Камісія Генштаба Узброеных Сіл праводзіць праверку органаў кіравання тэрытарыяльнай абароны Магілёўскай вобласці

Камісія Генштаба Узброеных Сіл праводзіць праверку органаў кіравання тэрытарыяльнай абароны Магілёўскай вобласці

Начальнік Генеральнага штаба Узброеных Сіл – першы намеснік Міністра абароны Рэспублікі Беларусь генерал-маёр Уладзімір Белы ўручыў старшыні Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта Анатолю Ісачанку дырэктыву Генеральнага штаба на фарміраванне тэрытарыяльных войск Крычаўскага раёна Магілёўскай вобласці.

Мэта праверкі — ацэнка ўзроўню падрыхтоўкі тэрытарыяльнай абароны, эфектыўнасці працы службовых асоб выканаўчых камітэтаў і ваенных камісарыятаў вобласці ў пытаннях фарміравання і прымянення сіл тэрытарыяльнай абароны.

Падчас мерапрыемстваў спланаваны прызыў ваеннаабавязаных тэрытарыяльных войск і правядзенне з імі заняткаў на ўчастках мясцовасці ў Магілёўскай вобласці.

Начальнік Генеральнага штаба Узброеных Сіл — першы намеснік Міністра абароны генерал-маёр Уладзімір Белы:

«Сёння мы пачалі комплексную праверку ўзроўню падрыхтоўкі тэрытарыяльнай абароны Магілёўскай вобласці.

Праверка будзе доўжыцца з 7 кастрычніка па 13 лістапада.

Падчас праверкі будуць ахоплены ўсе адміністрацыйныя раёны вобласці, а ў Крычаўскім раёне трэба будзе сфарміраваць падраздзяленні тэрытарыяльных войск.

Асноўная мэта – праверыць працаздольнасць сістэм кіравання, усебаковага забеспячэння і ўзаемадзеяння: наколькі службовыя асобы выканаўчых камітэтаў і афіцэры органаў кіравання здольныя выконваць задачы па разгортванні і вядзенні тэрытарыяльнай абароны ў сучасных умовах і з улікам існуючых выклікаў.

На завяршальным этапе будзе праведзена камандна-штабнае вучэнне з падраздзяленнямі сіл тэрытарыяльнай абароны Крычаўскага раёна. Яго асаблівасцю стане практычнае выкананне задач падраздзяленнямі тэрытарыяльных войск, расасяроджанымі на розных участках мясцовасці, ва ўзаемадзеянні з іншымі сіламі тэрытарыяльнай абароны. Вынікам стане ацэнка работы службовых асоб выканкамаў па падрыхтоўцы да разгортвання, фарміравання і вядзення тэрытарыяльнай абароны.

Хацеў бы падкрэсліць, што кіраўніцтва вобласці надае самую пільную і сур'ёзную ўвагу пытанням падрыхтоўкі тэрытарыяльнай абароны. Планава праведзены неабходныя мерапрыемствы, сумесныя штабныя трэніроўкі па падрыхтоўцы органаў кіравання і ваеннаабавязаных. Значная ўвага надаецца развіццю вучэбна-матэрыяльнай базы, якая дазваляе якасна праводзіць заняткі, трэніроўкі і вучэнні рознага ўзроўню. Удасканальваецца сістэма кіравання, мадэрнізуюцца пункты кіравання, створана фактычна аўтаномная сучасная сістэма сувязі, у тым ліку з наяўнасцю лічбавых сістэм перадачы дадзеных.

Мы адзначаем комплексны падыход да аснашчэння падраздзяленняў тэрытарыяльнай абароны. Па наяўнасці беспілотных лятальных апаратаў Магілёўская вобласць сёння з'яўляецца адным з лідараў. Падраздзяленні добра аснашчаюцца прыборамі начнога бачання, у тым ліку цеплавізарамі, сучаснымі сродкамі сувязі і экіпіроўкай ваеннаслужачых, якая забяспечвае паспяховае выкананне задач.

Упэўнены, што цеснае супрацоўніцтва службовых асоб выканкамаў, органаў ваеннага кіравання і насельніцтва забяспечыць паспяховае выкананне ўсіх пастаўленых задач».

Старшы лейтэнант Алег Шышлоўскі, «Ваяр», фота Паліны Дзегцяровай