Трэцяя батарэя зенітнага ракетнага комплексу «Тор-М2» паступіла на ўзбраенне ВПС і войскаў СПА Беларусі (Відэа)

Трэцяя батарэя зенітнага ракетнага комплексу «Тор-М2» паступіла на ўзбраенне ВПС і войскаў СПА Беларусі (Відэа)

Трэцяя батарэя зенітнага ракетнага комплексу «Тор-М2» паступіла на ўзбраенне 120-й зенітнай ракетнай брыгады Заходняга аператыўна-тактычнага камандавання Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.

Урачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя дадзенай падзеі, прайшлі сёння на тэрыторыі злучэння ў г. Баранавічы.

Ключы ад новай зенітнай ракетнай тэхнікі асабоваму складу ўручыў намеснік камандуючага ВПС і войскамі СПА генерал-маёр Ігар Голуб.

З прыняццем у баявы склад трэцяй зенітнай ракетнай батарэі завяршаецца фарміраванне паўнацэннага зенітнага ракетнага дывізіёна «Тор-М2», гэта дазволіць з вялікай эфектыўнасцю праводзіць баявую падрыхтоўку ваеннаслужачых, таму што разам з баявой тэхнікай у склад падраздзялення паступіў і новы трэнажорны комплекс, які дазваляе з высокай эфектыўнасцю праводзіць навучанне разлікаў рабоце па выяўленню, захопу, суправаджэнню і паражэнню цэлей у абстаноўцы з перашкодамі і без перашкод, а таксама ажыццяўляць кантроль практычных дзеянняў разлікаў.

Першыя батарэі зенітнага ракетнага комплексу «Тор-М2» паступілі на ўзбраенне 120-й зенітнай ракетнай брыгады Заходняга аператыўна-тактычнага камандавання ВПС і войскаў СПА ў 2011 і 2012 гадах. Асабовы склад у самыя кароткія тэрміны асвоіў атрыманую тэхніку і ў 2012 і 2013 гадах пры правядзенні баявых стрэльбаў на палігоне Ашулук выканаў усе пастаўленыя задачы на выдатна. Прычым для другой батарэі гэта былі так званыя стыковачныя стрэльбы, якія праводзяцца пасля атрымання новага ўзору тэхнікі і падрыхтоўкі экіпажаў да правядзення баявых пускаў. Беларускія «Торы» чатырма ракетамі паразілі ўсе мішэні.

Паступленне на ўзбраенне новай зенітнай ракетнай тэхнікі СПА дазволіць пашырыць баявыя магчымасці ВПС і войскаў СПА Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь па супрацьпаветранай абароне.

Пераўзбраенне на новую тэхніку прадугледжвае і ўдасканаленне сістэмы падрыхтоўкі ваенных кадраў. З 2010 года ў Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь на факультэце СПА адкрыта новая спецыялізацыя, дзе ажыццяўляецца падрыхтоўка і навучанне ваеннаслужачых на дадзены ўзор узбраення.

Зенітны ракетны комплекс «Тор-М2» прызначаны для вырашэння задач супрацьпаветранай абароны, ён забяспечвае эфектыўную супрацьпаветраную абарону ваенных і грамадзянскіх аб’ектаў. Комплекс здольны выконваць баявыя задачы ў любых кліматычных умовах.

Ён з’яўляецца эфектыўным сродкам паражэння самалётаў, верталётаў, аэрадынамічных беспілотных лятальных апаратаў, кіраваных ракет і іншых элементаў высокадакладнай зброі, якія лятаюць на сярэдніх, малых і гранічна малых вышынях у складанай паветранай абстаноўцы з перашкодамі.

Характарыстыкі «Тор-М2» можна параўнаць з характарыстыкамі новых зенітных ракетных комплексаў NASAMS, якія стаяць на ўзбраенні войскаў Нарвегіі і Нідэрландаў. Але расійскі комплекс цалкам аўтаматызаваны і сканіруе паветраную прастору ў аўтаматычным рэжыме, здольны ў аўтаномным рэжыме паражаць цэлі. «Тор-М2» абсталяваны сістэмай распазнавання «свой-чужы» і адначасова распазнае больш за 40 цэлей, пры гэтым па хуткасці набліжэння вызначае самыя небяспечныя з іх. Дакладнасць сістэмы навядзення і апазнавання цэлей ЗРК «Тор-М2» не мае аналагаў у свеце, што робіць яе лепшай у сваім класе.

Батарэя ЗРК «Тор-М2» у складзе чатырох баявых машын здольна адначасова паразіць 16 цэлей, якія ляцяць з любых напрамкаў з хуткасцю да 700 м/с на далёкасці да 12 км і вышыні ад 0,01 да 10 км у любых умовах надвор’я, днём і ноччу. Высокая баявая эфектыўнасць таксама дасягаецца за кошт цалкам новага алгарытму ўзаемадзеяння паміж машынамі, якія працуюць у пары. Яны актыўна абменьваюцца баявой інфармацыяй, самі размяркоўваюць цэлі паміж сабой. Сістэмы цалкам аўтаматызаваны, удзел чалавека зведзены да мінімуму.

Адметнымі асаблівасцямі «Тор-М2» з’яўляюцца высокая манёўранасць, мабільнасць, малы час рэакцыі, аўтаматызацыя баявой работы, эфектыўнасць стральбы па шырокаму класу цэлей (крылатыя ракеты, авіябомбы, якія карэкціруюцца, самалёты, верталёты, беспілотныя і дыстанцыйна кіраваныя ўдарныя апараты).

Пастаўка ажыццяёўлялася ў адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай узбраення на 2006-2015 гады. Выкананне мерапрыемстваў праграмы дазваляе не толькі падтрымаць боегатоўнасць існуючага парка баявых машын, але і арганізаваць іх мадэрнізацыю і закупку новых узораў.