Курсанты прынялі Ваенную прысягу ва ўстановах адукацыі

Курсанты прынялі Ваенную прысягу ва ўстановах адукацыі

На пляцы Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь адбылася ўрачыстая цырымонія прыняцця Ваеннай прысягі.

Рады галоўнай ваеннай ВНУ краіны папоўнілі каля 800 курсантаў. У іх ліку каля 50 прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва.

Прычым набор дзяўчат на факультэты Ваеннай акадэміі ў Год беларускай жанчыны павялічылі на 15 працэнтаў. Таксама сёлета быў адноўлены набор на спецыяльнасць «кіраванне паветранымі суднамі дзяржаўнай авіяцыі» для дзяўчат.

З адным з найважнейшых дзён у іх жыцці маладых людзей павіншавалі намеснік міністра абароны Рэспублікі Беларусь генерал-маёр Уладзімір Белы, камандуючы Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны генерал-маёр Андрэй Лук'яновіч, начальнік ракетных войск і артылерыі — начальнік упраўлення ракетных войск і артылерыі Генеральнага штаба Узброеных Сіл генерал-маёр Руслан Чэхаў, а таксама начальнік Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь генерал-маёр Дзмітрый Стрэшынскі.

Начальнік Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь генерал-маёр Дзмітрый Стрэшынскі:

— У гэты дзень у сценах Ваеннай акадэміі адбыўся адзін з найважнейшых воінскіх рытуалаў — курсанты набору 2026 года прынеслі клятву на вернасць Радзіме. Каля 800 чалавек у жніўні прайшлі курс маладога папаўнення, у рамках якога спасціглі асновы будучай прафесіі. Гэта быў іх усвядомлены выбар, і сёння яны замацавалі яго юрыдычна, прыняўшы Ваенную прысягу. Мы перагледзелі навучальныя праграмы, і асноўны ўпор падчас навучання будзе зроблены на практычныя заняткі. Больш за 80 працэнтаў агульнага вучэбнага часу будзе адведзена на правядзенне заняткаў на ваеннай тэхніцы, якая знаходзіцца на ўзбраенні нашых Узброеных Сіл. Наперадзе курсантаў чакае нялёгкая праца. Але мы ўпэўнены, што пад чулым кіраўніцтвам прафесарска-выкладчыцкага складу праз 4 гады мы атрымаем прафесіяналаў, якія складуць касцяк афіцэрскага корпуса нашых Узброеных Сіл.

Курсанты-першакурснікі ваеннага факультэта ў Беларускім дзяржаўным універсітэце ва ўрачыстай абстаноўцы прынялі Ваенную прысягу.

Словы клятвы на вернасць Радзіме ў прысутнасці сваіх родных і блізкіх прамовілі каля 70 юнакоў і дзяўчат.

Са знамянальнай падзеяй хлопцаў і дзяўчат павіншавалі кіраўніцтва ВНУ і факультэта, іншыя ганаровыя госці.

Начальнік ваеннага факультэта палкоўнік Андрэй Бахар:

— Паважаныя першакурснікі! Сёння перад сваімі таварышамі вы прамовілі адну з галоўных клятваў у вашым жыцці — прысягу на вернасць Рэспубліцы Беларусь. Вы з поўным разуменнем усёй адказнасці ўзялі на сябе свяшчэнны абавязак па абароне канстытуцыйнага ладу і тэрытарыяльнай цэласнасці Рэспублікі Беларусь.

Свята выконвайце прысягу, не адступайце ад тых слоў, якія вы прамовілі, стоячы перад сваімі сябрамі, таварышамі.

Паважаныя бацькі! Вялікі дзякуй за тое, што выхавалі такіх таленавітых і мэтанакіраваных дзяцей. Яны пераадолелі цяжкасці, паступілі на наш ваенны факультэт.

Я перакананы, што хлопцы, якія набралі такія высокія балы і прайшлі складаны адбор, яшчэ не раз вас парадуюць. Праз чатыры гады яны атрымаюць першае афіцэрскае званне, годна завершаць навучанне.

Гэты год для Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і ваеннага факультэта юбілейны. БДУ спаўняецца 105 гадоў, а нашаму факультэту — 100 гадоў.

У гэты асаблівы год на маладое пакаленне мы ўскладаем асаблівыя надзеі. Мы ўпэўнены, што яны стануць годнай зменай.

***

Курсанты першага курса ваеннага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы сёння прынялі Ваенную прысягу.

Урачысты воінскі рытуал прайшоў у мемарыяльным комплексе «Курган Славы» ў Гродне.

Па традыцыі мерапрыемства пачалося з ускладання вянка і кветак да Вечнага агню ля падножжа Кургана Славы. Памяць загінулых савецкіх воінаў-вызваліцеляў удзельнікі цырымоніі ўшанавалі хвілінай маўчання.

Затым першакурснікі прамовілі словы свяшчэннай воінскай клятвы. Сведкамі цырымоніі сталі родныя і блізкія курсантаў, прадстаўнікі Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь і іншых сілавых ведамстваў, рэктарата і грамадскасці.

З прыняццем Ваеннай прысягі курсантаў павіншавалі намеснік Міністра абароны па тыле — начальнік тылу Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь генерал-маёр Аляксандр Масолаў, рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірына Кітурка, начальнік ваеннай навучальнай установы палкоўнік Генадзь Песляк, мама курсанта першага курса Анастасія Баравік.

— Сёння знамянальная дата для вас, таварышы курсанты, і, вядома ж, гэта свята для сем'яў, родных і блізкіх, — звярнуўся да першакурснікаў ваеннага факультэта намеснік Міністра абароны па тыле — начальнік тылу Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь генерал-маёр Аляксандр Масолаў. — Вы далі клятву на вернасць нашаму народу, нашай Радзіме. Як падкрэсліў наш Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, армейская служба — гэта сур'ёзная школа, школа, якая выхоўвае ў вас асабістую адказнасць за лёс нашай дзяржавы. Вам захоўваць і працягваць усе добрыя традыцыі нашай арміі. Са святам, міру і дабрабыту!

У завяршальнай частцы цырымоніі купалаўцы пад маршавую музыку ў выкананні ваеннага аркестра прайшлі ўрачыстым маршам. Бацькі першакурснікаў з гонарам глядзелі на сваіх сыноў — змужнелых, падцягнутых, з сапраўднай ваеннай выпраўкай. Будучыя афіцэры прайшлі пачатковую прафесійную падрыхтоўку на палігоне Гожскі і ў самы важны дзень у жыцці кожнага ваеннаслужачага дакладна і зладжана выконвалі страявыя прыёмы. Затым адбыўся плац-парад роты няштатнага ганаровага каравула ваеннага факультэта.

Пасля заканчэння цырымоніі прыняцця Ваеннай прысягі ў суправаджэнні родных і блізкіх курсанты адправіліся ў звальненне.

Курсант першага курса Максім Шустыкаў:

— Я ганаруся, што з гэтай хвіліны з'яўляюся абаронцам нашай Радзімы, нясу асабістую адказнасць за яе бяспеку. Навучанне на ваенным факультэце дазволіць мне рэалізаваць сваю мару і стаць афіцэрам Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, як мой дзядуля і бацька, працягнуць сямейную традыцыю служэння Айчыне.

Аляксандр Севенка, Анастасія Банет, Анастасія Гакоціна, Яўген Лапушко, «Ваяр»