Урачысты сход, прысвечаны 80-й гадавіне святкавання Дня танкістаў

Урачысты сход, прысвечаны 80-й гадавіне святкавання Дня танкістаў

У Цэнтральным Доме афіцэраў адбыўся ўрачысты сход, прысвечаны 80-й гадавіне святкавання Дня танкістаў.

Перад пачаткам мерапрыемства члены калегіі Міністэрства абароны на чале з начальнікам Генеральнага штаба Узброеных Сіл — першым намеснікам Міністра абароны генерал-маёрам Паўлам Муравейка, дзеючыя афіцэры Узброеных Сіл і ветэраны ўсклалі кветкі да падножжа помніка савецкаму танку Т-34.

Госці таксама азнаёміліся з выставачнай экспазіцыяй, падрыхтаванай да святочнай даты.

З віншаваннем да воінаў-танкістаў звярнуўся начальнік Генеральнага штаба Узброеных Сіл — першы намеснік Міністра абароны Рэспублікі Беларусь генерал-маёр Павел Муравейка:

«Танкавыя войскі з'яўляюцца сталёвым кулаком арміі, сімвалам рашучасці і здольнасці адбіць любую пагрозу. Яны прайшлі гераічны шлях станаўлення — ад лёгкіх танкаў са стралковым узбраеннем і асобных браняваных атрадаў да танкавых армій часоў Вялікай Айчыннай вайны і танкавых воінскіх часцей сучаснай беларускай арміі.

Але якой бы сучаснай ні была тэхніка, галоўнае ў танкавых, як і ў любых іншых войсках, — гэта людзі. Сучаснае пакаленне воінаў-танкістаў беларускай арміі годна працягвае слаўныя баявыя традыцыі сваіх папярэднікаў.

Нашы экіпажы праходзяць сур'ёзную падрыхтоўку, рэгулярна ўдзельнічаючы ў маштабных вучэннях, у тым ліку ў рамках Дагавора аб калектыўнай бяспецы. Адпрацоўваецца ўзаемадзеянне з іншымі родамі войск, удасканальваюцца навыкі вядзення бою ва ўмовах, максімальна набліжаных да рэальных. Усё гэта дазваляе падтрымліваць высокі ўзровень баявой гатоўнасці і гарантаваць надзейную абарону суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Рэспублікі Беларусь».

Намеснік Дзяржаўнага сакратара Савета Бяспекі генерал-маёр Андрэй Гарбаценка павіншаваў прысутных з прафесійным святам і зачытаў віншавальны адрас Кіраўніка дзяржавы.

Завяршылася мерапрыемства выступленнем Узорна-паказальнага аркестра Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.

Старшы лейтэнант Анастасія Банет, «Ваяр», фота Паліны Дзягцяровай