Урачысты сход і святочны канцэрт «Подзвіг бацькоў – гонар нашчадкаў»

Урачысты сход і святочны канцэрт «Подзвіг бацькоў – гонар нашчадкаў»

У Палацы Рэспублікі прайшлі ўрачысты сход і святочны канцэрт «Подзвіг бацькоў – гонар нашчадкаў», прысвечаныя Дню Перамогі.

Тут сабраліся ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, прадстаўнікі Узброеных Сіл, дыпламатычнага корпуса, духавенства, грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый, жыхары сталіцы, а таксама дэлегацыі з усіх рэгіёнаў Беларусі.

У мерапрыемстве прыняў удзел Міністр абароны Рэспублікі Беларусь генерал-лейтэнант Віктар Хрэнін.

Перад пачаткам мерапрыемства госці наведалі тэматычную выстаўку Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Цэнтральным вобразам экспазіцыі стала жанчына і яе ўклад у Перамогу.

«Перамога ў Вялікай Айчыннай вайне — вынік аб’яднаных намаганняў усіх брацкіх народаў Савецкага Саюза», — дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Беларусі генерал-лейтэнант Аляксандр Вальфовіч падчас урачыстага сходу, прысвечанага Дню Перамогі.

Пра значэнне Вялікай Перамогі і важнасць захавання гістарычнай памяці:

«9 Мая ўвайшло ў наша жыццё як дзень славы, гонару і бязмернай падзякі пакаленню пераможцаў. Перамога ў Вялікай Айчыннай вайне — вынік аб’яднаных намаганняў усіх брацкіх народаў Савецкага Саюза. Гэтая кровапралітная вайна паказала, што даць адпор моцнаму ворагу можа толькі згуртаванае грамадства сапраўдных патрыётаў, упэўненых у праваце сваёй справы. Нашы бацькі, дзяды і прадзеды ў барацьбе з ворагам не задумваліся ні на хвіліну, аддаючы сваё жыццё. Яны вызвалілі ад карычневай чумы фашызму не толькі нашу родную Рэспубліку Беларусь, але і многія краіны Еўропы.

Мы ганарымся тым, што з’яўляемся пераемнікамі духоўна моцнага народа, які выжыў у фашысцкіх канцлагерах. Як сказаў Кіраўнік дзяржавы, трэба, учапіўшыся зубамі, захоўваць і трымацца за гістарычную памяць. Бо памяць аб Вялікай Айчыннай вайне, гераізме народа з’яўляецца цэментуючай асновай для грамадства».

Пра спробы Еўропы аддаць забыццю перамогу над фашызмам:

«Сёння ў Еўропе імкнуцца пра гэта не ўспамінаць. Але мы гэта памятаем і заўсёды будзем памятаць. Мы таксама памятаем, што большасць еўрапейскіх дзяржаў разам з Гітлерам ішлі ў тыя дні заваёўваць жыццёвую прастору на Усходзе. Ішлі рабаваць і забіваць. Аднак чым далей сыходзіць у гісторыю пераможны май 45-га, тым больш настойлівымі і цынічнымі становяцца спробы прынізіць ўклад нашага народа ў Вялікую Перамогу над фашызмам. Пры гэтым галоўную ролю адыгрываюць не самі гістарычныя факты, а іх падбор, фальсіфікацыя і маніпуляцыя. Даходзіць да абсурду і адкрытага здзеку над памяццю аб загінуўшых салдатах. Вы самі бачыце, як за граніцай набірае абароты працэс гераізацыі нацысцкіх злачынцаў і іх саўдзельнікаў. Узвялічваюцца здраднікі і памагатыя фашызму. У шэрагу еўрапейскіх краін зносяць помнікі савецкім воінам, апаганьваюць месцы гібелі салдат».

Аб прыярытэтах дзяржаўнай палітыкі і будучыні Беларусі:

«Паслядоўнае прасоўванне дзяржаўнай гістарычнай палітыкі будзе і надалей нашай важнай задачай — стратэгіяй самазахавання і ўстойлівага развіцця. Мы, як і раней, нацэлены на забеспячэнне стабільнасці і міру ў рэгіёне. Залогам гэтага з’яўляецца ў першую чаргу сфарміраваная за 30 гадоў незалежнасць і эфектыўная сістэма нацыянальнай бяспекі. Мір і спакой у нашых дамах — гэта безумоўны прыярытэт у працы ўсяго сілавога блока. Асобна хачу звярнуцца сёння да нашай моладзі, у чыіх руках сёння будучыня. Прашу вас беражліва захоўваць памяць пра іх. Няхай подзвіг герояў, дзядоў і прадзедаў, натхняе вас на новыя здзяйсненні дзеля дастатку і працвітання нашай любімай Рэспублікі Беларусь. Хай заўсёды будзе мірным неба над нашай Бацькаўшчынай!».

Пасля ўрачыстага сходу адбыўся канцэрт. На сцэне выступілі акцёры тэатра і кіно, народныя артысты Беларусі, музычныя ансамблі і творчыя калектывы з розных рэгіёнаў краіны. Канцэртная праграма праходзіла ў фармаце тэатралізаванага дзейства і прысвечана тэме захавання гістарычнай памяці аб Вялікай Айчыннай вайне, пераемнасці пакаленняў і духоўнай сіле.

Алег Шышлоўскі, «Ваяр», фота аўтара і Арцёма Берасценя