Мерапрыемствы праверкі баявой гатоўнасці

Мерапрыемствы праверкі баявой гатоўнасці

Ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь працягваюцца мерапрыемствы па праверцы баявой гатоўнасці воінскіх часцей і падраздзяленняў. Галоўнай іх мэтай з’яўляецца ацэнка здольнасці выканаць задачы па прызначэнні ва ўстаноўленыя тэрміны.

На працягу сённяшняга дня падраздзяленне са складу 38-й гвардзейскай мабільнай брыгады здзяйсняе марш у раён Барысаўскага палігона. У ходзе маршу прадугледжана адпрацоўка пытанняў процідзеяння дыверсійна-разведвальным групам ўмоўнага праціўніка. Забеспячэнне баявога ахоўвання калоны мяркуецца ў шчыльным узаемадзеянні з лётнымі экіпажамі са складу 181-й верталётнай базы. Разам з тым будуць вырашацца задачы тылавога і тэхнічнага забеспячэння. На прывалах прадугледжана абсталяванне пунктаў абагравання, адпачынку і харчавання для асабовага складу, а таксама дазапраўкі тэхнікі.

Для 465-й ракетнай брыгады выкананне пастаўленых вучэбна-баявых задач было ўскладнена неабходнасцю правядзення мерапрыемстваў па даўкамплектаванню аднаго з падраздзяленняў да штатаў ваеннага часу асабовым складам, які заклікалі з запасу. Заклік і даўкамплектаванне праведзены ў поўным аб’ёме і ва ўстаноўленыя тэрміны. Прыярытэтнымі напрамкамі падрыхтоўкі ваеннаабавязаных з’яўляюцца аднаўленне прафесійных навыкаў, павышэнне здольнасці зладжана дзейнічаць у складзе экіпажаў і разлікаў, а таксама ўдасканаленне агульнавайсковай падрыхтоўкі.

Для падраздзялення са складу 120-й гвардзейскай асобнай механізаванай брыгады, якое завяршае правядзенне мерапрыемстваў па прывядзенні ў вышэйшыя ступені баявой гатоўнасці, асаблівасцю бягучага моманту з’яўляецца падрыхтоўка да здзяйснення маршу ў прызначаны раён камбінаваным спосабам (чыгуначным і аўтамабільным транспартам). Ажыццяўленне перагрупоўкі па чыгунцы – досыць складаны этап, падчас якога асабовы склад набудзе неабходны вопыт дзеянняў па правядзенні пагрузкі-разгрузкі ўзбраення і ваеннай тэхнікі, што ў сваю чаргу дасць магчымасць значна скараціць устаноўленыя часовыя нарматывы.