- Навіны
- Узброеныя Сілы
- Ваенная адукацыя
Паважаныя таварышы!
Віншую асабовы склад і ветэранаў 116-й гвардзейскай штурмавой авіяцыйнай Радамскай Чырванасцяжнай базы з 85-гадовым юбілеем!
Гісторыя воінскай часці — гэта яркая старонка летапісу авіяцыі Узброеных Сіл нашай краіны.
У гады Вялікай Айчыннай вайны лётчыкі 563-га, а пасля 116-га знішчальнага авіяцыйнага палка, ад якога вядзе сваю гісторыю штурмавая авіяцыйная база, унеслі неацэнны ўклад у разгром фашызму, знішчыўшы сотні варожых самалётаў.
У кожным баявым вылеце паветраныя асы дэманстравалі ўзоры беспрэцэдэнтнай мужнасці і найвышэйшага прафесіяналізму. Узорнае выкананне заданняў камандавання, доблесць і гераізм асабовага складу палка адзначаны ганаровымі найменнямі і ўзнагародамі.
У пасляваенныя гады змяняліся арганізацыйна-штатная структура часці, яе месца дыслакацыі і найменне, але нязменнымі заставаліся прафесіяналізм ваеннаслужачых і вернасць воінскаму абавязку.
Сёння, абапіраючыся на баявыя традыцыі папярэднікаў, асабовы склад авіябазы забяспечвае надзейную пераемнасць пакаленняў у абароне паветраных рубяжоў краіны.
Асвойваючы сучасную авіяцыйную тэхніку і ўдасканальваючы майстэрства на найноўшых узорах узбраення, лётчыкі дэманструюць прафесіяналізм, адвагу і самаадданасць. Залатымі літарамі ў гісторыю Рэспублікі Беларусь упісаны імёны герояў — ваеннаслужачых базы — гвардыі маёра Андрэя Нічыпорчыка і гвардыі лейтэнанта Мікіты Куканенкі.
Упэўнены, што ваеннаслужачыя 116-й гвардзейскай штурмавой авіяцыйнай базы і ў далейшым будуць прытрымлівацца ратных традыцый папярэднікаў, удасканальваць сваё майстэрства, уносіць значны ўклад у захаванне мірнага неба роднай Беларусі.
Віншую ветэранаў, ваеннаслужачых і грамадзянскі персанал воінскай часці са знакавай юбілейнай датай.
Шчасця вам, моцнага здароўя і поспехаў у ратнай службе і працы на карысць Беларусі.
Міністр абароны Рэспублікі Беларусь
генерал-лейтэнант В. Г. Хрэнін