- Навіны
- Узброеныя Сілы
- Ваенная адукацыя
6 жніўня спаўняецца 137 гадоў са дня ўтварэння першай воінскай часці чыгуначных войскаў на тэрыторыі Беларусі. Гэты дзень адзначаецца ў Рэспубліцы Беларусь як Дзень чыгуначных войскаў.
Урачыстыя мерапрыемствы, якія прысвечаны Дню чыгуначных войскаў, пройдуць 9 жніўня ў горадзе Слуцку на базе 30-й Чырванасцяжнай асобнай чыгуначнай брыгады.
Для ўдзелу ва ўрачыстых мерапрыемствах у рамках развіцця двухбаковага ваеннага супрацоўніцтва былі запрошаны прадстаўнікі Дзяржаўнай спецыяльнай службы транспарту Міністэрства інфраструктуры Украіны і Галоўнага ўпраўлення Чыгуначных войскаў Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі.
Гісторыя чыгуначных войскаў Рэспублікі Беларусь, як незалежнай і суверэннай дзяржавы, пачынаецца з 1992 года.
За мінулыя гады воінскія часці арганізацыйна сфарміраваліся, прайшлі этапы станаўлення і занялі значнае месца ў ваеннай арганізацыі дзяржавы. Чыгуначнымі злучэннямі і часцямі пабудавана больш за сорак капітальных і наплыўных аўтадарожных мастоў праз рэкі Днепр, Сож, Заходняя Дзвіна, Нёман, Ясельда, праведзена дэмаркацыя ўчастка беларуска-літоўскай дзяржаўнай мяжы.
Дзякуючы працы воінаў-чыгуначнікаў сёння візітнай карткай Беларусі з'яўляюцца Востраў Мужнасці і Смутку і чыгуначны вакзал у горадзе Мінску, мемарыяльны комплекс «Курган Славы», гісторыка-культурны комплекс «Лінія Сталіна», Нацыянальная бібліятэка Беларусі, лыжна-біятлонная база «Заячая паляна» ў Лагойску. У горадзе Слуцку на тэрыторыі 30-й асобнай чыгуначнай брыгады сіламі ваеннаслужачых часці пабудавана царква ў гонар Аляксандра Неўскага.
Правапераемнікам чыгуначных войскаў з'яўляюцца транспартныя войскі Рэспублікі Беларусь, у склад якіх уваходзяць чыгуначныя воінскія часці. Цяперашняе пакаленне воінаў сталёвых магістраляў з гонарам працягвае гераічныя традыцыі папярэдніх пакаленняў. Высокі і эканамічны эфект ад іх дзейнасці для народнагаспадарчага комплексу. Толькі наведзеныя транспартнымі войскамі масты прынеслі эканамічны эфект на мільярды рублёў. Такім чынам, і сёння воіны-чыгуначнікі павышаюць прафесійнае майстэрства, паспяхова вырашаюць задачы па дасягненню якасна новага ўзроўню сістэмы транспартнага забеспячэння Узброеных Сіл і гарантуюць пастаянную гатоўнасць у справе забеспячэння ваеннай бяспекі дзяржавы.