У Беларусі адбылася актыўная фаза вучэнняў «Нерушымае братэрства — 2026», «Бар'ер-2026»

У Беларусі адбылася актыўная фаза вучэнняў «Нерушымае братэрства — 2026», «Бар'ер-2026»

У Рэспубліцы Беларусь на палігонах Лосвіда і Стародарожскі адбыліся заключныя этапы каманднa-штабнога вучэння з Міратворчымі сіламі АДКБ «Нерушымае братэрства — 2026» і спецыяльнага вучэння з сумесным фарміраваннем РХБ абароны і медыцынскага забеспячэння АДКБ «Бар'ер-2026».

У ходзе практычных дзеянняў падраздзяленні правялі міратворчую аперацыю на тэрыторыі ўмоўнай дзяржавы — члена АДКБ і выканалі задачы па падтрыманні рэжыму спынення агню паміж канфліктуючымі бакамі, а таксама забяспечылі захаванне ўмоў перамір'я.

Асноўныя намаганні Калектыўных міратворчых сіл АДКБ былі сканцэнтраваны на стварэнні ўмоў для справядлівага мірнага ўрэгулявання канфлікту. Вырашэнне міратворчых задач прадугледжвалася ў тры этапы.

На першым этапе міратворчай аперацыі Калектыўныя міратворчыя сілы занялі зону адказнасці, развялі бакі, якія супрацьстаяць, забяспечылі бяспечную абстаноўку ў крызісным раёне.

На другім этапе ў зоне адказнасці КМС АДКБ падраздзяленні ажыццяўлялі кантроль мясцовасці і дзеянняў насельніцтва, ахоўвалі і абаранялі крытычна важныя аб'екты інфраструктуры, стваралі раёны комплекснага прыкрыцця, забяспечвалі бяспечны транзіт усіх відаў транспарту і функцыянаванне камунікацый.

У зоне адказнасці падраздзяленні арганізавалі мабільнае і пешае патруляванне, ахову і ўзмацненне кантрольна-прапускных пунктаў і блокпастоў. Адпрацавалі пытанні па арганізацыі службы ў дэмілітарызаванай зоне, адбіцці нападу ўмоўных незаконных узброеных фарміраванняў на міратворчы кантрольна-прапускны пункт і знішчэнні беспілотных лятальных апаратаў умоўнага праціўніка сродкамі супрацьпаветранай абароны і радыёэлектроннай барацьбы.

Падраздзяленні адпрацавалі пытанні блакіравання раёна правядзення несанкцыянаванага мітынгу, лакалізацыі зоны беспарадкаў, забеспячэння бяспекі грамадзян і аб'ектаў інфраструктуры. Адпрацаваны дзеянні па вызваленні закладнікаў і нейтралізацыі ўмоўных тэрарыстаў у адміністрацыйным будынку.

Спецпадраздзяленне дэсантавалася беспарашутным спосабам з верталёта Мі-8МТВ-5, заняло ключавыя пазіцыі. Пасля нейтралізацыі ўмоўнага праціўніка і вызвалення закладнікаў ажыццявіла агляд будынка. З раёна выканання задачы асабовы састаў эвакуявалі на верталёце.

Падраздзяленні Калектыўных міратворчых сіл адпрацавалі дзеянні па дастаўцы і суправаджэнні гуманітарных грузаў. У ходзе вучэнняў падраздзяленні адбілі напад на аўтамабільную калону з гуманітарнымі грузамі, адпрацавалі пытанні аказання медыцынскай дапамогі і санітарнай эвакуацыі.

Сумеснае фарміраванне РХБ абароны і медыцынскага забеспячэння АДКБ адпрацавала практычныя дзеянні, накіраваныя на ліквідацыю крыніц біялагічных пагроз і забеспячэнне біялагічнай бяспекі.

На трэцім этапе асноўная ўвага была нададзена перадачы крытычна важных аб'ектаў інфраструктуры і зоны адказнасці мясцовым органам улады.

На тэрыторыі Рэспублікі Беларусь праведзены камандна-штабное вучэнне з Міратворчымі сіламі АДКБ «Нерушымае братэрства — 2026» і спецыяльнае вучэнне з сумесным фарміраваннем РХБ абароны і медыцынскага забеспячэння АДКБ «Бар'ер-2026».

