- Навіны
- Узброеныя Сілы
- Ваенная адукацыя
З 21 студзеня па даручэнні Кіраўніка дзяржавы ажыццяўляецца праверка баявой гатоўнасці Узброеных Сіл і тэрытарыяльных войскаў.
У ходзе мерапрыемства правяраецца здольнасць органаў ваеннага кіравання і камандзіраў кіраваць падначаленымі воінскімі фарміраваннямі, а таксама гатоўнасць воінскіх часцей і падраздзяленняў Узброеных Сіл, тэрытарыяльных войскаў выканаць задачы па прызначэнні.
Праверка Узброеных Сіл носіць комплексны характар. Ёю ахоплены органы ваеннага кіравання на ўсіх узроўнях, воінскія часці і падраздзяленні відаў Узброеных Сіл і практычна ўсіх родаў войскаў, а таксама тэрытарыяльныя войскі.
У першы ж дзень праверкі ў поўную баявую гатоўнасць былі прыведзены шэраг воінскіх часцей і падраздзяленняў, якія здзейснілі маршы ў назначаныя раёны і ва ўстаноўленыя тэрміны заступілі на баявое дзяжурства.
У гэты ж час дадзена распараджэнне на прывядзенне ў вышэйшыя ступені баявой гатоўнасці шэрага фарміраванняў тэрытарыяльных войскаў. У прыватнасці, пачалося разгортванне асобных падраздзяленняў тэрытарыяльных войскаў у Віцебскай вобласці. Праводзяцца мерапрыемствы прызыву ваеннаабавязаных, пры кіраўніцтве на ўсіх узроўнях ад ваеннага камісарыята да Генеральнага штаба Узброеных Сіл.
У рамках праверкі было праведзена нарошчванне складу сіл і сродкаў баявога дзяжурства па супрацьпаветранай абароне.
23 студзеня 2014 года ў адпаведнасці з Задумай правядзення раптоўнай праверкі баявой гатоўнасці Узброеных Сіл, зацверджанай Кіраўніком дзяржавы, Дзяржаўным сакратарыятам Савета Бяспекі Рэспублікі Беларусь праведзена маштабная праверка дзеянняў дзяжурных сіл па супрацьпаветранай абароне палётамі кантрольных цэляў.
Галоўнымі асаблівасцямі дадзенай праверкі з’явіліся раптоўнае змяненне абстаноўкі і адначасовае прымяненне значнай колькасці рознатыповых паветраных судоў, якія імітуюць дзеянні парушальнікаў паветранай прасторы Рэспублікі Беларусь на розных вышынях і хуткасцях.
Для спынення дзейнасці ўмоўных парушальнікаў былі задзейнічаны органы ваеннага кіравання, падраздзяленні радыётэхнічных войскаў, зенітна-ракетных войскаў і баявая авіяцыя. Пад кіраўніцтвам камандуючага ВПС і войскамі СПА Беларусі баявую задачу ў паветры сумесна з беларускімі экіпажамі выконваў знішчальнік ВПС Расіі са складу дзяжурных сіл па СПА.
Адначасова дзяжурныя сілы па супрацьпаветранай абароне былі вымушаныя змагацца і з умоўнымі дыверсійна-разведвальнымі групамі праціўніка на зямлі, якія імітаваліся дзеяннямі падраздзяленняў сіл спецыяльных аперацый. Для сіл спецыяльных аперацый выкананне гэтых задач таксама з’яўлялася своеасаблівым экзаменам.
Як адзначылі ў Дзяржаўным сакратарыяце Савета Бяспекі Рэспублікі Беларусь, дзяжурныя сілы і сродкі па супрацьпаветранай абароне, якія правяраліся, а таксама падраздзяленні сіл спецыяльных аперацый, якія былі прыцягнуты, паказалі зладжанасць дзеянняў і здольнасць выконваць задачы па прызначэнні ў розных умовах абстаноўкі.
24 студзеня па задуме раптоўнай праверкі розныя фарміраванні сіл спецыяльных аперацый дзейнічалі адзін супраць аднаго. Гэтыя навучальныя задачы яны выконвалі ў рамках арганізацыі контрдыверсійнай дзейнасці. Як адзначана правяраючымі, умоўным дыверсантам намечаных мэтаў дасягнуць не ўдалося.
Рашэнне задач праверкі прадугледжвае комплексную ацэнку дзеянняў як баявога кампанента, так і ўсіх сістэм забеспячэння, уключаючы тылавое, тэхнічнае забеспячэнне.
Значная ўвага надаецца праверцы гатоўнасці ўзбраення, ваеннай і спецыяльнай тэхнікі да баявога прымянення ў розных умовах абстаноўкі, у тым ліку нізкіх тэмператур.
Сіламі рухомых груп размініравання інжынерных войскаў выконваюцца мерапрыемствы інжынернай разведкі назначаных раёнаў. Створаны рухомыя інжынерныя групы ў гатоўнасці весці фартыфікацыйнае ўладкаванне раёнаў і падрыхтоўку маршрутаў вылучэння войскаў.
Матэрыяльнае забеспячэнне воінскіх часцей і падраздзяленняў, якія выконваюць пастаўленыя задачы, ажыццяўляецца ў поўным аб’ёме. Асаблівая ўвага нададзена недапушчэнню абмаражэння ваеннаслужачых, арганізаваны пункты абагрэву асабовага складу.
Сіламі экіпажаў і рамонтна-эвакуацыйных груп праводзіцца штодзённае тэхнічнае абслугоўванне ўзбраення, ваеннай і спецыяльнай тэхнікі.
У рамках мерапрыемстваў, якія праводзяцца, на арсеналах і базах узбраення і боепрыпасаў ажыццяўляецца ўзмацненне аховы і абароны аб’ектаў, прыняты неабходныя меры для забеспячэння захаванасці зброі, боепрыпасаў і іншай ваеннай маёмасці.
У далейшым абстаноўка будзе нарошчвацца, а колькасць органаў ваеннага кіравання і войскаў, якія прыцягваюцца да праверкі, – павялічвацца.
Вынікі праверкі будуць дасканала прааналізаваны і выкарыстаны ў далейшай падрыхтоўцы Узброеных Сіл.