- Навіны
- Узброеныя Сілы
- Ваенная адукацыя
На палігоне «Брэсцкі» адбылася цырымонія закрыцця рэспубліканскага фіналу ваенна-патрыятычнай гульні «Арляня».
З завяршэннем спаборніцтваў удзельнікаў павіншаваў памочнік Міністра абароны па ідэалагічнай рабоце ва Узброеных Сілах — начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь генерал-маёр Леанід Касінскі:
«Вы — людзі, якія з юнацтва разумеюць і сэрцам адчуваюць, што азначаюць такія словы, як “абавязак”, “гонар”, “Радзіма”. І паверце, мне, як прадстаўніку старэйшага пакалення, як афіцэру, які служыць у войску больш за 35 гадоў, прыемна бачыць у вас маладых, энергічных, мэтанакіраваных людзей. Прыемна ўсведамляць, што будучыня нашай краіны знаходзіцца ў надзейных руках.
Я ўпэўнены, што пасля такіх этапаў вы разумееце: абараняць Радзіму павінен кожны на сваім месцы. І неабавязкова гэта павінен быць чалавек у пагонах. Настаўнік, хлебароб, трактарыст — кожны на сваім месцы ў меру сваіх магчымасцей абараняе Радзіму. І я ўпэўнены, што сёння ў гэтым страі стаяць будучыя вядомыя архітэктары, палітыкі, дыпламаты, вайскоўцы. Магчыма, недзе сярод вас стаіць і будучы міністр абароны».
Па выніках конкурснай праграмы месцы размеркаваліся наступным чынам:
1-е месца — каманда «Рота 56» (СШ № 56 г. Мінска імя В.І. Ігнаценкі).
2-е месца — каманда «Юныя абаронцы» (СШ № 27 г. Бабруйска імя В.З. Харужай).
3-е месца — каманда «Перамога» (СШ № 16 г. Мазыра).
Цыкл рэспубліканскіх фіналаў ваенна-патрыятычных гульняў «Зарнічка», «Зарніца» і «Арляня» завершаны. Сёлета ў спаборніцтвах прынялі ўдзел больш за 200 школьнікаў з усіх рэгіёнаў Беларусі, а таксама каманда з Расійскай Федэрацыі.
Размаўляючы з журналістамі, генерал-маёр Леанід Касінскі адзначыў, што для ўдзельнікаў ваенна-патрыятычных гульняў «Зарнічка», «Зарніца», «Арляня» такія мерапрыемствы выходзяць далёка за межы звычайнага спаборніцтва:
«Безумоўна, для юных патрыётаў такія мерапрыемствы — гэта нешта большае, чым проста гульня. Прайграўшых тут няма. Па-першае, хлопцы і дзяўчаты перамаглі саміх сябе, свае слабасці. Па-другое, яны набылі тут сяброў, згуртаваліся як каманда.
Гэта традыцыйнае мерапрыемства, якое мы штогод праводзім сумесна з Міністэрствам адукацыі тут, на брэсцкай зямлі, палітай крывёю. І месца гэта выбрана невыпадкова.
Больш за пяць тысяч маладых людзей па ўсёй краіне прынялі ўдзел у гэтых спаборніцтвах, перш чым дайсці да рэспубліканскага этапу. Сёння мы завяршылі рэспубліканскі этап гульняў «Зарнічка», «Зарніца», «Арляня». І гэта толькі невялікая частка шырокага спектру мерапрыемстваў патрыятычнай работы, якія ваеннае ведамства праводзіць з моладдзю».
Асобна генерал-маёр Леанід Касінскі расказаў пра сістэму ваенна-патрыятычных лагераў, якія дзейнічаюць на базе воінскіх часцей і злучэнняў:
«Сёння на базе злучэнняў і воінскіх часцей працуюць амаль 140 лагераў — як з кругласутачным, так і з дзённым знаходжаннем. Гэта таксама традыцыйнае мерапрыемства, якое ваеннае ведамства актыўна праводзіць падчас летніх канікул.
Мы даём магчымасць дзецям далучыцца да гісторыі, даведацца гістарычную праўду, загартавацца фізічна, азнаёміцца з дзейнасцю Узброеных Сіл, даведацца пра тое, пра што, магчыма, ім не раскажуць у паўсядзённым жыцці, у школе ці ў сям’і.
Важныя і самі зносіны з вайскоўцамі Узброеных Сіл. Наша задача — выхаваць патрыётаў, расказаць дзецям праўду, якую сёння актыўна спрабуюць скажаць тыя, хто нас не любіць. І з кожным годам цікавасць да ваенна-патрыятычных лагераў расце: дзеці з ахвотай прыходзяць у госці да вайскоўцаў, некаторыя хочуць застацца на некалькі змен, завязваюцца знаёмствы і сяброўства.
Важна і тое, як на гэта рэагуюць тыя, хто нас не любіць. Яны разумеюць, што мы выбіваем у іх глебу з-пад ног. Мы расказваем дзецям праўду, у адрозненне ад іх, вучым дзяцей з юнацтва такім паняццям, як абавязак, гонар, Радзіма. Мы працягнем гэтую работу, будзем пашыраць яе межы і маштабы.
Асаблівай папулярнасцю ў дзяцей карыстаюцца палатачныя летнія лагеры. Таму з кожным годам мы нарошчваем свае магчымасці ў гэтым напрамку».
Таксама ён расказаў пра сумесныя праекты з Расійскай Федэрацыяй:
«З калегамі з Расійскай Федэрацыі мы праводзім даволі шмат сумесных мерапрыемстваў патрыятычнай накіраванасці — ад узаемадзеяння з юнармейцамі да розных акцый.
Ужо днямі пачнецца чарговая акцыя «Лісты нашчадкам. Да 100-годдзя Вялікай Перамогі прысвячаецца!», падчас якой мы сумесна з вайскоўцамі Расійскай Федэрацыі збяром лісты ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, змесцім іх у спецыяльныя капсулы і будзем захоўваць у музеях па ўсёй краіне. Гэтыя капсулы будуць адкрытыя тады, калі мы будзем адзначаць стагадовы юбілей Вялікай Перамогі.
Можна анансаваць і яшчэ адно такое мерапрыемства. Напярэдадні 85-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны мы сумесна з Узброенымі Сіламі Расійскай Федэрацыі хочам зрабіць падарунак брэстчанам — прадставіць узоры рарытэтнай бронетанкавай тэхнікі часоў Вялікай Айчыннай вайны. Гэта вельмі рэдкія ўзоры, якія ўдзельнічалі менавіта ў пачатковы перыяд вайны. Пасля мы адвязём гэтую тэхніку і будзем экспанаваць яе ў Мінску, а таксама на Буйніцкім полі».
Алег Шышлоўскі, «Ваяр», фота аўтара.