- Навіны
- Узброеныя Сілы
- Ваенная адукацыя
Міністр абароны Беларусі генерал-лейтэнант Віктар Хрэнін у гэтыя хвіліны ўдзельнічае ў Міжнародным форуме забеспячэння калектыўнай бяспекі ў Маскве.
Перад пачаткам работы форуму — наведванне экспазіцыі прадукцыі, тэхналогій і перадавога вопыту па асноўных напрамках дзейнасці АДКБ.
Асаблівая цікавасць Міністра абароны Беларусі — да беспілотнікаў і тэхналогій процідзеяння ім.
Форум праходзіць напярэдадні сумеснага пасяджэння Савета міністраў замежных спраў, Савета міністраў абароны, Камітэта сакратароў саветаў бяспекі Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы.
***
Ваенная дэлегацыя Рэспублікі Беларусь прыняла ўдзел у Міжнародным форуме забеспячэння калектыўнай бяспекі ў Маскве.
Міжнародны форум прайшоў у фармаце адкрытага дыялогу. У рабоце форуму прынялі ўдзел кіраўнікі і прадстаўнікі органаў улады дзяржаў — членаў АДКБ і іншых міждзяржаўных структур, міжнародных арганізацый, дыпламатычнага корпуса, акадэмічных колаў і вядучыя эксперты.
Міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў паведаміў, што першыя кансультацыі па Еўразійскай хартыі разнастайнасці і шматпалярнасці ў XXI стагоддзі з удзелам краін, якія падтрымалі гэту ініцыятыву, пройдуць у Беларусі ў снежні.
Абмеркаваны пытанні забеспячэння калектыўнай бяспекі і наладжвання шматбаковага супрацоўніцтва на прасторы Вялікай Еўразіі.
***
Далей у рабочай праграме — сумеснае пасяджэнне Савета міністраў замежных спраў, Савета міністраў абароны, Камітэта сакратароў саветаў бяспекі Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы і сесія Савета калектыўнай бяспекі АДКБ. Дэлегацыі ўжо на месцы.
Дэлегацыю Рэспублікі Беларусь прадстаўляюць Міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў, Міністр абароны Беларусі генерал-лейтэнант Віктар Хрэнін, Дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Беларусі генерал-лейтэнант Аляксандр Вальфовіч.
***
У Маскве адбыліся сумеснае пасяджэнне Савета міністраў замежных спраў, Савета міністраў абароны, Камітэта сакратароў саветаў бяспекі Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы і сесія Савета калектыўнай бяспекі АДКБ.
У ходзе пасяджэння Генеральны сакратар АДКБ Таалатбек Масадыкаў выступіў з дакладам аб ваенна-палітычнай абстаноўцы ў рэгіёнах калектыўнай бяспекі Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы і дзейнасці Арганізацыі ў міжсесійны перыяд.
Таксама адбыўся абмен думкамі кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў дзяржаў — членаў АДКБ па гэтым пытанні.
Кіраўнікі статутных органаў Арганізацыі разгледзелі больш як 30 пытанняў, звязаных з развіццём яе ваеннага кампанента, і прынялі па іх станоўчыя рашэнні.
Старшынства ў статутных органах АДКБ перайшло ад Расіі да Таджыкістана.
Удзел беларускага боку ва ўказаных мерапрыемствах даў магчымасць давесці пазіцыю Рэспублікі Беларусь па ключавых пытаннях парадкаў дня пасяджэння і сесіі, а таксама намеціць перспектыўныя напрамкі далейшага міжведамаснага супрацоўніцтва з улікам нацыянальных інтарэсаў і прыярытэтаў у фармаце Арганізацыі ў 2027 годзе.
***
Міністр абароны Рэспублікі Беларусь генерал-лейтэнант Віктар Хрэнін расказаў аб пяцігодцы інавацыйных тэхналогій ва Узброеных Сілах.
На палях пасяджэння кіраўнік абароннага ведамства адказаў на пытанні журналістаў:
«Мы актыўна адсочваем досвед сучасных ваенных канфліктаў і бачым, як імкліва мяняюцца формы і спосабы вядзення баявых дзеянняў. На сённяшні дзень, калі казаць мовай лічбаў, каля 80 % агнявога паражэння наносяць менавіта беспілотныя лятальныя апараты.
Наш Прэзідэнт падкрэсліваў на форуме па бяспецы: ні адна краіна ў свеце на сённяшні дзень не валодае дасканалай сістэмай супрацьпаветранай абароны і супрацьдзеяння беспілотнікам. Гэтая тэма сёння вельмі актуальная, мы яе вывучаем. Таксама мы вывучаем вопыт найперш нашых расійскіх калег. Яны актыўна дзеляцца ім з намі.
Таму на сённяшняй выставе я звяртаў пільную ўвагу на навінкі, якія ўяўляюць цікавасць для Узброеных Сіл нашай краіны, для забеспячэння надзейнай сістэмы супрацьпаветранай абароны.
У мінулым годзе, калі Прэзідэнту дакладваўся план будаўніцтва і развіцця Узброеных Сіл, у нас ужо з'явіўся род спецыяльных войскаў — войскі беспілотных авіяцыйных комплексаў.
Мы бачым, што сістэмы БПЛА імкліва развіваюцца, і з улікам гэтага фактара на калегіі Міністэрства абароны мы вызначылі пяцігодку інавацыйных тэхналогій: яны будуць укараняцца ў сістэму падрыхтоўкі Узброеных Сіл, у забеспячэнне новымі ўзорамі ўзбраення, а ў наступным годзе — ва ўдасканаленне сістэмы процідзеяння беспілотным лятальным апаратам».
Фота Паўла Гузіча, «ВаенТВ»