У вучэннях прымалі ўдзел кантынгенты Войск (Калектыўных сіл) АДКБ Рэспублікі Беларусь, Рэспублікі Казахстан, Кыргызскай Рэспублікі, Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Таджыкістан. Сярод іх — воінскія кантынгенты, падраздзяленні органаў унутраных спраў (міліцыі) і нацыянальнай гвардыі, а таксама аператыўныя групы Аб'яднанага штаба і Сакратарыята АДКБ. Аснову расійскага воінскага кантынгенту складаюць падраздзяленні агульнавайсковай арміі Цэнтральнай ваеннай акругі. Усяго задзейнічана больш за 1500 ваеннаслужачых і звыш 300 адзінак узбраення, ваеннай і спецыяльнай тэхнікі, у тым ліку каля 80 рознатыпных БПЛА.

Начальнік Генеральнага штаба Узброеных Сіл — першы намеснік Міністра абароны Рэспублікі Беларусь генерал-маёр Уладзімір Белы пра вучэнні АДКБ «Нерушымае братэрства — 2026» і «Бар'ер-2026»:

«Напярэдадні планавання гэтых вучэнняў мы паставілі для сябе асноўныя мэты: удасканальваць уменні камандзіраў, штабоў у планаванні выкарыстання, а таксама ва ўпраўленні дзеяннямі падначаленымі падраздзяленнямі, сіламі і сродкамі, дабіцца зладжанасці кантынгентаў, павысіць узровень адзіночнай падрыхтоўкі ваеннаслужачых, якія павінны будуць сумесна выконваць гэтыя задачы.

За практычнымі дзеяннямі навучэнцаў стаіць таксама руплівая праца штабоў, якія планавалі іх выкарыстанне. Кіраўнікі ў сучасных умовах павінны ўмець, ужываючы сучасныя сродкі сувязі, лічбавізацыі, дастаткова мабільна, аператыўна рэагаваць на ўмовы абстаноўкі, што складваецца. Можна сказаць, што вучэнні дасягнулі пастаўленых мэт.

Адзначу, што такія вучэнні — гэта магчымасць абмяняцца вопытам. Падраздзяленні нацыянальных кантынгентаў маюць вялікі практычны вопыт, у тым ліку ў выкананні задач у міратворчых місіях, у крызісных рэгіёнах, пад рознымі мандатамі. І гэты вопыт мы можам сабраць, акумуляваць, поўнасцю перадаць адзін аднаму і ў далейшым рэалізаваць у сваёй падрыхтоўцы.

Кожнае вучэнне мае, у тым ліку, і даследчую мэту. Калі браць сістэму вучэнняў, якая ў нас адбылася ў рамках АДКБ, — гэта цэлая сістэма вучэнняў. Мы пачыналі з вучэнняў калектыўных сіл аператыўнага рэагавання КСАР «Узаемадзеянне-2026», вучэння сіл і сродкаў разведкі «Пошук», вучэння сіл матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння. Сёння на тэрыторыі Беларусі прайшлі вучэнні «Нерушымае братэрства» і «Бар'ер». У рамках гэтых вучэнняў была праведзена дастаткова вялікая работа па апрабацыі новых распрацовак, новых тэхналогій.

Трэба адзначыць, што было выпрабавана больш за 80 беспілотных авіяцыйных комплексаў, робатызаваных сістэм, сістэм кіравання. Сёння мы бачым, што роля чалавека ў такіх небяспечных, крытычных зонах змяншаецца. На першы план выходзяць робататэхнічныя комплексы, якія выконваюць самыя складаныя, небяспечныя задачы. Гэта мы сёння назіралі, у тым ліку і на практычным этапе вучэння «Нерушымае братэрства».

Упэўнены, што ўсе тыя распрацоўкі, якія былі апрабаваны ў ходзе нашых вучэнняў, будуць у далейшым ўвасоблены ў практыку падрыхтоўкі нашых войск і сіл».

Фота падпалкоўніка Алега Някалы, Арцёма Берасценя, «Ваяр»