Тэхніка часоў Вялікай Айчыннай вайны пройдзе па вуліцах Мінска

Тэхніка часоў Вялікай Айчыннай вайны пройдзе па вуліцах Мінска

Працягваецца падрыхтоўка да параду войскаў Мінскага гарнізона ў азнаменаванне Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

У ваенным парадзе прымуць удзел больш за 3700 ваеннаслужачых і каля 240 адзінак баявой тэхнікі, у складзе 20 пешых і 20 парадных разлікаў сучаснай ваеннай тэхнікі.

Адразу пасля пешых разлікаў перад трыбунамі для гледачоў пройдзе тэхніка перыяду Вялікай Айчыннай вайны. У год 70-годдзя вызвалення Беларусі на парадзе будуць прадстаўлены ўзоры тэхнікі 30-х і 40-х гадоў мінулага стагоддзя, дзякуючы якой быў спынены першы націск захопнікаў у пачатковы перыяд вайны і дасягнуты значны ўклад у дасягненне Вялікай Перамогі.

За калонай тэхнікі Вялікай Айчыннай вайны пройдзе тэхніка, якая стаіць на ўзбраенні Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Сярод іх: танкі Т-72Б; баявыя машыны пяхоты БМП-2; бронетранспарцёры БТР-80; самаходная гаўбіца 2С19 «Мста-С»; сістэмы рэактыўнага залпавага агню «БелГрад» і «Смерч»; зенітныя ракетныя комплексы «С-300ПС», «С-300В» і «Тор-М2»; ракетны комплекс «Точка»; аўтамабілі «Богатырь».

3 ліпеня мінчане і госці сталіцы змогуць таксама ўбачыць ваенную тэхніку Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі: самаходныя пускавыя ўстаноўкі са складу аператыўна-тактычнага ракетнага комплекса «Искандер» і зенітнага ракетнага комплексу С-400 «Триумф», браніраваныя шматмэтавыя аўтамабілі «Тигр».

Агульная працягласць параднага разліку тэхнікі складае больш за 1500 метраў.

Акрамя таго, у гэты дзень у небе над Мінскам гледачы ўбачаць паветраны парад, дзе будуць прадстаўлены асноўныя тыпы авіяцыйнай тэхнікі беларускай арміі.