантрактнай службы Наталля Суганова. «Серабро» ў скарбонцы сяржанта кантрактнай службы Асэм Жакенавай з Казахстана. Прадстаўніца нашых Узброеных Сіл радавы кантрактнай службы Ганна Кавалеўская на трэцім месцы.

Капітан Аляксандр Кібік.