Герой нашага часу

Герой нашага часу

2 снежня ў Міністэрстве абароны Рэспублікі Беларусь адбылося ўшанаванне генерал-маёра ў адстаўцы Феня Аляксандра Фёдаравіча ў сувязі з яго 90-годдзем.

З юбілеем ветэрана Вялікай Айчыннай вайны і Узброеных Сіл павіншаваў кіраўнік ваеннага ведамства генерал-лейтэнант Юрый Жадобін.

ФЕНЬ Аляксандр Фёдаравіч, генерал-маёр у адстаўцы.

Нарадзіўся 1 снежня 1923 года ў Чаркаскай вобласці.

З жніўня 1942 года ваяваў на франтах Вялікай Айчыннай вайны, удзельнік Сталінградскай і Курскай бітваў, вызвалення Украіны, Малдовы, Беларусі і Прыбалтыкі.

Падчас вайны быў камандзірам танка, камандзірам танкавага ўзвода, намеснікам начальніка штаба і начальнікам штаба танкавага батальёна, намеснікам камандзіра батальёна 5-й гвардзейскай танкавай арміі.

За гады вайны капітан Аляксандр Фень асабіста знішчыў 12 нямецкіх танкаў, быў 4 разы паранены, двойчы гарэў у танку. Вайну скончыў у г. Гдыні (Рэспубліка Польшча).

У пасляваенны час скончыў бранетанкавую акадэмію.

Праходзіў службу ў радах Савецкай Арміі на розных пасадах. Геаграфія яго службы – ад Германіі і Венгрыі да Забайкалля. З больш чым 37 гадоў ратнай працы больш за ўсё – аддадзена беларускай зямлі.

Скончыў службу 31 снежня 1978 года членам ваеннага савета 2-й танкавай арміі, намеснікам камандуючага па баявой падрыхтоўцы – начальнікам аддзела баявой падрыхтоўкі.

Аляксандр Фёдаравіч Фень узнагароджаны ордэнамі Аляксандра Неўскага, Айчыннай вайны 1-й і 2-й ступені, трыма ордэнамі Чырвонай Зоркі, ордэнам «За службу Радзіме ва Узброеных сілах СССР» 3-й ступені, медалямі «За адвагу», «За баявыя заслугі» , «За абарону Сталінграда», «За Перамогу» і іншымі.